КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.​Д.​Гескага і К.​Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.​Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.​Бахун, Д.​Буйноўскай, Р.​Маселбас, Э.​Плюцінскай, А.​Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.​М.​Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),

музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.​Б.​Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.​Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.​Ф.​Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.​Даргамыжскага (1848), «Млада» М.​Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.​Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.​В.​Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.​Аганесяна (1976), «Вій» В.​Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.​У.​Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).

т. 11, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ВКЛ у 15—17 ст. Цэнтр — г. Смаленск. Утворана ў 1404 вял. кн. ВКЛ Вітаўтам замест Смаленскага княства. У ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 С.в. занята ў 1514 маскоўскім войскам, створаны Смаленскі павет. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, калі Смаленшчына была занята войскамі Рэчы Паспалітай, сойм у 1613 аднавіў С.в. ў складзе ВКЛ, што прызнала і Расія ў Дэулінскім перамір’і 1618. С.в. падзялялася на Смаленскі і Старадубскі паветы. У 1638 са Смаленскага пав. перададзены ў Полацкае ваяв. Невельская, Себежская і Краснагорская воласці. У выніку Палянаўскага міру 1634, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у 1634—45 са складу С.в. вылучаны і перададзены Расіі Сярпейская і Трубчэўская воласці. У С.в. насаджалася шляхецкае землеўладанне на ленным праве. У 1633 атрымаў у лен Невельскую і Себежскую вол. К.​Радзівіл. 9 гарадоў С.в. ў 1611—26 атрымалі магдэбургскае права, у Смаленску створаны 4 рамесныя цэхі. У 1654 у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.в. занята рас. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Смаленшчына засталася ў складзе Расіі, аднак паводле «Вечнага міру» 1686 у склад ВКЛ вернуты Невельская і Себежская воласці.

т. 15, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (дзявочае Корхава) Людміла Канстанцінаўна

(н. 23.10.1946, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону, валодае моцным драм. тэмпераментам, сцэн. прывабнасцю. Сярод роляў: у нац. рэпертуары — Зіна («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Рагнеда [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.​Петрашкевіча], Францішка Уршуля Радзівіл («Распуснікі ў пастцы» С.​Кавалёва), княгіня Ганна, каралева Бона («Купала», «Чорная панна Нясвіжа» А.​Дударава), Смерць («Ладдзя Роспачы» паводле У.​Караткевіча), Даміцэля («Прымакі» Я.​Купалы), Сарока («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа); у класічным і сучасным — Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава, гал. прыз міжнар. фестывалю «Белая Вежа» 1999), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Зойка («Зойчына кватэра» М.​Булгакава), Гертруда («Мачыха» А.​Бальзака), Мільянерка («Мільянерка» Б.​Шоу), Соф’я («Тайна адной споведзі» Б.​Васільева), Медэя («Медэя» Л.​Разумоўскай), Лейдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса), мадам Аляксандра («Жульен і Каламба» Ж.​Ануя), Міхалёва («Бег трушком» Э.​Радзінскага), Эма Гамільтан («Лэдзі Гамільтан» Т.​Рэцігана), Рыта («Аргенцінскае танга» Н.​Птушкінай), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка) і інш.

А.​В.​Сабалеўскі.

Л.К.Лаўрыновіч.
Л.Лаўрыновіч у ролі Лейдзі Торэнс.

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.​Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.​Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.​Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,

гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел.-літ. летапісным зводзе (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Яўген Уладзіміравіч (н. 20.9.1959, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1986, клас І.Лучанка, Дз.Смольскага). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1992—96) нац. тэатр.-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла», з 1996 муз. рэдактар Бел. ін-та праблем культуры. У творчасці звяртаецца да сучасных тэхнік кампазіцыі, яго музыка вылучаецца вытанчанасцю гучання. Асн. творы: кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Н.​Гілевіча, Л.​Геніюш (1985), «Званы маёй Русі» на вершы А.​Фета, М.​Рубцова (1986); сімф. паэма «Quo vadis?» (1985), сімфонія «Lux aeterna» памяці Ф.​Скарыны і эскізы «Поразава» (1991) для сімф. арк.; «Музыка для альта і камернага аркестра памяці Станіслава Глякоўскага» (1987), «Dea Luna» (1996), «Барбара Радзівіл» (1999), камерны балет «Людзі святла месяца» (1995); камерна-інстр. — Саната для альта і фп. (1984), «Навела» для гітары і стр. квартэта з керамічнымі званочкамі (1991); канцэрт «Мой ціхі дом» на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Геніюш (1987), цыклы «Пагода ўжо позняй восені» на вершы Л.​Стафа (1998), «Супрасльскай мадонне» на тэксты з Супрасльскага ірмалагіёна (1999) для хору, вак. цыклы на вершы А.​Гаруна, М.​Багдановіча; электронныя творы «Карозія часу», «Лунаючы ў прасторы». Лаўрэат Рэсп. конкурсу, прысвечанага 500-годдзю з дня нараджэння Скарыны (1991), міжнар. конкурсу «Йіглава—2000» (Прага).

Р.​М.​Аладава.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 1672—1705 у г. Слуцк Мінскай вобл. Першая спроба стварыць яе зроблена ў 1665. Распачала дзейнасць на базе княжацкай друкарні Радзівілаў, што перавезена з Мітавы (цяпер г. Елгава, Латвія). У 1693 княгіня Людавіка Караліна Радзівіл перадала друкарню сіноду кальвінісцкай царквы ВКЛ, які перавёў яе ў час Паўн. вайны 1700—21 у г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград, Расія). У С.д. друкаваліся на польскай мове рэліг. кнігі, ваен. і геагр. выданні, маст. творы, календары, навуч. дапаможнікі, мемуары, гравюры, пераклады з ням. і франц. моў. За перыяд 1673—87 выдадзены 23 кнігі тыражом 24 200 экз. Вядома 29 назваў кніг, у т. л. «Абшарнік, або Гаспадар ліфляндскі» І.​Германа (1673), «Неабходныя заўвагі пра ваенны парадак» А.​М.​Фрэдры (1675), «Турэцкая манархія» П.​Рыко ў пер. К.​Клакоцкага (1678) з гравюрамі М.​Вашчанкі, «Руская тэорыя» — падручнік па бел. мове. Тыражы кніг вагаліся ад 82—100 да 3389 экз. Выданні выкарыстоўваліся як падарункі, у Слуцку і Капылі іх прадаваў княжацкі гандляр Цэрнер.

Літ.:

Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI—XVIII вв. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1983. Вып. 4;

Яго ж. Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;

Яго ж. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭ́ЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Існавала ў 1737—1846 у мяст. Урэчча Бабруйскага пав. (цяпер гар. пасёлак Любанскага р-на Мінскай вобл.). Адна з першых мануфактур на Беларусі. Засн. Ганнай Радзівіл. Напачатку наз. люстэркавай мануфактурай. У 1823 працавалі 132 рабочыя. Выпускала ліставое (аконнае) шкло, хрусталёвыя люстры, свечачнікі, люстэркі, жырандолі, кандэлябры, люстраныя насценныя рэфлектары, посуд, дробную пластычную аздобу для посуду і люстраў з хрусталю, каляровага і бясколернага шкла. У 1841—44 працавалі 2 гуты: па вытв-сці люстраў (3 печы) і ліставога шкла і посуду (6 печаў), цэх па вырабе кафлі. Прадукцыя вызначалася высокімі маст. якасцямі. Кіравалі мануфактурай Т.​Шэрбер (1741—65), які ўкараніў у вытв-сць узоры франц., багемскіх і англ. люстэркаў, І.​Малевіч (1804—09). Працавалі дынастыі мясц. майстроў Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў. Вырабы У.ш.м. зберагаюцца ў Дзярж. гіст. музеі (Масква), Эрмітажы (С.-Пецярбург), Музеі этнаграфіі і маст. прам-сці (г. Львоў, Украіна), Нац. музеях Кракава і Варшавы (Польшча).

Літ.:

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Урэцкая шкляная мануфактура: 1 — жырандоль, сярэдзіна 18 ст.; 2 — келіх, 1750—70; 3 — люстэрка, сярэдзіна 18 ст.; 4 — бутлік, 2-я пал. 18 ст.

т. 16, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)