ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ РАДЫ́ ў хіміі,

гомалагічныя шэрагі (ад грэч. homologos адпаведны, падобны), паслядоўнасць арган. злучэнняў з аднолькавымі функцыян. групамі і аднатыпнай будовай, кожны член якой адрозніваецца ад суседняга на пастаянную структурную адзінку (гомалагічная рознасць), найчасцей метыленавую групу —CH2—. Члены гомалагічных радоў наз. гамолагамі. Вядомыя гомалагічныя рады алканаў CnH2n+2 (агульная ф-ла), дзе n — колькасць атамаў вугляроду ў малекуле, алкенаў CnH2n, аднаасноўных насычаных спіртоў CnH2n+1OH і карбонавых к-т Cn H2n+1COOH і інш.

У гомалагічных радах фіз. ўласцівасці мяняюцца параўнальна заканамерна (для вышэйшых гамолагаў розніца ва ўласцівасцях паступова памяншаецца). Гамолагі маюць агульныя хім. ўласцівасці і спосабы атрымання, але ўласцівасці некаторых з іх (найчасцей першых членаў гомалагічных радоў) могуць значна адрознівацца ад тыповых. Вядомыя таксама ізалагічныя рады — паслядоўнасць злучэнняў, якія маюць аднолькавыя функцыян. групы, але адрозніваюцца ўзрастаючай ненасычанасцю (напр., ізалагічны рад этану: этан CH3—CH3, этылен CH2=CH2, ацэтылен CH≡CH); генетычныя рады, якія маюць злучэнні з аднолькавай колькасцю атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі (напр., этан, этылхларыд CH3—CH2Cl, этанол CH3—CH2OH, ацэтальдэгід CH3—CHO, воцатная к-та CH3—COOH). Паняцце гомалагічных радоў і блізкія да іх ізалагічныя і генет. рады выкарыстоўваюць для сістэматызацыі і класіфікацыі злучэнняў у арган. хіміі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),

1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.

2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).

3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.

У.​М.​Сацута.

Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),

украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.​Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.​Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.​Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева і «Вій» В.​Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.

Л.​А.​Сівалобчык.

Я.М.Лысік.
Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.​Пятрова.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала i affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.​Р.​Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс. асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.​Мсціслаўца, 1575, кнігі В.​Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.​Рагаткіна (іканапіс), М.​Свяшчэннікава (чаканка), М.​Смірновай (шыццё бісерам), К.​Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.

С.​І.​Лявонцьева.

Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.
Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.
Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКАЯ ЦАРКВА́, Віцебская царква Звеставання, Віцебская Дабравешчанская царква,

помнік стараж.-рус. дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 12 ст. ў Віцебску, на левым беразе Зах. Дзвіны ў тэхніцы opus mixtum — адзін рад часаных вапняковых блокаў чаргаваўся з 2—3 радамі плінфы. Кампазіцыя складалася з 4-слуповага 3-нефавага аднаапсіднага асн. аб’ёму, да зах. сцяны якога далучаўся нартэкс з хорамі. Храм быў узорам пераасэнсавання візант. буд. традыцыі ў мясц. умовах. Аб удзеле ў буд-ве грэч. дойлідаў, якіх, магчыма, прывезлі ў 1140-я г. полацкія князі (былі сасланы ў Візантыю ў 1129), сведчаць буд. методыка і выкарыстанне футавай метрычнай сістэмы. Будынак меў шэраг асаблівасцей, не ўласцівых арх. школам Русі таго часу: бакавыя нефы заканчваліся паўцыркульнымі нішамі ва ўсх. сцяне, апсіда мела трапецападобную віму (адзіны выпадак ва ўсх.-слав. хрысціянскай архітэктуры), па ўсёй даўжыні храм падзяляўся на амаль аднолькавыя часткі. Вонкавая паверхня сцен была пакрыта цамянкавай абмазкай і раскрэслена белымі палосамі, якія імітавалі квадравую муроўку. У інтэр’еры была фрэскавая размалёўка (не збераглася). Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619, калі яна стала уніяцкай, перад зах. фасадам зроблена прыбудова, завершаная трохвугольным франтонам; закамары на паўд. фасадзе былі знівеліраваны.

У 1714 і 1759 перабудоўвалася і набыла рысы стылю віленскага барока, зах. фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, да паўд. прыбудавана 2-павярховая пабудова з асобным уваходам, купал заменены на сігнатуру над алтаром. Пасля 1862 храм набыў рысы рэтраспектыўна-рус. стылю; былі знішчаны вежы-званіцы, узведзены вялікі драўляны гранёны барабан з цыбулепадобным купалам. У Вял. Айч. вайну храм быў пашкоджаны, у пач. 1960-х г. зруйнаваны. У канцы 1970-х г. праведзена кансервацыя помніка (арх. С.​Друшчыц). З 1992 вядзецца рэстаўрацыя (арх. Г.​Лаўрэцкі).

Г.А.Лаўрэцкі.

Віцебская Благавешчанская царква. Здымак пач. 20 ст.
Віцебская Благавешчанская царква. Фрагмент муроўкі.
Віцебская Благавешчанская царква. Паўднёвы фасад. Праект рэстаўрацыі Г.​Лаўрэцкага.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)