ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),
найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.
У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.Ц.Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.
Літ.:
Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),
від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл.Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.
Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ.«Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.Багушэвіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган, М.Чарот. У гады Вял.Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял.Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.Быкаў, І.Дуброўскі, М.Лынькоў, В.Палтаран, Я.Сіпакоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, І.Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.Гілевіч, У.Глушакоў, Л.Екель, А.Казловіч, Л.Левановіч, У.Ліпскі, С.Шаўцоў, М.Шыманскі, Л.Юнчык, В.Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ РУСЬ,
раннефеадальная дзяржава ўсх.-слав. і некат. неслав. плямён у 9—1-й трэці 12 ст. з цэнтрам у Кіеве. У розны час у яе ўваходзілі тэр. ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўн. Дзвіны, ад Днястра і Зах. Буга да Акі і Волгі. Паняцце «К.Р.» уведзена ў навуку гісторыкамі 19 ст.Паліт. ядром дзяржавы ў 9—10 ст. была Руская зямля — тэрыторыя вакол Кіева, Пераяслаўля і Чарнігава (гл.Русь). Паводле летапісаў, родапачынальнікам дынастыі рус. князёў быў вараг Рурык, які княжыў у Ноўгарадзе па запрашэнні мясц. жыхароў. Яго родзіч Алег у 882 захапіў Кіеў і зрабіў яго сталіцай дзяржавы. У часы княжання Ігара, яго жонкі Вольгі, Святаслава Ігаравіча і Уладзіміра Святаславіча (10 — пач. 11 ст.) улада Кіева пашырылася на шмат якія плямёны ўсх. славян. Полацкае княства, Тураўскае княства былі ў васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў. Культура К.Р. знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавых краін. Сведчаннем гэтага былі вял. гарады, высокае ваен. майстэрства, развітое прыкладное мастацтва, шырокія знешнія сувязі з краінамі Захаду і Усходу. Яе вытокам з’яўлялася культура ўсх.-слав. народаў, якія ўспрынялі элементы візант. культуры. Архітэктура К.Р. пераважна драўляная. З увядзеннем хрысціянства (988) пачалі будавацца мураваныя храмы (Сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку і інш.). Аб пашырэнні пісьменнасці сведчаць надпісы на побытавых рэчах, берасцяныя граматы. У буйных гарадах складаліся летапісы, перапісваліся царк. кнігі, з’явіліся таленавітыя пісьменнікі і арыгінальныя літ. творы. У гады княжання Яраслава Мудрага [1019—54] фактычна завяршылася існаванне К.Р. як адзінай дзяржавы. Пасля яго смерці К.Р. распалася на часткі, утварыліся 5 груп зямель, унутры якіх намеціліся цесныя эканам. і культ. ўзаемасувязі: Наўгародская і Пскоўская землі; Уладзіміра-Суздальская, Разанская, Усцюжская, Мурамская; Кіеўская, Чарнігаўская і Северская; Галіцкая і Валынская; Полацка-Мінская і Смаленская; Тураўская і Пінская, Навагрудская землі. З іх утварэннем у старажытнарускай народнасці намецілася вылучэнне велікарус., укр. і бел. народнасцей. Развіццё сац.-эканам. і этнакульт. сувязей найперш паміж Полацкай і Смаленскай землямі садзейнічала этнаўтварэнню беларусаў.
Літ.:
Греков Б.Д. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;
История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Толочко П.П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Фроянов И.Я. Древняя Русь: Опыт исслед. истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь, IX—XIII стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд.ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял.кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жыліберзасн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт.Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук.мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням.акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЕ ПІСЬМО́, лацінка,
літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел.пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1981—84;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;
Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;
Хатняе зайчанё. Мн., 1998.
Літ.:
Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;
Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел.пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,
выдавецтва Дзярж.к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.», «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.
Галоўныя рэдактары П.У.Броўка (1967—80), І.П.Шамякін (1980—92), М.А.Ткачоў (1992), Б.І.Сачанка (1993—95), Г.П.Лашкоў (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел.пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).