пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,
пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = 2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр.ex; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы,
вобласць, у якой існуюць замкнутыя крывыя, што не сцягваюцца ў пункт у межах гэтай вобласці. Напр., кальцо, дэкартавы каардынаты пунктаў якога задавальняюць няроўнасцям r2<x2+y2<R2, дзе 0<r<R. Гл. таксама Адназвязная вобласць.
Мнагазвязная вобласць (пункцірам пазначана крывая, якую нельга сцягнуць у пункт у межах вобласці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.
Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл.Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл.Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.
Літ.:
Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ.М., 1970;
Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.
А.А.Гусак.
Да арт.Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,
плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t2, у = at3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМАГНЕ́ТЫК,
слабамагнітнае рэчыва, якое намагнічваецца ў знешнім магн. полі ў напрамку поля. Пры адсутнасці знешняга магн. поля намагнічанасць П. роўная нулю. Магнітная ўспрыімлівасць П. невялікая і заўсёды дадатная (гл.Парамагнетызм). Да П. адносяцца: шчолачныя і шчолачназямельныя металы, некаторыя пераходныя металы, солі рэдказямельных элементаў і металаў групы жалеза, водныя растворы солей пераходных металаў, газы кісларод O2 і аксід азоту NO, фера-, феры- і антыферагнетыкі пры т-рах, большых за Нееля пункт ці Кюры пункт.