КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),

птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.

Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.

Крэчат.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.

Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабчык: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Берасцянка (птушка) 2/300; 12/46 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРО́ЎНЫ ГО́ЛУБ (Ectopistes migratorius),

вымерлая птушка сям. галубіных. Да 1880-х г. быў шматлікі ў лісцевых лясах на У Паўн. Амерыкі (ад Паўд. Канады да Паўн. Караліны). Рабіў пералёты вял. чародамі (да некалькіх мільярдаў асобін). Вынішчаны чалавекам у 1890-я г., бо шкодзіў с.-г. культурам і лесу. Апошні вандроўны голуб загінуў у 1914 у заапарку ЗША.

Даўж каля 30 см, размах крылаў да 65 см. Зграбная птушка з доўгім клінападобным хвастом, зверху шаравата-бурая, знізу карычнявата-чырвоная. Самка больш цёмная. Карміўся пераважна жалудамі, каштанамі, рознымі арэхамі. Зімаваў на Пд ЗША.

Вандроўны голуб.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),

птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.

Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.

Жоўтагаловы каралёк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н, грыф,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачварная птушка з арлінай дзюбай і целам ільва. Лічыліся вартавымі залатых радовішчаў.

Грыфон. Фрагмент размалёўкі кратэра. 2-я чвэрць 6 ст. да н.э.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кобчык (птушка) 4/272—273 (укл.); 9/629

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гальштучнік (птушка) 3/321; 5/5; 10/187

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гогаль (птушка) 2/530; 3/526; 4/93

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),

птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.

Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.

Аўдотка.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)