ГРОТ Мікалай Якаўлевіч (30.4.1852, Хельсінкі — 4.6.1899),
расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).
Тв.:
Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;
К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;
О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;
Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;
Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЧЫК Вячаслаў Уладзіміравіч (н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраз зах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРОМ (Fromm) Эрых (23.3.1900, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 18.3.1980),
нямецкі і амерыканскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; прадстаўнік неафрэйдызму. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1922). З 1929 у Ін-це сац. даследаванняў (Франкфурт-на-Майне). З 1933 у ЗША. Выкладаў у Ін-це псіхааналізу ў Чыкага, у Калумбійскім, Іельскім, Мічыганскім ун-тах. З 1945 у Ін-це псіхіятрыі. У 1951—67 у Нац. ун-це (Мехіка). З 1974 у Швейцарыі. Паводле яго філасофіі, асоба з’яўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяння паміж прыроджанымі патрэбнасцямі і ўплывам культуры, сац. норм і прадпісанняў. Лічыў, што неад’емнай рысай чалавечага існавання ў сучасным «хворым» грамадстве з’яўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэнне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Раскрыў шляхі, якія выкарыстоўваюцца людзьмі для пераадолення гэтых пачуццяў («уцёкаў ад свабоды»); аўтарытарызм (празмерная залежнасць ад знешніх сіл, кантроль над інш. людзьмі), дэструктыўнасць (знішчэнне або пакарэнне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасці, абсалютнае падпарадкаванне сац. нормам і правілам). На яго думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадства ляжыць праз маральнае абнаўленне, творчую працу, духоўнае ачышчэнне чалавека, раскрыццё яго здольнасцей. Распрацаваў канцэпцыю «сац. характару», асн. тыпы якога: рэцэптыўны (пасіўнасць, даверлівасць); эксплуатуючы (эгацэнтрызм, агрэсіўнасць); накапляльны (жаданне авалодаць матэрыяльнымі дабротамі і ўладай, кансерватыўнасць); рыначны (асоба як тавар, неразборлівасць у сродках дасягнення мэты, духоўная апустошанасць); прадуктыўны (незалежнасць, здольнасць для творчага мыслення, любові, працы). Лічыў, што людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласці дасканалае грамадства — «гуманістычны абшчынны сацыялізм».
Тв.:
Рус.пер. — Душа человека. М., 1992;
Искусство любви. М., 1996;
Бегство от свободы;
Человек для себя. Мн., 1998;
Анатомия человеческой деструктивности. Мн., 1999;
Величие и ограниченность теории Фрейда. М.; Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН Міхаіл Міхайлавіч (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́НЕР (Skinner) Берэс Фрэдэрык (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),
амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл.Нац.АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.Толмен, К.Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;
Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;
Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́НСЕР (Spencer) Герберт (27.4.1820, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 8.12.1903),
англійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; адзін з пачынальнікаў пазітывізму, дарвінізму сацыяльнага, арганічнай школы ў сацыялогіі, прадстаўнік асацыянізму. У 1837—41 працаваў інжынерам на чыгунцы. У 1848—53 супрацоўнічаў у час. «Economist» («Эканаміст»). Філас. погляды С. фарміраваліся пад уплывам А.Конта, Д.Юма, Дж.С.Міля, кантыянства, натурфілас. ідэй Ф.В.Шэлінга і шатландскай школы. Пад філасофіяй разумеў максімальна абагульненыя веды, заснаваныя на канкрэтных навуках. Падзяляў свет на пазнавальнае і непазнавальнае і лічыў, што навуцы даступна пазнанне толькі падабенства і адрозненняў паміж з’явамі, а не іх сутнасць. Стрыжань вучэння С. — вучэнне пра ўсеагульную эвалюцыю. Пад эвалюцыяй разумеў бесперапынны рух цялесных часцінак, які прыводзіць да росту ўнутр. дыферэнцыяцыі і адначасова да інтэграцыі. Эвалюцыянізмам тлумачыў усе з’явы — ад неарганічных да сац. і маральных. Свядомасць разглядаў як працэс, які развіваецца ад бязладнай гамагеннасці да гетэрагеннасці і выконвае функцыю адаптацыі арганізма да асяроддзя. Асн. элементамі свядомасці лічыў адчуванні і эмоцыі, якія шляхам ускладнення ператвараюцца ў прадукты вышэйшага парадку. Дынаміку псіхічных працэсаў тлумачыў прынцыпам асацыяцый: асацыяцыі, звязаныя з пачуццём задавальнення, замацоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленням, а звязаныя з адмоўнымі пачуццямі — нівеліруюцца. Сац. структуру грамадства трактаваў па аналогіі з пабудовай і функцыяй жывога арганізма. На яго думку, сац. арганізм складаецца з 3 сістэм: рэгулятыўнай (сац. кантроль, паліт. кіраванне), вытворчай і размеркавальнай. Сутнасць грамадскага прагрэсу бачыў у дасягненні асобай найб. свабоды і звядзенні да мінімуму механізмаў сац. кантролю і кіравання, у пераходзе ад мех. прымусу індывідаў да іх арган. аб’яднання на аснове агульных інтарэсаў. Выступаў супраць ідэй сацыялізму, рэвалюцыю лічыў небяспечнай хваробай сац. арганізма. Вучэнне С. паўплывала на развіццё сучаснай сацыялогіі (культурантрапалогія, сацыябіялогія, структурна-функцыянальны аналіз) і псіхалогіі (параўнальна-псіхал. даследаванні паводзін, функцыянальная псіхалогія).
Тв.:
Рус.пер. — Синтетическая философия. Киев, 1997;
Основания психологии // Ассоциативная психология. М., 1998;
Опыты научные, политические и философские. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНГ (Jung) Карл Густаў (26.7.1875, Кесвіль, каля Базея — 6.6.1961),
швейцарскі псіхолаг, псіхіятр і філосаф культуры; заснавальнік аналітычнай псіхалогіі. Атрымаў мед. адукацыю ў Базелі, працаваў з 1890 у псіхіятрычным шпіталі ў Цюрыху пад кіраўніцтвам Э.Блейлера. Абараніў доктарскую дысертацыю «Аб псіхалогіі і паталогіі так званых акультных феноменаў». У 1907 пасля сустрэчы з З.Фрэйдам стаў адным з яго актыўных паслядоўнікаў. Быў першым старшынёй Міжнар. псіхааналітычнай асацыяцыі (1911—14). Разрыў з Фрэйдам у 1913 прывёў Ю. да стварэння ўласнай версіі псіхааналітычнага вучэння. У сваёй аналіт. псіхалогіі ён прыйшоў да высновы. што ў суб’екта пераважае калект. бессвядомае, уласцівае ўсім народам і культурам, якое праяўляецца ў выглядзе архетыпаў. У яго разуменні гіпатэтычная, няўяўная і невыразная рацыянальнымі сродкамі мадэль знаходзіць сваё ўвасабленне ў бессвядомых калект. уяўленнях, снах, міфалагічных матывах і вобразах («Метамарфозы і сімвалы лібіда», 1912). Ю. аналізаваў архетыпы Маці, Персоны, Ценю, Анімы (жаночы пачатак у мужчыны), Мудрага Старца, якія, паводле яго сцвярджэння, адыгрываюць ролю ў развіцці міфаў, казак, маст. твораў. Найважн. значэнне ён надаваў самарэалізацыі, індывідуацыі як цэласнасці свядомай і бессвядомай душы, самапазнанню і самасцвярджэнню свайго ўласнага «Я» ў жыцці. Ю. крытыкаваў сучасную тэхн. цывілізацыю і масавае грамадства за адмаўленне ад традыцый, культуры і абязбожвання свету, лічыў, што бескантрольнае ўварванне «калектыўнага бессвядомага» здольна прывесці да паяўлення лжэпрарокаў кшталту Гітлера, Мусаліні, Сталіна і іх таталітарных сістэм. З пазіцыі аналіт. псіхалогіі пабудаваў тыпалогію базальна-індывідуальных псіхал. тыпаў экстравертаў (псіхаэнергетыка выплюхваецца ў знешні свет) і інтравертаў (псіхаэнергетыка накіравана ўнутр). У межах гэтых тыпаў ён вылучыў мыслячыя і пачуццёвыя, рацыянальныя і ірацыянальныя тыпы. З пазіцый псіхааналіт. культуралогіі Ю. прааналізаваў творчасць І.В.Гётэ, Дантэ, Р.Вагнера, Дж.Джойса, Ф.Ніцшэ, П.Пікасо, мастакоў-кубістаў. Ён зрабіў таксама істотны ўплыў на творчасць Т.Мана, Г.Гесэ, К.Карэньі, М.Эліядэ і інш. пісьменнікаў, фізікаў В.Паўлі, Э.Шродынгера. Аўтар прац «Аб псіхалогіі неўсвядомленага» (1943), «Псіхалогія і выхаванне» (1946), «Пра карані свядомасці» (1952) і інш.
аўстрыйскі псіхіятр і псіхолаг, заснавальнік псіхааналізу. Скончыў Венскі ун-т. Д-р медыцыны (1881). Праф. Венскага ун-та (1902). У 1902 заснаваў т-ва «Псіхалагічныя серады» (з 1908 Венскае псіхааналіт. т-ва). З 1938 у Вялікабрытаніі.
Распрацаваў шэраг метадаў лячэння хворых неўрозамі, якія склалі тэрапеўтычную частку псіхааналізу: метад-катарсіс, заснаваны на выяўленні ў стане гіпнозу бессвядомых псіхічных траўмаў з мэтай вызвалення ад іх пацыента; метад вольных асацыяцый (аналіз выкладзеных пацыентам думак і адчуванняў, вызваленых ад унутр. цэнзуры: сумлення, сораму, імкнення да ветлівасці, самапавагі і інш.); метады аналізу снабачанняў сненняў*, памылковых дзеянняў, абмовак пацыента і інш. («Даследаванне істэрыі», 1895, з І.Броерам; «Псіхапаталогія паўсядзённага жыцця», 1901). Развіваў тэорыю бессвядомых памкненняў, згодна з якой у аснове ўсіх свядомых псіхічных працэсаў ляжаць бессвядомыя. Сярод бессвядомых працэсаў вылучаў інстынктыўныя сексуальныя памкненні — лібіда. На яго думку, незадаволеныя сексуальныя памкненні выклікаюць пакуты, якія выцясняюцца ў бессвядомае, але ўплываюць на свядомасць і паводзіны чалавека. Сцвярджаў, што выцесненыя незадаволеныя сексуальныя памкненні могуць выклікаць неўрозы, часам адыгрываюць станоўчую ролю шляхам сублімацыі — пераўтварэнне энергіі гэтых памкненняў у творчасць. Акрамя базіснага сексуальнага памкнення (лібіда) вылучаў дэструктыўныя, агрэсіўныя памкненні, якія, на яго думку, параджаюць 2 тыпы энергіі: стваральную («Эрас») і разбуральную («Танатас»). Развіваў псіхадынамічную тэорыю асобы («класічны псіхааналіз»), паводле якой структура псіхікі асобы ўключае 3 кампаненты («інстанцыі»): «ід» («Яно») — фундамент псіхікі, крыніца псіхічнай энергіі, якая складаецца з сукупнасці бессвядомых сексуальных і агрэсіўных памкненняў; «эга» («Я») — сукупнасць пераважна ўсвядомленых пазнавальных і выканаўчых функцый псіхікі; «суперэга» («Звыш-Я») — частка псіхікі, якая змяшчае сац. нормы, устаноўкі, маральныя каштоўнасці грамадства. Паводле Ф., канфлікт паміж «інстанцыямі» псіхікі прыводзіць да псіхічных захворванняў. Выцясненне і сублімацыю лічыў «ахоўнымі механізмамі», якія здымаюць напружанасць канфлікту паміж кампанентамі псіхікі. Імкнуўся да пашырэння сферы псіхааналізу на з’явы міфалогіі і рэлігіі («Татэм і табу», 1913; «Будучыня адной ілюзіі», 1927; «Майсей і монатэізм», 1939), культуры («Незадаволенасць у культуры», 1930), маст. творчасці, грамадства і інш. Вучэнне Ф. стала адной з вядучых дактрын 20 ст.; яно паўплывала на развіццё псіхалогіі і псіхіятрыі, л-ры і мастацтва, сацыялогіі, культуралогіі, педагогікі і інш.Гл. таксама Неафрэйдызм, Фрэйдызм.
Тв.:
Рус.пер. — Психология бессознательного. М., 1990;
Леонардо да Винчи. Л., 1991;
Психоаналитические этюды. Мн., 1999;
Психоанализ. Религия. Культура. М., 1992;
О психоанализе: Пять лекций;
Методика и техника психоанализа. СПб., 1997;
Остроумие и его отношение к бессознательному;
Страх;
Тотем и табу. Мн., 1999;
Психоанализ и теория сексуальности. СПб., 1998;
Очерки по психологии сексуальности. Мн., 1999;
Толкование сновидений. Мн., 2000;
Введение в психоанализ: Лекции. СПб., 2001; По ту сторону принципа удовольствия; Я и Оно. М.; Харьков, 2003.
Літ.:
Джонс Э. Жизнь и творения Зигмунда Фрейда: Пер. с англ.М., 1997;
Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997. С. 105—160;
Энциклопедия глубинной психологии. Т. 1. Зигмунд Фрейд: Жизнь. Работа. Наследие. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЙКО́ЎСКІ Пётр Ільіч (7.5.1840, г. Воткінск, Удмурція — 6.11.1893),
рускі кампазітар; дырыжор. Чл.-кар. Акадэміі прыгожых мастацтваў у Францыі (1892). Ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага ун-та (1893). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1865, вучань А.Рубінштэйна, М.Зарэмбы). У 1866—77 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1878 займаўся пераважна кампазітарскай дзейнасцю, з 1887 сумяшчаў яе з дырыжорскай. Майстар-сімфаніст, муз. драматург, тонкі псіхолаг, раскрыў у музыцы ўнутр. свет чалавека: ад лірычнай задушэўнасці да глыбокай трагедыі; стварыў вышэйшыя ўзоры опер, балетаў, сімфоній, камерных твораў. Як оперны драматург і сімфаніст паўплываў на кампазітараў розных школ і кірункаў (А.Глазуноў, Г.Малер, М.Мяскоўскі, С.Рахманінаў, А.Скрабін, С.Танееў, Дз.Шастаковіч і інш.). Сярод твораў: оперы, у іх ліку на сюжэты рас. жыцця «Яўген Анегін» («лірычныя сцэны», паст. 1879; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1933, 1936, 1940, 1948, 1954, 1986), «Чарадзейка» (паст. 1887; у т-ры оперы і балета Беларусі 1958), «Пікавая дама» (паст. 1890; у т-ры оперы і балета Беларусі 1934, 1941, 1948, 1960, 1972, 1983); з рас. і зах.-еўрап. гісторыі «Апрычнік» (паст. 1874), «Арлеанская дзева» (паст. 1881), «Мазепа» (паст. 1884; у т-ры оперы і балета Беларусі 1952); жыццесцвярджальная фантазійная «Іаланта» (паст. 1892; У т-ры оперы і балета Беларусі 1952, 1975, 1993); лірыка-камед. «Каваль Вакула» (паст. 1876; 2-я рэд. «Чаравічкі», паст. 1887; у т-ры оперы і балета Беларусі 1949) і інш. Наватар у галіне балета, у якім музыка — вядучы кампанент балетнай драматургіі: «Лебядзінае возера» (паст. 1877; у т-ры оперы і балета Беларусі 1938, 1948, 1967, 1978, 1986), «Спячая прыгажуня» (паст. 1890; у Нац. т-ры балета Беларусі 1954, 1970, 1990, 2000), «Шчаўкунок» (паст. 1892; у т-ры оперы і балета Беларусі 1956, 1982). Да сусв. шэдэўраў належаць 4—6-я сімфоніі (1877—93), праграмная сімфонія «Манфрэд» (1885), уверцюра-фантазія «Рамэо і Джульета» (1869), фантазія «Франчэска да Рыміні» (1876), «Італьянскае капрычыо» (1880), 3 канцэрты для фп. з арк. (1875—93), канцэрт для скрыпкі з арк. (1878), «Варыяцыі на тэму ракако» для віяланчэлі з арк. (1876), фп. трыо «Памяці вялікага мастака» (1882), рамансы. Аўтар перакладаў для фп. ў 4 рукі 50 рус.нар. песень са зборнікаў К.Вільбаа і М.Балакірава (1868—72), рэдактар зборніка рус. песень, сабраных В.Пракуніным. Выступаў як крытык. У т-ры оперы і балета Беларусі на музыку Ч. паст. балет «Серэнада» (1993). З 1958 у Маскве раз у 4 гады праводзіцца Міжнар. конкурс яго імя.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—63. М., 1940—90;
Полн. собр. соч.Т. 2—17. Лит. произв. и переписка. М., 1953—81.
Літ.:
Чайковский М. Жизнь П.И.Чайковского. Т. 1—3. М.;
Лейпциг, 1900—02;
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 2. М., 1954;
Орлова Е.М. П.И.Чайковский. М., 1980;
Вайдман П.Е. Творческий архив П.И.Чайковского. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГЕ́НЕЎ Іван Сяргеевіч (9.11.1818, г. Арол, Расія — 3.9.1883),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1833—34), скончыў Пецярбургскі ун-т (1837). Літ. дзейнасць пачаў як паэт — рамант. вершы і паэма «Сцяно» (нап. 1834, апубл. 1913). На фарміраванне яго літ.-эстэт. поглядаў паўплываў В.Бялінскі. Пад уплывам натуральнай школы напісаў паэму «Памешчык» (1846), аповесць «Петушкоў» (1848), пачаў развенчваць рамантычнага, «дэманічнага» героя (аповесці «Андрэй Коласаў», 1844; «Тры партрэты», 1846; «Брэтэр», 1847). У цыкле апавяданняў «Запіскі паляўнічага» паказ духоўных якасцей і адоранасці рус. сялянства, паэтызацыя прыроды. У гогалеўскіх традыцыях напісаны п’есы «Безграшоўе» (1846), «Нахлебнік» (1848, апубл. 1857), «Месяц у вёсцы» (1855), «Снеданне ў прадвадзіцеля» (паст. 1849) і інш. Сацыяльныя, маральныя і духоўныя праблемы ў аповесцях «Муму» (1854), «Заезны дом» (1855). У лірыка-філас. аповесцях «Дзённік лішняга чалавека» (1850), «Паездка ў Палессе» (нап. 1853—57), «Зацішша» (1854), «Якаў Пасынкаў» (1855), «Перапіска», «Фауст» (абедзве 1856), «Ася» (1858), «Першае каханне» (1860) тып «лішняга чалавека», псіхалагічна глыбокія жаночыя характары, гісторыі трагічнага, нераздзеленага кахання. У рамане «Рудзін» (1856) тэма «лішняга чалавека» раскрыта глыбей і шырэй. Адно з найвялікшых яго маст. дасягненняў — раман «Дваранскае гняздо» (1859). У аснове рамана «Напярэдадні» (1860) думка пра неабходнасць свядома-гераічнай асобы. Раман «Бацькі і дзеці» (1862) пра ідэйныя, сац., філас., эстэт. спрэчкі 1860-х г. Пазней у творах Т. з’явіліся песімістычныя настроі (аповесці «Здані», 1864; «Даволі», 1865; раман «Дым», 1867). У перыяд народніцкага руху вярнуўся да вобраза «лішняга чалавека» (аповесць «Веснавыя воды», 1872) і гераічнай тэмы (раман «Новае», 1877). У кн. «Вершы ў прозе» (ч. 1, 1882) роздум над жыццём, сутнасцю паэзіі. Т. — мастак-рэаліст, тонкі псіхолаг, пранікнёны лірык. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. л-ры. У 19 — пач. 20 ст. ўрыўкі з яго твораў перадрукоўваліся ў газетах, што выходзілі на Беларусі. Шырока адзначыла бел.дэмакр. грамадскасць яго юбілейныя даты. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апублікаваны ў газ. «Наша ніва». З 1860-х г. п’есы Т. вядомы бел. гледачу. Іх паказвалі мясц. і прыезджыя тэатр. калектывы; п’есы «Нахлебнік», «Безграшоўе» і «Месяц у вёсцы» былі і ў рэпертуары бел. аматарскіх калектываў. Інсцэніроўкі рамана «Напярэдадні» былі ўвасоблены на сцэнах Бел.т-ра імя Я.Коласа (1950), Гродзенскага абл.драм.т-ра (1952), рамана «Дваранскае гняздо» — абл.драм. т-раў Брэсцкага (1950) і Пінскага (1953), п’еса «Месяц у вёсцы» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1996). На Бел. тэлебачанні паводле твораў Т. паст. фільмы «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Зацішша» (1982), «Бацькі і дзеці» (1984). Творчасць пісьменніка даследавалі бел.літ.-знаўцы А.Вазнясенскі, І.Замоцін. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі Я.Сіпакоў, Я.Шарахоўскі, У.Шахавец, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. [1—28]. М., 1960—68;
Полн. собр. соч.: В 30 т. Т. [1—24], 2 изд. М., 1978—2001;
Бел.пер. — Выбр. апавяданні. Мн., 1947;
Апавяданні. Мн., 1937;
Апавяданні. Мн., 1939;
Запіскі паляўнічага. Мн., 1951;
Рудзін;
Напярэдадні. Мн., 1952;
Вершы ў прозе. Мн., 1994.
Літ.:
Замоцін І. І.С.Тургенеў // Зап. Ін-та літаратуры і мастацтва БелАН. 1934. Кн. 2;
Пустовойт П.Г. И.С.Тургенев — художник слова. М., 1980;
И.С.Тургенев в воспоминаниях современников. Т. 1—2. 2 изд. М., 1983;
Муратов А.Б. Тургенев-новеллист (1870—1880-е г.). Л., 1985;
Роман И.С. Тургенева «Отцы и дети» в русской критике. Л., 1986;
Вишневская И.Л. Театр Тургенева: (Некоторые пробл. интерпретации классики на сов. сцене). М., 1989;
Набоков В.В. Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев: Пер. с англ.М., 1998;