РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаўнапр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.​Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,

вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.

Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.

Т.​В.​Валодзіна.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІ ў Расіі,

рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас. дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),

найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;

Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬТ АСОБЫ,

празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл. Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл. Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССР найб. поўна праявіўся К.а. І.​В.​Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯ́МАНТ НА СМЕРЦЬ ЛЯВО́НА КАРПО́ВІЧА»,

«Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича», помнік бел. літаратуры 17 ст. Паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620. Прысвечана памяці бел. царк.-рэліг. дзеяча і пісьменніка-прапаведніка эпохі барока Л.Карповіча.

Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Карповіча праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Карповіча перарастае ў паэме ва ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Вобраз гал. героя пададзены ў духу жыційнай л-ры і ўзняты да ўзроўню ідэальнага хрысц. святога. Заключная частка «Ляманту...» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: ад імя нябожчыка паэт заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нац.-рэліг. традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы бел. народа з феад.-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнёным лірызмам, яркай, паэт.-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: спалучэнне ўзнёслага і будзённага, кніжнага стылю з жывой бел. мовай, вобразаў ант. і біблейскай міфалогіі; выкарыстанне тыпова барочных эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметна харэічнай яго аснове.

Літ.:

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992. С. 76—92, 150—164.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш.асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел. нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел. нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.​Падгорскага-Аколава, Ц.​Абрамовіча, Е.​Плютовіча, Т.​Маславецкага, А.​Казлоўскай і інш., з лац. — М.​К.​Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).

Тв.:

Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;

Рус. пер. — Брестская уния 1596. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКЛЁНЫ, кленічы, кляты,

устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.

Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час. Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.

Публ.: Выслоўі / Склад. М.​Я.​Грынблат. Мн., 1979.

Літ.:

Нікіфароўскі М.Я. Напаўпрыказкі-напаўпрымаўкі // Зап. аддз. гуманіт. навук. Кн. 4. Пр. катэдры этнаграфіі. Мн., 1928. Т. 1, сш. 1;

Federowski M. Lud białoluski. T. 1. Kraków, 1897;

Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Warszawa, 1938;

Moszyński K. Kultura ludowa słowian. T. 2: Kultura duchowa. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1967.

Л.​М.​Салавей.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)