АНТРЭПРЫ́ЗА (франц. entreprise),
прыватнае відовішчнае прадпрыемства (тэатр, цырк і інш.), якое створана і ўзначальваецца антрэпрэнёрам.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́Я ПЕРАВО́ЗКІ,
перамяшчэнне грузаў рознымі сродкамі транспарту. Адрозніваюць унутрывытв. грузавыя перавозкі, якія тэхналагічна звязаны з вытв-сцю прадукцыі ў межах асобнага прадпрыемства, і нар.-гасп. — перавозкі прадукцыі ў сферы абарачэння ад вытворцаў да спажыўцоў або непасрэдна (транзітныя пастаўкі), або праз склады доўгатэрміновага захоўвання і гандл. сетку (паўторныя перавозкі). Аб’ём грузавых перавозак (вымяраецца ў тонах) абумоўлены аб’ёмам вытворчасці прадукцыі і імпарту і каэфіцыентам паўторнасці перавозак, г.зн. колькі разоў адна і тая ж тона прадукцыі перавозіцца ад прадпрыемства-вытворца да пунктаў спажывання.
т. 5, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ДО́СЛЕДНЫ ЗАВО́Д «НЁМАН».
Створаны ў 1984 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як спец. канструктарскае тэхнал. бюро (СКТБ) з доследнай вытв-сцю «Нёман» НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1988 пачала працаваць першая чарга прадпрыемства, СКТБ рэарганізавана ў доследны з-д «Нёман» па зборцы, рэгуліроўцы і здачы доследных узораў спецтэхнікі. З 1993 галаўное прадпрыемства па асваенні і выпуску аўтобусаў маркі ЛіАЗ-5256. Асн. прадукцыя (1999): аўтобусы гарадскія і прыгарадныя вял. умяшчальнасці, газагарэлачныя блокі Л-1Н для газавых катлоў тыпу «Факел», тавары нар. спажывання.
т. 9, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад ням. rentabel даходны, прыбытковы),
эканамічны паказчык, які характарызуе ўзровень эфектыўнасці затрат і выкарыстання рэсурсаў у выніку вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі. Вызначаецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і выяўляе суадносіны паміж прыбыткам (звычайна чыстым) і затрачанымі сродкамі, выручкай ад рэалізацыі ці актывамі прадпрыемства (фірмы, кампаніі). У залежнасці ад мэты разліку вылучаюць Р.: асобных відаў прадукцыі, рэалізацыі, актываў, уласнага капіталу, інвестыцый. Р. асобных відаў прадукцыі вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад адзінкі прадукцыі і яе сабекоштам; разлічваецца пры вызначэнні цаны і ў аналіт. мэтах. Р. рэалізацыі (абароту) вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі ад рэалізацыі; характарызуе ўзровень прыбытку прадпрыемства ад пэўнага аб’ёму абароту. Для вызначэння ступені эфектыўнасці выкарыстання капіталу разлічваюць Р. актываў — суадносіны паміж прыбыткам і сукупнымі актывамі; Р. чыстых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і чыстым актывам; Р. бягучых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і бягучымі актывамі. Гэтыя паказчыкі вызначаюць аддачу, якая прыпадае на рубель адпаведных актываў; характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці прадпрыемства ў параўнанні з сярэднегаліновымі паказчыкамі. Узровень прыбытковасці прадпрыемства для акцыянераў вызначаюць пры дапамозе Р. ўласнага капіталу — суадносіны паміж прыбыткам і ўласным капіталам; характарызуе прыбытак, які прыпадае на рубель уласнага капіталу пасля выплаты працэнтаў за крэдыт і падаткаў (прыбытак, які знаходзіцца ў распараджэнні акцыянераў). Пры аналізе інвестыцыйных праектаў выкарыстоўваюць Р. інвестыцый — суадносіны паміж даходамі і інвестыцыйнымі расходамі; характарызуе ўзровень прыбытку інвестара (фірмы), які прыпадае на рубель інвестыцый.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХУНКАВО́ДСТВА,
вядзенне рахункаў, у якіх адлюстроўваецца рэальны фін. стан прадпрыемства. Адна з асн. частак бухгалтарскага ўліку.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНАЎЛЕ́ННЕ,
у Расійскай імперыі: 1) пастанова, указ імператара, закон.
2) Установа, фірма, прадпрыемства (напр., Крэдытныя ўстанаўленні).
т. 16, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МАСТА́ЦКА-ВЫТВО́РЧЫ КАМБІНА́Т,
прадпрыемства Мастацкага фонду Беларусі ў 1967—91. Створаны на базе маст.-афармленчых майстэрняў. Выконваў заказы па стварэнні твораў усіх відаў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, манум. і манум.-дэкар. работы, тыражаваў творы графікі і дэкар.прыкладнога мастацтва. Меў філіялы ў Барысаве, Вілейцы, Капылі, Маладзечне, Салігорску, Слуцку.
Камбінатам выкананы работы вял. грамадскага і маст. значэння: Манумент Перамогі, помнікі Я.Купалу, Я.Коласу, М.Багдановічу. М.Горкаму, афармленне Музея гісторыі Вял. Айч. вайны, літ. музеяў Я.Купалы і Я.Коласа. Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, кінатэатра «Масква», гасцініцы «Планета», стадыёна «Дынама», станцый метрапалітэна (усе ў Мінску), мемар. комплексы Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Курган Славы Сав. Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, Манумент у гонар сав. маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Ф.Скарыне ў Полацку, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, афармленне шэрагу жылых, грамадскіх і вытв. пабудоў, рэсп. і замежных выставак і інш. Пасля некалькіх рэарганізацый з яго структуры вылучыліся Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» і прадпрыемства «Мастацкі камбінат».
т. 10, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІЯ ЗАТРА́ТЫ,
расходы прадпрымальніка, звязаныя з заснаваннем і арганізацыяй прадпрыемства, набыццём асн. сродкаў для яго функцыянавання. Уключаюць расходы на заснаванне, рэгістрацыю кампаніі (атрыманне ліцэнзіі, расходы на падпіску і размеркаванне каштоўных папер, адкрыццё рахунку) і «першасныя» затраты, г. зн. расходы, неабходныя для таго, каб пачаць работу прадпрыемства (рэклама, маркетынгавыя даследаванні); расходы на павелічэнне акц. капіталу — на эмісію аблігацый, прэміі па аблігацыях, набыццё нерухомасці. З.з. павінны быць пакрыты ў як мага больш кароткі тэрмін, яны не ўлічваюцца як актывы кампаніі і не прымаюцца ў разлік пры яе лігаідацыі.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,
унутраныя магчымасці прадпрыемства (аб’яднання) больш эфектыўна выкарыстоўваць свае матэрыяльныя, фін., тэхн., энергет. і прац. рэсурсы з мэтай павелічэння аб’ёму вытв-сці прадукцыі, паляпшэння яе якасці і росту ўнутранага вытв. накаплення. Звязаны з рэжымам эканоміі наяўных рэсурсаў, скарачэннем іх страт. Для выяўлення Р.в. робіцца тэхніка-эканам. аналіз вытворча-гасп. дзейнасці прадпрыемства (аб’яднання) ці яго падраздзяленняў. Вынікі аналізу абагульняюцца і параўноўваюцца з вынікамі дзейнасці інш. падраздзяленняў (прадпрыемстваў), выяўляюцца прычыны, якія стрымліваюць рост эфектыўнасці вытв-сці. Паводле аналізу распрацоўваюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па выкарыстанні выяўленых рэзерваў.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1931 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. у сутоках рэк Дняпро і Ведрыч як прадпрыемства «Суднаверф», дзе будавалі і рамантавалі драўляныя несамаходныя баржы. У Вял. Айч. вайну прадпрыемства разбурана. Пасля аднаўлення будавалі драўляныя, з 1956 метал. баржы. З 1979 — сучасная назва. З-д рэканструяваны, уведзены ў эксплуатацыю блок цэхаў, аснашчаны сучасным абсталяваннем, перадавымі тэхналогіямі. У пач. 1990-х г. з-д супрацоўнічаў з галанд. фірмамі, будавалі судны тыпу «рака—мора». Асн. прадукцыя (2001): буд-ва і рамонт несамаходных метал. суднаў, выраб нестандартнага абсталявання.
т. 14, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)