СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),
універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.Шэлінг, Ф.Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.Г.Юнг). Ням. філосаф Э.Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д.Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАТЭМА́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1959 у Мінску на базе матэм. лабараторый Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі (існаваў у 1955—59). Да 1965 наз.Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі. У ін-це 13 аддзелаў, аспірантура, дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; выліч матэматыка і матэм. мадэляванне, матэм. кібернетыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання. Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і груп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана Малера праблема; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэм. фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і выліч. геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматпараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфм. групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа. Ін-т выдае міжнар.час. «Дифференциальные уравнения». У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.П.Яругін, Дз.А.Супруненка, У.І.Крылоў, Я.А.Барбашын, С.А.Чуніхін, У.Г.Спрынджук, У.П.Платонаў, чл.-кар. Э.І.Груда, А.Я.Залескі, працуюць акад. Нац АН Беларусі І.В.Гайшун (дырэктар з 1992), М.А.Ізобаў, чл.-кар. Ф.М.Кірылава, Л.А.Яновіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КСІЯ (ад позналац. reflexio абарачэнне назад, адлюстраванне),
прынцып мыслення, накіраваны на асэнсаванне суб’ектам уласнага духоўнага свету; прадметны перагляд ведаў, крытычны аналіз іх зместу і метадаў пазнання. Адрозніваюць індывідуальную Р., накіраваную на спасціжэнне чалавекам уласных ведаў, учынкаў, іх межаў і значэння; навуковую Р., вынікам якой з’яўляецца асэнсаванне і крытычны аналіз тэарэт. ведаў, атрыманых пры дапамозе метадаў і прынцыпаў, уласцівых пэўнай галіне навукі; філасофскую Р., накіраваную на пазнанне межаў мыслення і чалавечай культуры наогул.
Праблема Р. паўстала яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Сакрат акцэнтаваў ролю Р. ў пазнавальнай дзейнасці. Платон і Арыстоцель лічылі Р. неад’емным атрыбутам божага розуму. У сярэдневяковай філасофіі Р. разглядалася як самавыяўленне «разумовай энергіі» Бога. Як асн. метадалагічны прынцып філасофіі Р. ўсталявалася з 17 ст. Р.Дэкарт трактаваў Р. як спосаб спасціжэння сапраўдных асновапалажэнняў свядомасці. Дж.Лок лічыў Р. крыніцай пазнання, якая мае пачуццёвы, эмпірычны характар. У процілегласць Локу Г.Лейбніц бачыў у Р. крыніцу вышэйшай формы ведаў і характарызаваў яе як выключна інтэлектуальны працэс. І.Кант у сваёй трактоўцы Р. аб’яднаў погляды Лока і Лейбніца: лічыў, што Р. складаецца з пачуццёвага і разумовага сузірання. Г.В.Ф.Гегель разглядаў Р. як унутр. форму развіцця гіст. самасвядомасці і самаразвіцця культуры. З канца 19 ст. ў вырашэнні праблемы Р. існуюць супрацьлеглыя погляды: абсалютызацыя ролі Р. як спосабу аналізу свядомасці (фенаменалогія, неакантыянства) і крытыка Р. як неадэкватнай крыніцы самапазнання чалавека (Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, М.Хайдэгер, Ж.Дэрыда).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),
навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.
Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш Цэнтр.праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.
Літ.:
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;
Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;
Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),
філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.Геснера і Э.Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял.Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел.пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕНЕ́ЎТЫКА (грэч. hermēneutikē ад hermēneuō растлумачваю, тлумачу),
майстэрства тлумачэння стараж.рэліг. і гіст. тэкстаў; вучэнне аб прынцыпах іх інтэрпрэтацыі, якое спалучала асновы багаслоўя і філалогіі.
2) Вучэнне аб разуменні тэкстаў твораў, метадалагічная аснова гуманітарных навук. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Узнікла ў эпоху элінізму ў сувязі з даследаваннем класічных тэкстаў. Найб. развіццё як метадалагічны прыём атрымала ў рамках экзегетыкі пры тлумачэнні тэкстаў Бібліі і іх пачуццёва-літаральнага сэнсу. З пачаткам фарміравання ў эпоху Адраджэння класічнай філалогіі, незалежнай ад тэалогіі, герменеўтыка выступала як майстэрства перакладу помнікаў мінулай ант. культуры на мову жывой, сучаснай культуры. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Як агульнафілас. праблема герменеўтыкі пастаўлена ў раннім ням. рамантызме Ф.Шлегелем і распрацавана Ф.Шлеермахерам. Як метад уласна гіст. інтэрпрэтацыі далей распрацоўвалася прадстаўнікамі т.зв.гіст. школы (Л.Ранке, І.Г.Дройзен, В.Дзільтэй). У 1920-я г. паступова выпучылася ў адну з асн. метадалагічных працэдур у рамках уласна экзістэнцыялізму (Э.Гусерль, М.Хайдэгер), а потым і ва ўласна філасофскай герменеўтыцы (Г.Г.Гадамер, Ю.Хабермас). У 1960—70-я г. праблемы герменеўтыкі распрацоўвалі П.Рыкёр, Т.Кун, Э.Карэт, Э.Гайнтэль і інш. Пры ўсіх адрозненнях варыянтаў філас. герменеўтыкі агульнымі яе рысамі з’яўляюцца недавер да непасрэднага сведчання свядомасці, да абвешчанага Р.Дэкартам прынцыпу непасрэднай верагоднасці самапазнання і зварот да «ўскоснага сведчання» аб жыцці, свядомасці, якія ўвасабляюцца не столькі ў логіцы, колькі ў мове.
Літ.:
Михайлов А.А. Современная философская герменевтика. Мн., 1984;
Рикер П. Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью: Пер. с фр.М., 1995;
Szondi P. Einführung in die literarische Hermeneutik. Frankfurt-am-Main, 1975;
Hermeneutics and Modern Philosophy. New York, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУП ТЭО́РЫЯ,
раздзел алгебры, які вывучае ўласцівасці алгебраічных аперацый, што найчасцей сустракаюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях; выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. раздзелах навукі (асабліва пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі). Канчатковая мэта груп тэорыі — апісаць усе магчымыя групавыя аперацыі (гл.Група). Асновы груп тэорыі закладзены Э.Галуа (1831).
Першыя тэарэмы груп тэорыі даказаны Ж.Лагранжам у канцы 18 ст., а потым А.Кашы, Н.Абелем і інш. Напачатку груп тэорыя вывучала канечныя групы падстановак, у канцы 19 — пач. 20 ст. — канечныя групы з элементамі любой прыроды, а потым і бясконцыя і тым самым стала на абстрактны, аксіяматычны шлях развіцця і стала прыкладам для перабудовы ў пач. 20 ст. алгебры і ўсёй матэматыкі. Груп тэорыя падзяляецца на шэраг вял. раздзелаў, якія найчасцей вылучаюцца дастатковымі ўмовамі на групавую аперацыю (канечных груп тэорыя, абелевых груп тэорыя, нільпатэнтных груп тэорыя, пераўтварэнняў груп тэорыя, выяўленняў груп тэорыя і інш.) ці ўнясеннем у групу дадатковых структур, звязаных пэўным чынам з групавой аперацыяй (тапалагічных, алг. і ўпарадкаваных груп тэорыя і інш.). Асн.праблема груп тэорыі — класіфікацыя простых канечных груп, якія адыгрываюць ролю «будаўнічых блокаў» адвольнай групы; лічыцца, што такая класіфікацыя створана, аднак да сучаснага моманту (1997) дакладна выверанага тэксту яе няма.
У Беларусі сістэм. даследаванні па груп тэорыі пачалі Дз.А.Супруненка (1945; групы падстановак і матрыц), С.А.Чуніхін (1953; канечныя групы); зараз даследаванні вядуцца пад кіраўніцтвам У.П.Платонава (тапалагічныя і лінейныя алг. групы, мнагастайнасці груп), Л.А.Шамяткова (тэорыя фармацый), А.Я.Залескага (выяўленні лінейных алг. груп).
Літ.:
Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.