ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.

Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн. дзес. з 3,8 млн. чал. Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ. гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУЖЭ́ЙНАЯ ПАЛА́ТА ў Маскве,

1) дзярж. ўстанова на тэр. Маскоўскага Крамля ў будынку, пабудаваным у 1851 арх. К.​А.​Тонам. Упершыню ўпамінаецца ў 1547 як сховішча зброі, у 1640 пры ёй створана іканапісная, у 1683 — жывапісная майстэрні, уваходзіла палата разьбяных і сталярскіх спраў; у 1700 у Аружэйную палату ўліліся Залатая і Сярэбраная палаты. У ёй праводзіліся заняткі па маст. рамястве, іканапісе і жывапісе, працавалі жывапісцы І.​А.​Безмін, С.​Ф.​Ушакоў, І.​Уладзіміраў, гравёр А.​Ф.​Зубаў і інш. У 2-й пал. 17 ст. сярод майстроў палаты былі выхадцы з Беларусі: Хрыстафор Абросімаў, Пётр Абросімаў, Восіп Андрэеў, Іван Андрэеў, Арсеній, Сцяпан Іванаў (Палубес), Фёдар Мікулаеў, Максім Сямёнаў, Восіп Якаўлеў і інш. Бел. майстры выраблялі кафлю, зброю, аздаблялі яе арнаментальнымі ўзорамі, працавалі па серабры, рабілі па-мастацку аформленыя сталы, шафы, троны, крэслы, вырэзвалі іканастасы, чаканілі рэльефы на раках, упрыгожвалі разьбой карэты і інш. Бел. майстры ўпершыню прынеслі ў Рус. дзяржаву ажурна-аб’ёмную т.зв. флемскую разьбу, узбагацілі тэхніку вырабу шматкаляровай паліванай кафлі, наладзілі выраб буйных маёлікавых арх. дэталяў, стваралі рэльефныя выявы, блізкія да рэальных памераў чалавека. Бел. майстры ўпрыгожвалі арх. помнікі Масквы, Каломенскага, Ізмайлава, Разані і інш. У 1711 жывапісная школа закрыта, а майстры пераведзены ў Пецярбург. У 1720 Аружэйная палата аб’яднана з інш. царскімі майстэрнямі Крамля, з 1726 стала сховішчам каштоўных прадметаў.

2) Старэйшы рас. музей, створаны ў 1806. З 1960 у складзе Дзярж. музея Маскоўскага Крамля ў б. патрыяршых палатах на вул. Разіна. У Аружэйнай палаце прадстаўлена дэкар.-прыкладное мастацтва Расіі, Візантыі, Зах. Еўропы і шэрагу краін Пярэдняй Азіі 5 — пач. 20 ст., захоўваюцца рэдкія калекцыі старадаўняй маст. зброі (13—18 ст.), калекцыі залатога і сярэбранага посуду, тканін і адзення (14—19 ст.), дары паслоў, рэчы царскага і княжацкага ўжытку, ювелірныя вырабы і інш.

Літ.:

Писарская Л., Мартынова М. Оружейная палата. 6 изд. М., 1987.

Аружэйная палата. 1848−51.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ (Мікалай Пятровіч) (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.​А.​Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.​Ф.​Калайдовіча і П.​М.​Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш. слав. народаў, у т. л. «Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.​Ф.​Крузенштэрна і Ю.​Ф.​Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.​Я.​Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л. Рас. АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн. б-ка (з 1925 Б-ка СССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Лукашэвіч.

М.П.Румянцаў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,

навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл. Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.

У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч. г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).

З.​А.​Пастухова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр. Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел. нац. камісарыята, рэдактар газ. «Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж. выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл. ЦБ КП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл. ЦК КП(б)Б (1927—29), чл. ЦВК БССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.

Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, А.​Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.

Тв.:

Зб. тв: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 1987—89;

Вершы. Мн., 1967;

Насустрач сонцу: Выбр. апавяданні. Мн., 1978.

Літ.:

Клачко А.М. Цішка Гартны: (Крытыка-біягр. нарыс). Мн., 1961;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд. Мн., 1963. С. 35—40;

Стральцоў М. Жыццё ў слове. Мн., 1965. С. 83—101;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 126—153;

Яго ж. Кнігі і людзі. Мн., 1976. С. 126—153;

Успаміны пра Цішку Гартнага. Мн., 1984.

Ц.Гартны.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял. кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;

Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬ,

горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.​Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс. ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс. чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).

І.​Ю.​Януш (гісторыя).

Герб Лепеля. 1852.
Лепель. Плошча Свабоды.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)