ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),
комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.П.Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІПЧУ́К Пётр Аляксеевіч (19.1.1914, с. Леніна Жытомірскай вобл., Украіна — 5.11.1979),
украінскі паэт, публіцыст, перакладчык. Засл. работнік культуры Украіны (1974). Працаваў на рудніках Данбаса, настаўнічаў. Аўтар сатыр. і гумарыстычных зб-каў «Байкі» (1944), «Людаеды» (1945), «Калоссе і Чартапалох» (1957), «За і супраць» (1963), «Размаляваны слуп» (1964), «Юшка з перцам» (1967), «Смехам па ліху» (1970). На ўкр. мову пераклаў некат. вершы і байкі Я.Купалы. На бел. мову асобныя байкі С. пераклалі У.Паўлаў і Э.Валасевіч.
т. 15, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕГМА́ТЫК (ад грэч. phlegma слізь),
адзін з асн. тыпаў тэмпераменту; чалавек, які характарызуецца (паводле Гіпакрата) нізкім узроўнем псіхічнай актыўнасці, маруднасцю, невыразнасцю мімікі і слабым знешнім выяўленнем пачуццяў. Яму ўласцівы спакойны, роўны настрой, які звычайна вызначаецца пастаянствам; ён цяжка пераключаецца з аднаго віду дзейнасці на іншы і цяжка прыстасоўваецца да новых абставін. Пры неспрыяльных умовах у Ф. можа развіцца вяласць, схільнасць да выканання аднастайных прывычных дзеянняў. І.П.Паўлаў лічыў, што Ф. — моцны, ураўнаважаны, але інертны тып нервовай сістэмы.
т. 16, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦУ Павел Пятровіч (14.7.1933, с. Прыазёрнае Кілійскага р-на Адэскай вобл. — 17.11.1987),
малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. Ін-т (1956). Аўтар зб-каў вершаў «Зямля бацькоў» (1959), «Мацерыкі» (1967), «Дом у Буджаку» (1973; Дзярж. прэмія Малдавіі 1974), «Клятва» (1981), у якіх — этыка-маральныя праблемы, унутраны свет сучасніка. Выступаў як крытык, публіцыст. Вершы паэта, прысвечаныя Беларусі, у кн. «Веравызнанне» (1963). На бел. мову творы Боцу перакладалі М.Аўрамчык, Г.Бураўкін, Х.Жычка, У.Паўлаў, Ю.Свірка (у кн. «Табе, Беларусь», 1968; «Далягляды», 1976, і інш.).
т. 3, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́К (сапр. Казлоўскі) Іван Андрэевіч
(29.2.1892, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 1943),
рускі паэт і перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага т-ва сялянскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1913. Для ранняй творчасці характэрны гераічныя матывы. Аўтар зб-каў баек «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1933). На рус. мову перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. Яго творы на бел. мову перакладалі Э.Валасевіч, У.Паўлаў.
Тв.:
Избранное М., 1958.
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРТА́ Іван Захаравіч (22.11.1893, в. Бяседавічы Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.12.1937),
бел. дзярж. дзеяч; адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі. Акад. АН Беларусі (1936). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1918), Ін-т чырв. прафесуры (1932). У 1933 нам. наркома асветы Беларусі, з 1933 нарком аховы здароўя Беларусі, у 1936—37 прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях метадалогіі і гісторыі прыродазнаўства. Рэпрэсіраваны ў 1937 і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
І.П.Паўлаў і яго вучэнне // Зап. Бел. Акад. навук. 1936. Кн. 5.
т. 15, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНЕ́Й Яўген Яўгенавіч (9.6.1890, г. Ернут, Румынія —6.6.1971),
расійскі мастак кіно. Нар. арт. СССР (1969). Вучыўся на арх. ф-це Політэхн. ун-та і ў Будапешцкай АМ. У кіно з 1924. У творчасці выкарыстоўваў рамант. і рэаліст. традыцыі жывапісу, па-майстэрску перадаваў святло. Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Пірагоў» (з С.Малкіным, 1947), «Акадэмік Іван Паўлаў» (з А.Векслерам, 1949), «Дон Кіхот» (1957), «Гамлет» (1964) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Літ.:
Кузнецова В. Е.Еней. [Л.;
М., 1966].
т. 18, кн. 1, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́РМАЛАВІЦКІ БОЙ 1943,
аперацыя партызан 113-га (камандзір К.М.Белавусаў), 121-га (А.М.Касаеў), 61-га (Р.К.Паўлаў) атрадаў па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Ермалавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 28—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў вузлавым сярод тых, што забяспечвалі рух на шашы Магілёў—Бялынічы, ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім р-нах. Аперацыя распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай раённай ВАГ. Партызаны акружылі вёску і нечакана ўварваліся ў гарнізон, захапілі вял. колькасць боепрыпасаў, зброі, амуніцыі, знішчылі значную колькасць жывой сілы ворага.
т. 6, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́НІКАЎ Іван Фёдаравіч (парт. псеўд. Паўлаў, Паўлуша, Густаў, Аркаша, Юрка; 11.9.1905, г. Віцебск — 9.4.1985),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1922 працаваў у паравозных майстэрнях Віцебска. У 1927—29 у Чырв. Арміі. У 1929—30 на камсам. і прафс. рабоце. З кастр. 1930 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: заг. ваен. аддзела ЦК, сакратар Віленскага акр. к-та, інструктар ЦК КПЗБ, у 1932—37 чл. ЦК, Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат II з’езда КПЗБ (1935), VI з’езда Кампартыі Польшчы (1932). У 1937—56 неабгрунтавана рэпрэсіраваны, працаваў на Д. Усходзе. У 1956—57 на сав. рабоце ў Мінску.
т. 15, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУЛА́ВА Хута Міхайлавіч (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),
грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)