КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в.Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.
Літ.:
Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;
Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.
французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,
выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЮ́К (сапр.Бут Павел Міхнавіч; ? — 19.4.1638),
кіраўнік казацка-сял. паўстання на Украіне супраць польскіх феадалаў у 1637—38. Казак Запарожскай Сечы, у 1635 разам з І.Сулімай на чале нерэестравых (якія не былі на службе ў караля Рэчы Паспалітай) казакоў узяў польскую крэпасць Кадак. У 1637 у якасці гетмана нерэестравых казакоў узначаліў антыфеад. і нац.-вызв. паўстанне, якое ахапіла пераважна Левабярэжную Украіну. 16.12.1637 каля с. Кумяёк (цяпер Чаркаскай вобл.) казацка-сял. войска пацярпела паражэнне ад арміі Рэчы Паспалітай на чале з польным гетманам М.Патоцкім і пазней капітулявала. П. і інш. кіраўнікі паўстанцаў пакараны смерцю ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы ПаспалітайАўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.
Тв.:
Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.
Літ.:
Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАРАЖЫ́ТНЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ ПА ГІСТО́РЫІ ПО́ЛЬШЧЫ, ЛІТВЫ́ І СУСЕ́ДНІХ КРАІ́Н»
(«Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae gentiumque finitimarum historiam illustrantia»),
археаграфічнае выданне дакументаў з Ватыканскага архіва па гісторыі Польшчы і ВКЛ 11—18 ст. Падрыхтавана гісторыкам царквы А.Тайнерам, выдадзена ў 4 тамах у Рыме ў 1860—64. Змешчаны лісты рымскіх пап да каралёў Польшчы і вял. князёў ВКЛ, вял. магістраў Нямецкага ордэна, біскупаў, абатаў і інш. асоб у гэтых краінах, інструкцыі папскім нунцыям у Польшчы і Рэчы Паспалітай і рэляцыі ад іх у Рым, лісты ад манархаў і інш. асоб да рымскіх пап; матэрыялы справаводства Рэчы Паспалітай па рэліг. пытаннях. Матэрыялы выдання асвятляюць становішча каталіцкай царквы ў Польшчы і ВКЛ, увядзенне і ўмацаванне каталіцтва ў Літве, міжнар. адносіны ВКЛ, падрыхтоўку і правядзенне уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі, рэліг. барацьбу ў Рэчы Паспалітай у 16—18 ст., дзейнасць Радамскай, Барскай, Слуцкай, Тарунскай, Таргавіцкай і інш. канфедэрацый. Усяго надрукавана каля 3 тыс. дакументаў, у асн. на лацінскай, італьянскай і французскай мовах. Большасць крыніц надрукавана ўпершыню. Дакументы размешчаны ў храналагічным парадку. Змешчаны геаграфічна-імянныя паказальнікі, архіўныя шыфры, але археаграфічныя каментарыі адсутнічаюць.