ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс. км². Найб. глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб. в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВАЕ МО́РА (Corel Sea),

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. каля берагоў Аўстраліі, паміж а-вамі Новая Гвінея, Саламонавымі, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, рыфам Фрэдэрык. Пралівам Торэса звязана з Індыйскім ак. Пл. 4068 тыс. км². Найб. глыб. 9174 м. Шматлікія каралавыя астравы і рыфы, у т. л. Вял. Бар’ерны рыф. Дно моцна расчлянёнае. Цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, на зах. ускраіне якога бярэ пачатак Усх.-Аўстралійскае цячэнне. Т-ра вады на Пд ад 19 °C у жн. да 24 °C у лют., на Пн да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 7,2 м). Гал. парты: Кэрнс (Аўстралія), Порт-Морсбі (Новая Гвінея), Нумеа (Новая Каледонія).

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА-МАНШ (франц. La Manche),

Англійскі канал (англ. English Channel), праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак. Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб. глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Мехісо; Golfo de Méjico),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж Скандынаўскім п-вам і а-вамі Шэтлендскімі, Фарэрскімі, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы. Абмывае зах. берагі Нарвегіі. Пл. 1340 тыс. км². Найб. глыб. 3970 м. Аддзелена ад Атлантычнага ак. падводным хрыбтом, на якім размешчаны Фарэрскія і Шэтлендскія а-вы; найб. глыб. над хрыбтом не перавышае 600 м. Каля берагоў Нарвегіі водмелі (Лафатэнскія банкі і інш.). Т-ра вады ў лют. 2—7 °C, у жн. 8—12 °C. Салёнасць 34—35,2%». Праз Н.м. ідзе цёплае Нарвежскае цячэнне, якое абумоўлівае яго незамярзальнасць. Прылівы паўсутачныя (да 3,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Тронхейм, Нарвік, Тромсё (Нарвегія).

т. 11, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РЫО (Ontario),

возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраў Паўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс. км². Даўж. 311 км, шыр. да 90 км. Глыб. да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс. км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р. Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж. да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р. Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).

Г.​Я.​Рылюк.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),

паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА (Lake Superior),

возера ў сістэме Вялікіх азёр Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс. км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУ́РЫЯ (Liguria),

вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)