КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,

тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),

1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.

2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.

На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.

Т.​В.​Габрусь.

Крыпта.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНСТКА́МЕРА (ад ням. Kunstkammer кабінет рэдкасных рэчаў, музей). збор гіст., маст., прыродазнаўчанавук. і інш. калекцый рэдкасцей, а таксама памяшканне для іх захоўвання. У 16—17 ст. К. стваралі пры княжацкіх і каралеўскіх дварах. Пад такой назвай у Пецярбургу на базе асабістых калекцый цара Пятра I засн. найстарэйшы рас. музей (1714, адкрыты ў 1719). У 1724 увайшла ў склад рас. АН і ператворана ў комплексны музей, з 1727 размешчана ў спец. будынку, у 1830-я г. падзелена на анат., этнагр., бат., заал. і інш. музеі.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.

Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.​С.​Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА (ад лац. camera пакой, палата),

1) асобнае памяшканне спец. прызначэння, напр., К. захоўвання багажу, знаходжання зняволеных.

2) Закрытая прастора ў якой-н. машыне ці прыладзе, напр., іскравая камера, камера згарання рухавіка.

3) Гумавая абалонка, куды напампоўваюць паветра (пад пакрышкай кола, мяча).

4) Назва фатагр. ці кіназдымачнага апарата.

5) Падземная горная вырабатка параўнальна вял. папярочных памераў і малой даўжыні. Прызначаецца для размяшчэння абсталявання, гасп., сан. ці інш. мэт.

6) Асноўны агрэгат ракетнага рухавіка, дзе патэнцыяльная энергія рабочага цела пераўтвараецца ў кінетычную энергію выхаднога газавага струменя для стварэння рэактыўнай цягі. У хім. рухавіка складаецца з К. згарання і рэактыўнага сапла.

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,

бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.​К.​Стэльмах), І.​Ф.​Бяляева і групы сав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.​С.​Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер. асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.​Я.​Чырлін), А.​Ф.​Каваленкі, І.​Р.​Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.​А.​Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУСКНЫ́ КАЛО́ДЗЕЖ,

полая замкнёная звычайна жалезабетонная канструкцыя, якая апускаецца ў грунт ад уласнай вагі і агароджвае грунтавую выпрацоўку. Бывае круглай (дыяметрам да 80 м), эліптычнай ці прамавугольнай у плане формы. Грунт унутры апускнога калодзежа распрацоўваецца пераважна грэйферам, таксама экскаватарам, гідраэлеватарам. У малазвязных грунтах і пясках апусканне калодзежа паскараюць вібраўстаноўкамі, у гліністых — напампоўваннем паміж сценкамі калодзежа і грунтам гліністай суспензіі. Выкарыстоўваюцца апускныя калодзежы пры збудаванні глыбокіх масіўных фундаментаў (70 м і болей), падземных памяшканняў, рэзервуараў і інш. Калі апускны калодзеж прызначаецца пад фундамент, то запаўняецца бетонам ці замуроўваецца, калі пад памяшканне (напр., помпавую станцыю) — робіцца днішча.

Апускны калодзеж: 1 — цалкам запоўнены бетонам (калодзеж-апора); 2 — часткова запоўнены бетонам (калодзеж—заглыбленае збудаванне).
Выманне грунту з апускнога калодзежа грэйферам.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЎНО́ЎСКІ КАСЦЁЛ БЛАГАВЕ́ШЧАННЯ,

помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Засн. ў 1590 М.​К.​Радзівілам і Г.​Э.​Вішнявецкай у в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст., у 2-й пал. 17 ст. прыбудавана цагляная вежа. Рэстаўрыраваўся ў пач. 18 ст., вежа заменена новай.

Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай накрыты высокім 2-схільным дахам. Да апсіды з бакоў прымыкаюць прамавугольныя сакрысціі. 3-ярусная вежа на гал. фасадзе (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — 8-гранны) накрыта высокім шатром. Сцены ўмацаваны рытмічна размешчанымі вертыкальнымі контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Асн. памяшканне злучана з апсідай арачным праёмам.

А.​А.​Ярашэвіч.

Дзераўноўскі касцёл Благавешчання.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).

2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп. Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)