ВЕРФ
(галанд. werf),
1) прадпрыемства, на якім будуюць ці збіраюць судны. На суднабудаўнічых верфях вырабляюць карпусы суднаў, манціруюць абсталяванне, якое паступае з інш. прадпрыемстваў. На судназборачных верфях карпусы суднаў збіраюць з дэталей, якія пастаўляюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, манціруюць абсталяванне. У склад верфі уваходзяць корпусабудаўнічыя цэхі, стапелі або докі, прычальныя збудаванні (пірс), кранавыя ўстаноўкі, майстэрні і інш. На Беларусі з 1785 да пач. 19 ст. працавала Крычаўская суднаверф. Працуюць верфі на суднабудаўніча-рамонтных з-дах у Пінску і Гомелі (гл. таксама Суднабудаванне).
2) Памяшканне, дзе будуюць дырыжаблі.
т. 4, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)