БАЛІСТЫ́ТЫ,

адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленгліколь дынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.

Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЕЛ,

незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЯРА́НІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 21.3.1937, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1973 у Брэсцкім тэхн. ун-це (у 1979—87 заг. кафедры, з 1991 кіраўнік лабараторыі «Пульсар»), Навук. працы па праблемах гарэння розных відаў паліва, цепламасаабмену і асновах энергазберажэння. Выявіў слаявое пульсуючае гарэнне і ўстанавіў для яго фазавыя суадносіны. Даследаваў асаблівасці абдзімання паліва пульсуючым патокам, прапанаваў канструкцыі энергазберагальных апаратаў і машын.

Тв.:

Технологическое пульсационное горение. М., 1993 (у сааўт.);

Основы энергосбережения. Брест., 1998;

Инженерно-техническое оборудование зданий. Мн., 2000 (разам з В.​М.​Яромскім, М.​І.​Кірылюком).

т. 14, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРЫ́ЙНАСЦЬ,

1) энергетычная каштоўнасць харч. прадуктаў або рацыёнаў харчавання: колькасць энергіі, акумуляваная ў пажыўных рэчывах. Выражаецца ў кіладжоўлях або кілакалорыях на 100 г ежы.

2) К. паліва, тое што цеплата згарання.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЬЦО́ЎСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1910—25 у маёнтку Жыльцы Гарадоцкага пав. (цяпер вёска ў Віцебскім р-не). Былі 4 паравыя машыны (66 к.с.). У 1913 працавала 390 рабочых. На паліва выкарыстоўваўся торф.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ШОЎКАКРУЦІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1894—1913 у Альбярціне. Вырабляла аснову і ўток для тканіны. У 1897 працавалі 210 рабочых; у 1910 працаваў 141 рабочы і 51 пастаўляў сыравіну і паліва.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.

Тв.:

Герметичные электронасосы для химически активных жидкостей: Конструкция, испытания, эксплуатация. Мн., 1989;

Энергетика завтрашнего дня. Место в ней энергетики Беларуси // Финансы, учет, аудит. 1997. № 1.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),

прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.

Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл. Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

В.​А.​Сяргеенка.

Карбюратар аўтамабільны: 1 — паветраная заслонка; 2 — ігольчасты клапан; 3 — паплаўковая камера; 4 — бензін; 5 — дросельная заслонка; 6 — асноўны паветраны паток.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІЛА́Т,

сумесь ізапарафінавых высокаактанавых вуглевадародаў (у асн. C6—C9). Вадкасць, tкіп 40—180 °C, шчыльн. (0,69—0,71)∙10​3кг/м³. Асн кампанент — ізаактан (60%). Выкарыстоўваецца як кампанент высокаактанавага паліва для павышэння дэтанацыйнай стойкасці бензіну.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)