ЛАПІ́НСКЕНЕ (Lapinskiené) Альма Пранаўна (н. 26.2.1946, в. Паюрышкяй Клайпедскага пав., Літва),
літоўскі літаратуразнавец, перакладчык. Д-р гуманіт. н. (1985). Скончыла Вільнюскі ун-т (1969). З 1970 у Ін-це літ. л-ры і фальклору. Даследуе літ. л-ру пісьменнікаў Вільнюса міжваеннага перыяду, а таксама бел.-літ. літаратурныя сувязі ад часоў старажытнасці да сучаснасці (кн. «Перазовы сяброўскіх галасоў», з А.Мальдзісам, 1988). Аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, В.Ластоўскага і інш. Пераклала на літ. мову аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Караткевіча, раманы «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі, кнігу апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад», асобныя творы У.Арлова, А.Разанава і інш.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ Леанід Васілевіч (13.12.1927—2.3.1991),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тэатр. студыю пры Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1950). Акцёр гэтага т-ра, з 1960 у Маскоўскім драм. т-ры імя Пушкіна, з 1965 у Т-ры імя Массавета, у 1986—87 у Малым т-ры. Выканальніцкае майстэрства было адметнае эмацыянальнай яркасцю, унутр. сілай. Іграў герояў пераважна складанага лёсу: Парфірый Пятровіч («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага, 1969), Аляксей Арлоў («Царскае паляванне» Л.Зорына, 1977) і інш. З 1972 здымаўся ў кіно: «Рускае поле» (1972), «І гэта ўсё пра яго» (1977, паводле В.Ліпатава), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Ганна Паўлава» (1983), «Дзіцячы сад» (1984), «Змеялоў» (1985) і інш.
т. 10, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр. Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.
т. 11, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЭ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі на тэр. Польшчы і Беларусі (бас. рэк Віслы, Нёмана, Прыпяці) у сярэдзіне 9 — пач. 8-га тыс. да н.э. Назва ад помніка каля в. Свідры-Вельке (Польшча). У самастойную культуру вылучыў у 1923 польскі археолаг Л.Казлоўскі. Плямёны жылі ва ўмовах тундры. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. аленя. Стаянкі кароткачасовыя адкрытага тыпу, жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбленыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Інвентар — наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, скоблі, адна- і двухпляцовачныя нуклеусы. Большасць прылад выраблялі з пласцін. Насельніцтва С.к. стала генетычнай асновай сожскай (днепра-дзяснінскай), нёманскай, бутаўскай і кундскай мезалітычных культур лясной паласы еўрап. часткі былога СССР.
У.П.Ксяндзоў.
т. 14, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАСО́ШНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.
т. 17, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollack) Сідні (н. 1.7.1934, г. Лафеет, штат Індыяна, ЗША),
амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Скончыў Тэатр. школу ў Нью-Йорку. Дэбютаваў як акцёр у фільме «Ваеннае паляванне» (1962). Першая рэжысёрская работа — псіхал. драма «Тонкая ніць» (1965). Паставіў фільмы: «Загнаных коней прыстрэльваюць, ці не праўда?» (1969), «Такімі мы былі» (1973), «Якудза» (1974), «Тры дні Кондара» (1975), «Без злоснага намеру» (1981), «Тутсі» (1982), «З Афрыкі» (1985, прэмія «Оскар» 1986), «Гавана» (1990), «Фірма» (1993), «Сабрына» (1995), «Павуціна маны» (1999) і інш. Для яго рэжысуры характэрна спалучэнне напружанага дзеяння з дакладнай распрацоўкай характараў. Зняўся ў фільмах: «Тутсі», «Гулец», «Мужы і жонкі», «Смерць ёй да твару», «З шырока закрытымі вачыма» і інш.
т. 18, кн. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЧЫК Марат Казіміравіч (н. 10.9.1962, в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1985), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас А.Генералава). З 1990 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага, прыгожага тэмбру, роўным ва ўсіх рэгістрах. Выконвае партыі пераважна драм. плана. Сярод лепшых партый: Свеціловіч («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Іешуа, Майстар («Майстар і Маргарыта» Я.Глебавай Ленскі, Вадэмон («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Паміна («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герцаг, Рычард («Рыгалета», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя Глінкі (1991, Алматы), дыпламант міжнар. конкурсу «Новыя імёны» (1991, Германія).
Н.Я.Бунцэвіч.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́СІМАЎ Аляксандр Міхайлавіч (н. 8.10.1947, Масква),
дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Карсар» А.Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча (1994).
Н.В.Кузняцова.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
т. 4, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)