ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,

электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.

Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн. га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.

Літ.:

Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;

Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш. нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.

У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна ​2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 см шыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш. бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на Пд Еўропы. Пл. 149 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 1100 км, шыр. 130—300 км. На Пн абмежаваны Паданскай нізінай, на У абмываецца Адрыятычным, на Пд — Іанічным, на З — Тырэнскім і Лігурыйскім морамі. Берагі парэзаны слаба, больш расчлянёныя ў паўд. ч. (п-вы Калабрыя, Саленціна, Гаргана). Большая ч. Апенінскага паўвострава занята сярэдневышыннымі маладымі складкавымі гарамі Апенінамі. Уздоўж усх. і зах. ўзбярэжжаў невял. палосы хвалістых раўнін. На ПдЗ раён стараж. і сучаснага вулканізму і землетрасенняў (Везувій, Флегрэйскія палі і інш.). Паўд. ч. Апенінскага паўвострава займаюць Калабрыйскія горы. Карысныя выкапні: буры вугаль, ртуць, пірыты, баксіты, мармур, тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, з гарачым летам і дажджлівай зімой, у гарах — рысы ўмеранага і халоднага. Рэкі (асн. Тыбр, Арна) кароткія, летам моцна мялеюць. Для расліннасці гор характэрна вышынная пояснасць, лісцевыя лясы і міжземнаморскія вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); на нізінах — культ. ландшафты: палі пшаніцы, вінаграднікі, алейныя і фруктовыя плантацыі (апельсіны, лімоны, міндаль, масліны і інш.). Жывёльны свет: воўк, серна, казуля, куніца, ласка, вавёрка; шмат паўзуноў і птушак. На Апенінскім паўвостраве дзяржавы: большая ч. Італіі, Сан-Марына і Ватыкан.

А.​М.​Баско.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІКС (англ. comics ад comic камічны, смешны),

серыя паслядоўна размешчаных малюнкаў з уключанымі ў іх невял. тэкстамі, якая стварае закончанае апавяданне; адзін з пашыраных жанраў масавай культуры. Дыялогі звычайна кампануюцца ў спецыфічныя для К. «аблокі», якія цягнуцца з рота персанажаў, зрэдку пішуцца пад малюнкам.

Вытокі К. ў гравіраваных ілюстрацыях 15 ст. Як спецыфічная галіна графікі вядомы з сярэдзіны 19 ст. ў работах некаторых еўрап. мастакоў. Канчаткова сфарміраваўся ў канцы 19 ст. ў ЗША, дзе ў гумарыстычных часопісах, ілюстраванай л-ры і прэсе пачалі ствараць «палосы» К. Паступова з’явіліся і самаст. брашуры-К. З пач. 1930-х г. у К. актыўна выкарыстоўваюцца тэмы і прыёмы кінематаграфіі (буйны план, контражур і інш). У 2-й пал. 1960-х г. пад уплывам хіпі пашырыліся вострасатыр. паліт. К.

Сучасныя К. паводле тэматыкі падзяляюцца на гумарыстычныя, казачныя, фантаст., міфалагічныя, К. «жахаў», «вестэрны» і інш. Часта К. ў спрошчаным выглядзе перадаюць змест літ. твораў, фільмаў, выдумляюць новыя прыгоды для іх персанажаў. На аснове некаторых папулярных К. (напр., «Бэтмэн») ствараюцца кінафільмы. На Беларусі ў выглядзе К. нярэдка афармляюцца кароткія апавяданні і сатыр. гісторыі ў часопісах, кнігах для дзяцей.

С.​У.​Пешын.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТКА металаў,

спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.

Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як ​3/4 усёй выплаўленай сталі.

Літ.:

Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;

Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.

В.​І.​Шагун.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 — пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Летні жаночы гарнітур складалі пераважна 2 варыянты-комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геам. (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона-малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) — гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух-трыпольнік шылі з 3 белых полак палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын — чапец, намітка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў даматканая хустка. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі са стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі-шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор — каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка. Мужчынская і жаночая вопратка — белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкамі тасьмы і шнура.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Магілёўскі строй. Сялянкі ў традыцыйным летнім адзенні. Вёска Заходы Шклоўскага раёна. 1903.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)