1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст.н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.
2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст.вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.
3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.
4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКІ ДАБРАВЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у г. Супрасль (Польшча). Засн. ў 1498 навагрудскім ваяводам і маршалкам ВКЛ А.І.Хадкевічам пры ўдзеле архіепіскапа смаленскага Іосіфа ў родавай сядзібе Хадкевічаў у Гарадкуна-Супраслі, у 1500 перанесены ва ўрочышча Сухі Груд. У 1501 пабудавана царква Іаана Багаслова (згарэла ў 1650). У 1503 архіепіскап Іосіф перадаў манастыру Супрасльскі абраз Маці Божай і ахвяраваў яму ў 1506 зямельную маёмасць у Бельскім пав. У 1510 пабудавана Супрасльская царква-крэпасць у імя Дабравешчання Прасвятое Багародзіцы, у 1511 асвячона. Манастыру дадзены статут, і ён стаў адным з буйнейшых цэнтраў бел.правасл. культуры, у ім фарміраваліся багаслоўска-філасофская, іконаграфічная і арх. школы, склаўся своеасаблівы стыль царк. спеваў (супрасльскі распеў). Тут напісаны «Пасланне каталіцкаму іерарху пра ерась каталіцызму» (1511), Супрасльскі летапіс, «Валынскі летапіс», «Кіева-Пячэрскі пацярык» (усе 1519), дзейнічалі залатарская, пераплётная і інш. майстэрні. У 1537 пабудавана царква Уваскрэсення Хрыстова. У Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэцы захоўваліся сотні каштоўных рукапісных і старадрукаваных кніг. Манахі на чале з архімандрытам Іларыёнам (кн. Масальскі) змагаліся супраць Брэсцкай уніі 1596. Аднак пры архімандрыце Герасіме Веліконцію (1609—35) манастыр стаў уніяцкім і падпарадкаваны ордэну базыльян (з 1722 у манастыры знаходзілася гал. рэзідэнцыя гэтага ордэна). У 1645—1853 (з перапынкамі) пры манастыры дзейнічала духоўнае вучылішча. у 1695—1803 — Супрасльская друкарня, у 1710—1834 — паперня. У 1645—52 пабудаваны палац архімандрытаў, у 1695—97 — мураваная званіца. Астатнія надворныя будынкі (манаскія келлі, гасп. пабудовы) узведзены ў 2-й пал. 18 ст.
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) манастыр знаходзіўся на тэрыторыі, якая адышла да Прусіі, пасля Тыльзіцкага міру (1807) — да Расіі. Уніяцкія манахі фінансава падтрымалі паўстанне 1794, удзельнічалі ў паўстанні 1830—31. У 1-й трэці 19 ст. манастыр заняпаў. У 1842 маёмасць манастыра канфіскавана. У 1875 на старых манастырскіх могілках пабудавана царква св. Панцеляймона, у 1890 — цёплая царква Іаана Багаслова, у 1901 — царква Георгія Пераможцы на новых могілках. У 1925 значная частка маёмасці манастыра аддадзена ў арэнду каталіцкаму ордэну салезіянаў. У 1944 ням. фашысты ўзарвалі Дабравешчанскую царкву і спалілі манастырскія будынкі разам з б-кай. У 1958 вернікі адбудавалі царкву Іаана Багаслова. У 1984 дзяржава вярнула вернікам руіны Дабравешчанскай царквы. У 1996 польскі ўрад замацаваў за правасл. царквой увесь манастырскі комплекс. У 1999 завершана праца па адбудове Дабравешчанскай царквы, вядуцца работы па аднаўленні інтэр’ера.
М.Ю.ГайдукМ.Р.Гайдук.
Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр. Палац архімандрытаў. 17 ст.Комплекс Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМБССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.
Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.К.Панамарэнка (1946—48), А.Я.Кляшчоў (1948—53), К.Т.Мазураў (1953—56), М.Я.Аўхімовіч (1956—59), Ц.Я.Кісялёў (1959—78), А.Н.Аксёнаў (1978—83), У.І.Бровікаў (1983—86), М.В.Кавалёў (1986—90), В.Ф.Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.М.Чыгір (1994—96), С.С.Лінг (1997—2000), У.В.Ярмошын (2000—2001), Г.В.Навіцкі (з 10.1.2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СС (ням. SS, скарачэнне ад Schutzstaffeln ахоўныя атрады),
прывілеяваная ваенізаваная арг-цыяНацыянал-сацыялісцкай партыі, асн. інструмент яе тэрарыст. палітыкі; адна з гал. апор нацысцкага рэжыму ў Германіі. Папярэднікамі СС былі чл.штурмавых атрадаў (СА), сфарміраваных у маі 1923 як «эскорт фюрэра» (пазней «штурмавая група Гітлера»). Уласна СС створана ў ліст. 1925 і ў 1926 падпарадкавана кіраўніцтву легалізаваных СА. З 1929 кіраўніком (рэйхсфюрэрам) СС быў І.Гімлер. Колькасць членаў СС з 280 чал. у 1929 да моманту прыходу нацыстаў да ўлады (студз. 1933) павялічылася да 52 тыс.чал. Разам з СА ахоўныя атрады ўдзельнічалі ў пагромах антыфаш. арг-цый Германіі і інш.Самаст. арг-цыяй СС сталі пасля расправы гітлераўцаў (у ноч на 30.6.1934) з апазіц. лідэрамі СА. У 1934 з агульнага складу СС вылучаны часці «Мёртвая галава» і часці спец. прызначэння, якія ў 1939 перайменаваны ў войскі СС. У 2-ю сусв. вайну колькасць войск СС вырасла з 4 палкоў (18 тыс.чал.) у 1939 да 38 дывізій, у т. л. 8 танк. і 8 матарызаваных (каля 950 тыс.чал.) у снеж. 1944. Састаўной часткай СС была «служба бяспекі» — СД. У 1939 у выніку аб’яднання гестапа і СД у сістэме СС створана Гал. імперскае ўпраўленне бяспекі (РСХА). У 1943 рэйхсфюрэр СС, які стаў міністрам унутр. спраў, сканцэнтраваў усю паўнату ўлады над фарміраваннямі карнага апарату ў Германіі і на акупіраваных тэрыторыях. Службы і фарміраванні СС выконвалі карныя функцыі з выключнай жорсткасцю і фанатызмам. На акупіраванай тэр. Беларусі палітыку генацыду і «выпаленай зямлі» СС ажыццяўляла сіламі 1-й матарызаванай і 1-й кав. брыгад (усяго 9390 чал., 1941). З асабовага складу часцей СС і СД, а таксама з па-антысавецку настроеных элементаў і крымінальнікаў фарміраваліся мабільныя групы і каманды (у т. л. батальён О.Дырлевангера) для знішчэння ваеннапалонных, насельніцтва, для рабавання і вывазу захопленай маёмасці. СС былі падпарадкаваны 5 асобных паліцэйскіх палкоў і 19 батальёнаў, жандармерыя і інш. Кіраўнікамі СС і паліцыі ў ген. акрузе Беларусь былі брыгадэнфюрэры К.Цэнер, К. фон Готберг, а таксама вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» обергрупенфюрэр Э. фон дэм Бах-Зелеўскі. Пад іх кіраўніцтвам войскі СС разам з часцямі і падраздзяленнямі вермахта і паліцыі правялі вял. колькасць карных аперацый і акцый, знішчылі сотні тысяч жыхароў акупіраваных тэр. і палонных ваеннаслужачых. У 1945 СС абвешчана па-за законам, паводле прыгавору Міжнар.ваен. трыбунала 1946 (гл.Нюрнбергскі працэс) прызнана злачыннай арг-цыяй герм. фашызму.
Літ.:
СС Адольфа Гитлера: Пер. с англ.М., 1997;
Уильямсон Г. СС — инструмент террора: Пер. с англ. Смоленск, 1999;
СС в действии: Док. о преступлениях СС: Пер. с нем. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украінецарк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр.Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваныЛіт. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў у Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус.правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.
Літ.:
Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ (Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБО́ЛЬСК,
горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед.ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).
Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваныг. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л.Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст.эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.
Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).
З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.Каганец). Я.Ф.Ястржэмбскі. Я.Дамель і інш.
Літ.:
400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;
Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;
Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.
Г.А.Лаўрэцкі (архітэктура), В.А.Ярмоленка (беларусы ў Т.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ САВЕ́Т НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ (ВСНГ),
у 1917—32 і 1957—65 цэнтр. орган Сав. дзяржавы па рэгуляванні і кіраванні асн. галінамі нар. гаспадаркі, гал.ч. прамысловасцю. Створаны дэкрэтам ВЦВК і СНК ад 2(15)12.1917 для арганізацыі планавай гаспадаркі і дзярж. фінансаў. Кіраванне асобнымі галінамі прам-сці ў сістэме ВСНГ ажыццяўлялі аддзелы, галіновыя гал. ўпраўленні і цэнтр. к-ты.
На месцах створаны абл., губ. і павятовыя саветы нар. гаспадаркі (СНГ). У першы год сав. улады ВСНГ праводзіў работу па ажыццяўленні дэкрэта аб усеаг. нацыяналізацыі буйной прам-сці і арганізацыі вытв-сці на сацыяліст. асновах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 ён выконваў ваен. заказы, забяспечваў Чырв. Армію зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем; пасля яе заканчэння кіраваў перабудовай прам-сці на мірную вытворчасць. У 1922 у сувязі з утварэннем СССР арганізаваны СНГ саюзных рэспублік, у т. л.БССР. ВСНГ нададзены правы аб’яднанага наркамата па кіраванні прам-сцю. У непасрэдным падпарадкаванні ВСНГСССР заставаліся прадпрыемствы саюзнага значэння. СНГ саюзных, аўтаномных рэспублік і мясцовым СНГ перададзена прам-сцьрэсп. і мясц. значэння. У задачы ВСНГСССР уваходзіла распрацоўка агульных нормаў і планаў эканам. развіцця краіны, аб’яднанне дзейнасці цэнтр. і мясц.гасп. органаў.
СНГ БССР ажыццяўляў кіраўніцтва нацыяналізацыяй прам-сці, кантроль за дзейнасцю прамысл. прадпрыемстваў, запасамі сыравіны, паліва, выпускам гатовай прадукцыі і інш. З пераходам да новай эканамічнай палітыкі праводзіў перабудову кіравання прам-сцю на прынцыпах гасп. разліку. Паводле пастановы ЦККП(б)Б ад 13.7.1921 утворана 16 гасп.-разліковых групавых упраўленняў і 15 заводаўпраўленняў. У 1923 СНГ БССР перайменаваны ў ВСНГБССР. З 26.3.1924 вядучай гасп. адзінкай у сістэме ўпраўлення прам-сцю стаў гасп.-разліковы прамысл. трэст. Дзейнічалі 9 трэстаў: металічнай, лясной, харчовай, папяровай, шкляной, гарбарнай, спіртавой, буд. прам-сці, шчотачны. ВСНГБССР даводзіў трэстам план, правяраў яго выкананне, рэгуляваў рост і рух асн. фондаў. Ён не меў права ўмешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў і ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. У 1932 на аснове ВСНГСССР утвораны нар. камісарыяты цяжкой, лёгкай і лясной прам-сці, а ВСНГ саюзных рэспублік — наркаматы лёгкай прам-сці (ВСНГБССР 3.4.1932 пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прам-сці БССР). Пазней на Беларусі арганізаваны наркаматы (з 1946 мін-вы) па інш. галінах прам-сці. У 1957 праведзена рэарганізацыя кіравання прам-сцю і буд-вам, зноў створаны СНГ СССР, СНГ саюзных рэспублік і СНГ эканам. раёнаў. СНГ БССР быў падпарадкаваны адначасова СМБССР і СНГ СССР. У сак. 1963 сістэму дзярж. органаў па кіраванні прам-сцю краіны ўзначаліў ВСНГСМСССР. Акрамя кіравання ўсімі галінамі прам-сці і будаўніцтва на яго былі ўскладзены каардынацыя дзейнасці планавых і гасп. органаў (Дзяржплана, СНГ СССР, дзярж. галіновых к-таў), забеспячэнне выканання планаў, распрацоўка і ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці прамысл. вытворчасці. Паводле рашэння вераснёўскага (1965) пленума ЦККПСС скасаваны СНГ і ўтвораны агульнасаюзныя, саюзна-рэсп., рэсп. мін-вы і дзярж. к-ты. У БССР было арганізавана 5 саюзна-рэсп. мін-ваў (лёгкай, харчовай, цэлюлознапапяровай і дрэваапрацоўчай, мясной і малочнай, буд. матэрыялаў прам-сці) і 2 упраўленні (нафтаперапрацоўчай і нафтахім., хім. прам-сці). Для кіравання прадпрыемствамі, якія абслугоўвалі гал.ч. патрэбы рэспублікі і працавалі на мясц. сыравіне, былі створаны рэсп. мін-вы мясц. і тарфяной прам-сці. Прадпрыемствы БССР перадаваліся зноў створаным галіновым мін-вам. З 719 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў распараджэнні СНГ БССР і яго галіновых упраўленняў, у непасрэднае падпарадкаванне агульнасаюзных мін-ваў СССР былі перададзены 94 буйнейшыя з-ды і ф-кі, 550 прадпрыемстваў перайшлі ў падпарадкаванне саюзна-рэсп., 75 — рэспубліканскіх мін-ваў і ведамстваў БССР. 1.1.1966 СНГ БССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаванырас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).