Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел.нар. назва Малы Воз),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл.Зорнае неба. Іл.гл. да арт.Вялікая Мядзведзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАЧНАСЦЬ,
1) сукупнасць воблакаў над пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.
2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМА́ЗД,
у армянскай міфалогіі вярхоўнае бажаство, тварэц неба і зямлі, бог урадлівасці. Яго эпітэт — «ары» (мужны). Гал. свяцілішча Арамазд было ў культавым цэнтры стараж. Арменіі Ані (сучасны Камах на тэр. Турцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНАВІ́ЛАНА,
у міфалогіі індзейцаў Паўн. Амерыкі бог — стваральнік і першапрычына ўсяго існага. З часцінкі свайго цела ён стварыў светы-блізняты: маці-зямлю і бацьку-неба, ад якіх узнікла ўсё наступнае жыццё.