кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНА,
возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 15.1.1915, г. Сімферопаль, Украіна),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з 1941 нач. штаба стралк. палка, з ліст. 1942 камандзір партыз. злучэння на тэр. Украіны, Арлоўскай вобл., у Цэнтр. штабе партыз. руху, з лютага 1944 камандзір партыз. брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага (дзейнічала на тэр. Лагойскага і Плешчаніцкага р-наў), якая пусціла пад адхон каля 30 эшалонаў праціўніка, сумесна з часцямі Чырв. Арміі вызваляла г. Вілейка, Маладзечна, Смаргонь. Да 1964 у Сав. Арміі, потым у Мін-ве знешняга гандлю СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛА́РУЧЫ,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Вяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад Лагойска, 26 км ад Мінска. 89 ж., 55 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
З 16 ст.мяст. Бяларуч Мінскага пав.ВКЛ. У 1600 мястэчка, маёнтак і двор Бяларучы належалі А.Друцкай-Горскай. У 1870 цэнтр Бяларуцкай вол., у 1880 — 140 ж, 15 двароў, царква, нар. вучылішча, якое ў 1898 скончыў Я.Купала. З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў ліп. 1942 спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў. У 1970 — 164 ж., 54 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎКА,
горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс.ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.
У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫН,
вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.
Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,
баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял.кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм.зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял.кн. літоўскіх.