група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.
У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд.нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп.Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд.нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.
Літ.:
Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.Паяркава на Амур і М.Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.
Тв.:
Бел.пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.
Літ.:
Коршунаў А. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;
Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;
Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ,
з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.
Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач.жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБЫ,
умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.
Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст.Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНІНГРА́Д,
горад у Расіі, цэнтр Калінінградскай вобл., на р. Прэголя, пры ўпадзенні ў Калінінградскі зал. Балтыйскага м. 424 тыс.ж. (1997). База рыбапрамысл. і трансп. флоту. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Незамярзаючы порт, звязаны з Балтыйскім м. глыбакаводным каналам (да г. Балтыйск). Прам-сць: машынабуд. і металаапр., цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; бурштынавы камбінат. Атлантычны НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі. 3 ВНУ, у т. л.ун-т (засн. ў 1544). 2 тэатры. Філармонія. Музеі гіст.-маст. і бурштыну. Бат. сад, заапарк. Кафедральны сабор (14 ст.), гарадскія вароты (18 ст.); помнік Ф.Шылеру (1910), магіла ням. філосафа І.Канта.
Засн. ў 1255 крыжаносцамі Тэўтонскага ордэна. У хуткім часе стаў важным партовым горадам (наз. Кёнігсберг, суседнія слав.народы называлі Кралявец). У 1525—1618 рэзідэнцыя прускіх герцагаў. З 1701 у складзе каралеўства Прусія. У Сямігадовую вайну 1756—63 заняты рас. войскамі (1758, да 1762 цэнтр рас. генерал-губернатарства Усх. Прусіі). З 1871 у складзе аб’яднанай Германіі. У 2-ю сусв. вайну, асабліва ў ходзе Усходне-Прускай (Кёнігсбергскай) аперацыі 1945, моцна разбураны (да 90%). Паводле рашэння Патсдамскай канферэнцыі 1945 К. з прылеглай тэрыторыяй (каля 1/3 б Усх. Прусіі) адышоў да СССР. У 1946 перайменаваны ў К.
Літ.:
Губин АБ., Строкин В.Н. Очерки истории Кенигсберга. Калининград, 1991;
Орлов А. Город на Преголе: Зарисовки из прошлого. Калининград, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.В.Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).
Тв.:
Рус.пер. — Французская революция: История. М., 1991;