раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр.назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КАТАЛО́ГІ,
спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).
Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс. вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,
колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛ АНАНІ́М (Gall Anonim),
польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен. дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам I у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРКА́Ч (Анатоль) (сапр.Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 18.4.1887, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 5.9.1937),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае гар. вучылішча (1904). Служыў пісарам у Мінскай гар. і земскай управах. За рэв. дзейнасць быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі» і інш. 16.10.1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1904. З пач. 1920-х г., выкарыстоўваючы прыёмы дасціпнага апавядання, агітацыйнай прыпеўкі, фельетона, нар. жарту, высмейваў у вершах грамадскую і быт. адсталасць, рэліг. забабоны, выкрываў царк. служкаў. У вершах для дзяцей цёплы гумар, канкрэтнасць паэт.назіранняў; асн. іх тэмы — сяброўства, працавітасць, з’явы прыроды («Нашы прыяцелі», «Працавітая дзяўчынка», «Першы дзень у дзіцячым садзе», усе 1928; «Звяры нашых лясоў», 1929). На бел. мову пераклаў паасобныя творы У.Маякоўскага, А.Барто, С.Маршака, К.Чукоўскага і інш.
Тв.:
Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў. Мн., 1925;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,
сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.
Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл.Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),
галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.
Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10−5м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).