КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн.т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б.СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.
На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс.га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн.т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс.га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.
Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.
Н.І.Жураўская.
Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады
Сярэднегадавая плошча, тыс.га
Ураджайнасць, ц/га
Валавы збор, тыс.т
1971—75
915,2
142
12 996
1976—80
812,5
159
12 920
1981—85
750,5
154
11 559
1986—90
665,4
157
10 513
1991—95
603,4
131
9460
Да арт.Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш.гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),
буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс.км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс.км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс.км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял.трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.
Літ.:
Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;
Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.