ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская столь асн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.

А.​Ю.​Пятросава.

Гродзенская Пакроўская царква.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Антон Станіслававіч) (10.11.1910, в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932), вучыўся ў М.Эндэ, Ф.Фогта. Сярод твораў, якім уласціва насычанасць колеру, выразная мадэліроўка аб’ёмаў, пленэрная непасрэднасць кампазіцыйнага ладу, лірычныя пейзажы «Над Свіслаччу» (1938), «Сафійскі сабор у Полацку» (1955), «Апошняе лісце» (1966), «Горад над Дзвіной» (1973), «Стары Віцебск» (1979), «Тужлівая нотка» (1982), «Восеньскі пейзаж» (1984), «Богаяўленскі сабор у Полацку» (1988); нацюрморты «Півоні, яблыкі, кавуны» (1953), «Ружы» (1962), «Нацюрморт з лямпай» (1977) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Каржанеўскі. Тужлівая нотка. 1982.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.

А.​Ю.​Пятросава.

Касцяневіцкі касцёл Маці Божай.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),

устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПЛЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рэпля Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзены ў 1902 з цэглы, неатынкаваны. Храм 2-вежавы базілікальнага тыпу з прамавугольнай апсідай і 2 сакрысціямі. Цэнтр. ч. гал. фасада завершана ступеньчатым атыкам, падобны атык і над апсідай. Вежы 2-ярусныя (1-ы ярус — чацверыковы, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром). У цэнтры фасада — гал. ўваход, вылучаны ступеньчатым франтонам, над уваходам — акно-ружа. Бакавыя фасады маюць стральчатыя аконныя праёмы, паміж імі размешчаны контрфорсы.

Т.​І.​Чарняўская.

Рэплеўскі касцёл Марыі.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н,

пастаянная вобласць павышанага атм. ціску над Грэнландыяй. Абумоўлена пераважна нізкай т-рай і значнай вышынёй ледавіковага шчыта вострава. Аналаг Грэнландскага антыцыклону Антарктычны антыцыклон.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЛА́Т (польск. prełat ад лац. praelatus пастаўлены над кім-н.),

у рымска-каталіцкай і англіканскай цэрквах тытул, які надаецца прадстаўнікам вышэйшага дыяцэзіяльнага і ордэнскага духавенства.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТЭРГОРН (Matterhorn),

вяршыня ў Пенінскіх Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. 4477 м. Мае выгляд чатырохграннай піраміды, якая ўзвышаецца на 1000 м над навакольнымі хрыбтамі.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́КА,

форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)