ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,
галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш. навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.
Літ.:
Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр. М., 1985.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,
функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл. Мастацкі стыль).
Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.
Літ.:
Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;
Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.
Л.А.Антанюк.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
М.М.Грынчык.
т. 10, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,
працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.
А.Я.Супрун.
т. 6, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТА́КСІС (ад пара... + грэч. taxis размяшчэнне),
злучэнне, каардынацыя, від сінтагматычнай сувязі дзвюх моўных адзінак (частак складанага сказа, рэплік дыялогу і інш.), пры якой іх значэнні застаюцца ў адносінах лагічнай і грамат. раўнапраўнасці, а форма кожнай з іх не залежыць адна ад адной («блакітна-зялёны», «ціха-ціха», «дзед і ўнукі», «перашэптваліся і сарамліва паглядалі»), «То дождж ідзе, то сонца свеціць»), Процілеглае паняцце — гіпатаксіс. Процілегласць фармальна выяўляецца ў абарачальнасці сінтагматычнай канструкцыі пры П. (магчымасць перастаноўкі тыпу «зялёна-блакітны», «унукі і дзед», «сарамліва паглядалі і перашэптваліся», «То сонца свеціць, то дождж ідзе») і неабарачальнасці пры гіпатаксісе. У жывым маўленні строгай апазіцыі П. і гіпатаксісу няма з-за існавання вял. колькасці пераходных сінтагматычных пабудоў. П. і гіпатаксіс — з’явы рознафункцыянальныя: П. адлюстроўвае паслядоўнасць адзінак з пункту гледжання каардынацыі і сэнсу, гіпатаксіс выяўляе сэнсавую і фармальную залежнасць частак сінтагматычнай канструкцыі. У больш вузкім сэнсе П. і гіпатаксіс звязваюць з характарам узаемаадносін толькі паміж членамі простага сказа і часткамі складанага сказа (гл. Злучэнне ў граматыцы, Падпарадкаванне ў граматыцы).
Літ.:
Кручинина И.Н. Структура и функции сочинительной связи в русском языке. М., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Мн., 1966.
Л.А.Зінкевіч.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНЫ СТЫЛЬ,
адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу нязмушаных зносін людзей у побыце, сям’і, а таксама сферу неафіц. вытв. зносін. Асн. форма рэалізацыі Р.с. — вуснае дыялагічнае маўленне. Размоўнае выказванне заўсёды непасрэднае, натуральнае, непадрыхтаванае, часта яму ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначная рэакцыя. На яго структуру ўплываюць абставіны маўленчых зносін, сітуацыя, а таксама невербальныя сродкі камунікацыі (жэсты, міміка, характар узаемаадносін субяседнікаў і г.д.).
Р.с. мае своеасаблівасці на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы — рэдукцыя ненаціскных галосных, аслабленае вымаўленне ці выпадзенне зычных («тышча», «Іван Іваныч»), выкарыстанне розных тыпаў інтанацыі; у лексіцы — стылістычна зніжаная, прастамоўная лексіка і фразеалогія, дыялектныя і жаргонныя словы («жмінда», «забягалаўка», «валтузіцца»); у словаўтварэнні — асобныя словаўтваральныя афіксы і спосабы ўтварэння слоў («гульбішча». «кампашка», «жытуха»); у сінтаксісе — спрошчанасць, перарывістасць, экспрэсіўнасць, частае ўжыванне няпоўных, эліптычных сказаў, сказаў-слоў, усечаных словазлучэнняў. У Р.с. найб. частотныя займеннікі і дзеясловы, вельмі мала дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. Уласціва выкарыстанне выяўл. сродкаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную накіраванасць (гіпербалы, літоты, параўнанні, метаніміі).
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;
Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.
Р.Р.Чэчат.
т. 13, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),
1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.М.Адамовіч, Л.А.Акаловіч, М.В.Бірыла, В.П.Лемцюгова, М.Р.Суднік, Г.К.Усціновіч, І.Я.Яшкін.
Літ.:
Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;
Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.
т. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),
імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац. літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел. літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.
Л.А.Антапюк.
т. 13, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.Найда, К.Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.Хомскі і інш.).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.
Б.А.Плотнікаў.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)