ДЗЮК ((Duke) Чарлз) (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),
рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.
Літ.:
Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕФІРЭ́ЛІ ((Zeffirelli) Франка) (н. 12.2.1923, г. Фларэнцыя, Італія),
італьянскі рэжысёр, мастак. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Фларэнцыі. Працаваў акцёрам і асістэнтам у Л.Вісконці. З 1950-х г. ставіў драм. і оперныя спектаклі ў Італіі і за мяжой. Мастак шэрагу сваіх пастановак. З 1957 у кіно. Вядомасць яму прынеслі экранізацыі твораў У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» (1967) і «Рамэо і Джульета» (1968, «Оскар»), Сярод інш. фільмаў: «Брат Сонца, сястра Месяц» (1972), «Ісус з Назарэта» (1977, тэле- і кінаварыянты), кінаверсія оперы «Травіята» Дж.Вердзі (1982). Для рэжысуры Дз. характэрныя ўвага да вытанчаных маляўнічых кампазіцый кадра, імкненне да праўдзівай рэканструкцыі эпохі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),
у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л.Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ПЕР-ЧЭ́ХАВА (Вольга Леанардаўна) (21.9.1868, г. Глазаў, Удмурція — 22.3.1959),
расійская актрыса. Жонка А.П.Чэхава. Нар.арт.СССР (1937). Скончыла муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1898 у трупе Маскоўскага маст.т-ра. Валодала высокай артыстычнай культурай, сцэн. абаяннем. Першая выканаўца роляў у п’есах Чэхава; Аркадзіна, Алена Андрэеўна, Маша, Ранеўская, Сара («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Іванаў»). Душэўнасцю прасякнуты ролі Алены («Мяшчане» М.Горкага), Ганны Маар («Адзінокія» Г.Гаўптмана). Сярод інш. роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Беліна («Уяўны хворы» Мальера), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.Тургенева). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Аляксандр Раманавіч) (н. 14.4.1925, в. Парылава Ужурскага р-на Краснаярскага краю, Расія),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1962). Працуе ў тэхніцы лінагравюры, афорта і інш. Стрыманасцю і лаканізмам адметныя работы, прысвечаныя грамадз. і Вял.Айч. войнам («Народжанаму — мір», 1964, «Хвіліна маўчання», 1975, «Пераемнасць», 1977); рамант. лірычнасцю і ўзнёсласцю нар. тыпажу — «Бабіна лета» (1965), «Свеціць месяц» (1968), «Графічная саната» (1971), «Проба крылаў» (1981). Аўтар трыпціха «Балада пра маці» (1967), ліста «Маці чалавечая» (1969), карціны «Неперспектыўная вёска» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЕМАТО́З ПЧОЛ, пебрына пчол,
інвазійная хвароба дарослых пчол і некаторых чмялёў, якая выклікаецца наземай пчалінай, што паразітуе пераважна ў сярэдняй кішцы і мальпігіевых сасудах. Пашыраны ўсюды. Споры назем заносяцца ў здаровыя сем’і з сотамі, рамкамі, пчоламі і інш. і трапляюць у кішэчнік з мёдам, пяргой, вадой, воскам, забруджанымі экскрэментамі хворых насякомых. У пчаліных матак дэгенерыруюць яечнікі, у трутняў парушаецца сперматагенез. Назіраюцца павелічэнне брушка, панос, вяласць, масавая гібель пчол у час зімоўкі і ў 1-ы месяц пасля яе. Успышкам Н.п. садзейнічаюць доўгія зімоўкі ў сырасці, жыўленне падзевым мёдам, аслабленасць зімуючых пчол і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЫ ФОНД,
запас адборнага насення с.-г. культур для сяўбы. Ствараецца з ураджаю насенных участкаў гаспадаркі. Пры яго недахопе ў Н.ф. засыпаюць насенне з найб. ураджайных участкаў вытв. пасеваў. Засыпку ў Н.ф. завяршаюць праз месяц пасля збору ўраджаю. Насенне павінна адпавядаць пасяўным стандартам і захоўвацца ў адпаведных умовах у насеннясховішчах.
Разам з асн. у гаспадарцы ствараюцца страхавы і пераходны Н.ф. Страхавы фонд непарушны, абнаўляецца штогод. Ствараецца на выпадак стыхійных бедстваў для перасеву загінуўшага насення (да 15% ад асн. Н.ф.). Пераходны фонд ствараецца для азімых культур У раёнах з кароткім перыядам паміж уборкай і сяўбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Эдгар) (н. 17.9.1930, г. Херфард, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Д-рн. па аэранаўтыцы і астранаўтыцы. Капітан 1-га рангу ВМС (з 1972 у адстаўцы). Скончыў Тэхнал.ін-т у Пітсбургу (1952), вышэйшую школу ВМФ (1961), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1964). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і С.Русам здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-14». Прабыў на Месяцы 33,5 гадз, у т. л. двойчы выходзіў на яго паверхню (агульны час 9,4 гадз). У космасе правёў 9 сутак.