АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НО́ВЫХ АРХІТЭ́КТАРАЎ (АСНОВА),

аб’яднанне рус. архітэктараў і мастакоў у 1923—30. Засн. ў Маскве выкладчыкамі Вхутэмаса, якія прапанавалі ідэю стварэння архітэктуры на базе сінтэзу пластычных мастацтваў (уключэнне ў архітэктуру рэв. эмблематыкі і лозунгаў, выкананых сродкамі скульптуры, жывапісу і дэкар. мастацтва). Увайшла ў Маскоўскае аддз. Усесаюзнага арх. навук. Т-ва.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕСНАХО́Д»,

арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.​Пестрака (Звястун), А.​Салагуба, А.​Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (1908, Віцебск — 1942),

бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Чл. Віцебскага філіяла Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (1928—30). Удзельнічаў у скульпт. афармленні Дома ўрада (1933), Акруговага Дома афіцэраў (1935), Палаца піянераў (1936; усе ў Мінску), бел. павільёна на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў у фаш. канцлагеры.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА І РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

мастацкі часопіс, орган Наркамасветы і прафсаюза працаўнікоў мастацтва БССР. Выдаваўся з ліп. 1932 да лют. 1933 у Мінску на бел. мове. Меў на мэце развіваць крытыку ў галіне тэатра, кіно і выяўл. мастацтва. Асвятляў дзейнасць тэатраў рэспублікі, станаўленне бел. оперы і балета, кінамастацтва, творчасць мастакоў, драматургаў, кампазітараў, самадз. калектываў.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.​Венслаўскі, віцэ-старшыня І.​Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.​Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.

Літ.:

Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ ВЕСНАХО́ДУ»,

літаратурны альманах. Выдадзены ў 1928 у Вільні на бел. мове арг-цыяй маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі «Веснаход». Ідэйна-маст. кірунак апубл. вершаў і апавяданняў супярэчлівы. Побач з эстэцкімі творамі (Я.​Бартуль і інш.) змешчаны верш П.​Пестрака (псеўд. Звястун) «Над намі віхры выюць», які палемізуе з містыцызмам рамант. паэзіі і натуралістычным бытаапісальніцтвам.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,

авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.​Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.​Шофера, Ж.​Тэнглі (Францыя), Б.​Райлі, Л.​Пунса (Англія—ЗША) і інш.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),

расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.​І.​Анісімава, 1915; Ф.​Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.​Кустодзіевай, Ю.​Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац. маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.

Л.​Ф.​Салавей.

Б.Кустодзіеў. Партрэт Ф.І. Шаляпіна. 1922.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),

расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.​Пранішнікава і У.​Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.​Несцерава, 1913; Дз.​Фурманава, 1922; В.​Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.​Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШКО́Ў (Ілья Іванавіч) (29.7.1881, станіца Міхайлаўская Валгаградскай вобл., Расія — 20.3.1944),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900—09) у К.​Каровіна, В.​Сярова. Член аб’яднанняў «Бубновы валет», «Свет мастацтва», Т-ва маскоўскіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902—17), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1918—30) у Маскве. Зазнаў уплывы П.​Сезана, кубізму, нар. лубка. Творам уласцівы сакавітасць фарбаў, яркасць каларыту, выразныя эфекты жывапіснай пластыкі: «Італія. Нерві», «Ягады на фоне чырвонага падноса» (абодва 1908), «Партрэт хлопчыка ў размаляванай кашулі» (1909), «Садавіна на блюдзе» (1910), «Партрэт дамы», «Хлябы» (абодва 1910-я г.), «Партрэт Н.​М.​Усавай» (1915). У позні перыяд манера М. набыла больш рэаліст. характар: «Нацюрморт з самаварам» (1919), «Нацюрморт з магноліямі» (1934), «Нацюрморт. Ананасы і бананы» (1938), «Клубніцы з белым гарлачыкам» (1943).

Літ.:

Арбузов Г.С., Пушкарев В.А. Илья Машков. Л., 1973.

В.​Я.​Буйвал.

І.Машкоў. Садавіна на блюдзе. Нацюрморт. 1910.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)