Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 8.8.1912, г. Харкаў, Украіна),
руская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1957). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1931, педагог А.Ваганава), з 1964 выкладае ў ім (цяпер Акадэмія рускага балета). У 1931—62 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1951 педагог Марыінскага т-ра. Для яе творчасці характэрны віртуозная тэхніка класічнага танца, экспрэсіўная манера выканання, эмацыянальная выразнасць, вытанчаны пластычны малюнак ролі. Сярод лепшых партый: Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.
У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАВА (Настасся Фамінічна) (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),
маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯНО́К»,
бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4 або 4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл. Расіі, у Эстоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́РКВІЧКА (Іван) (23.4.1856, с. Відзім, Чэхія — 16.5.1938),
балгарскі жывапісец і графік; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Па нацыянальнасці чэх. Чл.Балг.АН (1918). Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Мюнхенскай (1876—77) АМ. У 1881—1921 жыў у Балгарыі. У 1882—89 выкладаў малюнак у гімназіі ў Плоўдзіве. Адзін з заснавальнікаў, выкладчык і дырэктар (1896—1921) Дзярж. рысавальнага вучылішча ў Сафіі. У жывапісе пераважалі тэмы нар. свят і абрадаў, сцэны сялянскай працы, у якіх ён перадаў своеасаблівасць балг.нац. звычаяў і касцюмаў: «Кірмаш у Плоўдзіве» (1883, 1888), «Помнікі» (1894, 1895), «Ручэніца» (1894) і інш. Аўтар партрэтаў археолага С.Заімава (1904), праф. Шоўрака (1922) і інш. Як графік працаваў пераважна ў галіне ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст.малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл.вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д (?—980?),
першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТ-Э́ЛІЯ ((Sant’ Elia) Антоніо) (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),
італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.Т.Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.