род кветкавых раслін сям. крапіўных. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. двухдомная (U. dioica) і жыгучка (U. urens) на вільготных мясцінах, як пустазелле на агародах, палях, у садах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 (150) см з паўзучым галінастым карэнішчам. Лісце супраціўнае, зубчастае або з глыбокімі лопасцямі, звычайна ўкрытае, як і сцёблы, жыгучымі валаскамі (падоўжаныя клеткі з крохкай верхавінкай, запоўненыя едкай вадкасцю). Кветкі дробныя, аднаполыя, з простым зялёным калякветнікам, у коласападобных галінастых суквеццях. Плод арэшкападобны. Маладыя парасткі ядомыя (маюць вітаміны B2, C, K, правітамін A). З лісця атрымліваюць фарбу, якую выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай і харч. прам-сці. Са сцёблаў вырабляюць вяроўкі і грубую тканіну. Лек. і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),
англійскі пісьменнік. Д-рмед.н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,
злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́НЫ (Pythoninae),
падсямейства паўзуноў атр. лускаватых. 6 родаў, 27 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Жывуць пераважна ў лясах, зарасніках каля вады, сярод камянёў, запаўзаюць на дрэвы. Добра плаваюць і ныраюць. Актыўныя пераважна ўначы. 1 падвід П. тыгравага (Python molurus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 10 м, маса да 100 кг. Афарбоўка ад аднаколернай (бурых адценняў) да стракатай, плямістай. Драпежнікі; маладыя кормяцца пераважна насякомымі. Здабычу ўтрымліваюць зубамі і адначасова сціскаюць яе кольцамі цела. Адкладваюць да 107 яец (даўж. да 9 см). Самка «наседжвае», інкубіруе іх (т-ра яе цела пры гэтым на 12—15 °C вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя). Аб’екты промыслу (скура, мяса, тлушч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІ́ТКІраслін і жывёл,
выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер. крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.
Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёл — палеазаалогія.
Да арт.Адбіткіраслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),
расійская паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Рв. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,
арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.І.Леніна, Г.В.Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).