ПЛОСКАСТУПНЁВАСЦЬ,

дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў амаль да іх поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (магчыма спалучэнне абедзвюх форм). Прыроджаная П. назіраецца вельмі рэдка, набытую П. падзяляюць на статычную (ад перагрузкі, асабліва ў час росту арганізма). рахітычную (пры рахіце), траўматычную (пасля пералому ладыжак шчыкалатак* або касцей ступні), паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыкметы П.: хуткая стамляльнасць ног, ныючы боль у ступнях, бывае ацёк ступні. Лячэнне артапедычнае.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ВАЛАД ГЛЕ́БАВІЧ,

князь ізяслаўскі і стрэжаўскі ў 12 ст. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Каля 1151 заняў прастол у Ізяслаўлі (Заслаўі). У час міжусобнай вайны паміж Рагвалодам Барысавічам і Расціславам Глебавічам за княжанне ў Полацку ў 1158 (паводле Іпацьеўскага летапісу ў 1159) У.Г. па патрабаванні Рагвалода (тады полацкага князя) пакінуў Ізяслаўль, які не быў яго вотчынай, і атрымаў Стрэжаў (магчыма, сучасны Стрэшын).

Г.​В.​Штыхаў.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,

з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).

Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл. Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).

Літ.:

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

Геаметрычная ізамерыя: 1, 3 — цыс-ізамеры; 2, 4 — транс-ізамеры.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.

Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз. канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл. Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід. хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРНЕФРО́МА (ад гіпер... + нефр... + ...ома), гіпернефроідны рак, пухліна Гравіца,

злаякасная пухліна ныркі, што развіваецца з клетак кары наднырачнікаў ці з эпітэлію нырачных канальцаў. Апісана ням. патолагам П.​А.​Гравіцам у 1883. Найчасцей бывае ў мужчын. Прычына хваробы невядомая (магчыма, запаленчыя працэсы, траўмы, радыеактыўныя рэчывы). Прыкметы гіпернефромы на ранняй стадыі (т. наз. «малыя» сімптомы): умераныя болі ў паясніцы і ў падрабрынні, павышаны артэрыяльны ціск, мікрагематурыя, пратэінурыя, поліцытэмія. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫЦЫ́ДЫ [ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],

пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),

група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.

Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННА,

1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.

2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЕЛА́С Адам Адамавіч (1753—1831),

расійскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Паводле паходжання англічанін. З 1784 працаваў у Расіі. Пад кіраўніцтвам і паводле праектаў М.А.Львова будаваў саборы ў г. Таржок і ў Магілёве. Аўтар сядзібы Разумоўскага (1799—1802, магчыма, пры ўдзеле Львова; класіцызм), планіровак паркаў і паркавых збудаванняў у псеўдагатычным стылі — парк «Александрыя» (1826—29) у г. Петрадварэц, а таксама «Арсенал» і «Белая вежа» (1830) у Аляксандраўскім парку г. Пушкін Ленінградскай вобл.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)