АНДРЭ́ЕЎ-БУРЛА́К (сапр. Андрэеў) Васіль Мікалаевіч

(1.1.1843, г. Ульянаўск — 10.5.1888),

рускі акцёр. Вучыўся ў Казанскім ун-це. У т-ры з 1868. Ад камедыйнага акцёра, схільнага да імправізацыі і фарсавых прыёмаў ігры, эвалюцыяніраваў да рэалізму. У распрацоўцы тэмы «маленькага чалавека» спалучаў характарнасць з глыбокім псіхалагізмам. Сярод роляў: Шчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў першага прыватнага т-ра ў Маскве (т.зв. Пушкінскі т-р, 1880). Стварыў (разам з М.​Пісаравым) «Першае таварыства рускіх акцёраў» (1883). Майстар маст. чытання.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЯ З УСТРО́НІ,

бел. паэтэса сярэдзіны 19 ст. Жыла ў фальварку Устронь Лідскага пав. У 1850 нап. бел. паэму «Мачаха» (апубл. 1993, рукапіс у б-цы Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У творы адчуваецца ўплыў рамантызму, творча выкарыстаны нар.-песенныя матывы. «Мачаха» прасякнута любоўю да Наднёманскага краю, вызв.-патрыят. настроямі. Аўтар спачувае абяздоленай сіротцы, шчасцю якой перашкаджае злая мачаха. Сярод дзеючых асоб персаніфікаваныя сілы прыроды: злая бура, наднёманскі лес, «літоўчык»-Нёман, які абараняе смелага юнака-плыўца. Пісала вершы і на польск. мове.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГАРТ ((Bogart) Хэмфры) (25.12.1899, Нью-Йорк — 14.1.1957),

амерыканскі акцёр. З 1920 выступаў у тэатры, з 1930 у кіно. Выконваў ролі т.зв. моцных мужчын са складаным унутраным светам у гангстэрскіх і дэтэктыўных фільмах, вестэрнах: «Акамянелы лес» (1936), «Высокая Сьера» і «Мальтыйскі сокал» (1941), «Афрыканская каралева» (1951, прэмія «Оскар»), «Тым цяжэй будзе падзенне» (1956) і інш., што зрабіла яго культавым героем амер. кінематографа. Раптоўная смерць акцёра садзейнічала пэўнай міфалагізацыі яго вобраза.

Літ.:

Базен А. Смерть Хэмфри Богарта // Базен А. Что такое кино? : Пер. с фр. М., 1972.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЧЫНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пясчаныя. Берагі выш. да 0,5 м, забалочаныя, тарфяністыя, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчанае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 15—30 м. Упадае меліярац. канава, выцякае ручай у воз. Сямёненкі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЖЫЦ (Валянцін Канстанцінавіч) (9.3.1904, Хельсінкі — 29.12.1964),

бел. жывапісец і педагог. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1926), Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1930). Выкладаў у Віцебску ў маст. вучылішчы (1931—41) і пед. ін-це (1948—64). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Сустрэчны», «Дэпо» (абодва 1932), «Аднаўленне моста ў Віцебску» (1935), «Горад зімой» (1937), «Зімовы пейзаж», «Апошнія пешаходы» (абодва 1946), «9 студзеня» (1947), «Надыход вясны», «Паводка» (абодва 1956), «На Віцебскай прыстані», «Раніца на Віцьбе» (абодва 1958), «Адліга», «Сакавік» (абодва 1960), «Лес — Віцебску» (1961) і інш.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,

балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах. ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ МУЗЕ́Й «ЛЕС І ЧАЛАВЕ́К».

Створаны ў 1985 у г. Масты Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1990. Пл. экспазіцыі 338 м², 1350 экспанатаў асн. фонду (1999). Мае 5 залаў: нар. побыту, фауны і флоры, гісторыі дрэваапр. прадпрыемстваў г. Масты і партыз. руху, рамёстваў, выставачную. Сярод экспанатаў прылады працы, вырабы саломапляцення і бандарства 19 — пач. 20 ст., нар. майстроў разьбы па дрэве, нар. адзенне мастоўскага строю, матэрыялы пра дзейнасць партызан ў Вял. Айч. вайну, калекцыя палотнаў мясц. мастакоў. Музей праводзіць выстаўкі твораў выяўл. мастацтва і нар. майстроў.

Л.​Г.​Бартош.

т. 10, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТО́ (Агнія Львоўна) (17.2.1906, Масква — 1.4.1981),

руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял. Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, А.​Вольскі, К.​Шавель і інш.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)