БЫ́КАЎ (Раланд Анатолевіч) (н. 12.11.1929, Масква),

рускі акцёр, кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1951). З 1960 на кінастудыі «Масфільм». З 1955 здымаецца ў кіно: «Педагагічная паэма», «Я крочу па Маскве», «Айбаліт-66» (і рэжысёр), «Служылі два сябры», «Андрэй Рублёў», «Выклікаем агонь на сябе» і «Нос» (тэлевізійныя), «Звоняць, адчыніце дзверы», «Мёртвы сезон», «Лісты мёртвага чалавека» (Дзярж. прэмія Расіі 1987) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ: «Увага, чарапаха!» (1970), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Чучала» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1986). З 1992 прэзідэнт Міжнар. фонду развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава»).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 20.11.1928, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.​А.​Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),

англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.​Чэхава, Г.​Грына, Э.​Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.​Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗЮ́СЕР (англ. producer ад лац. producere вырабляць),

у кіно- і на тэлебачанні асоба, якая ажыццяўляе арганізацыйна-фінансавы кантроль за дзейнасцю здымачнай групы, пытанні падбору кадраў, у т. л. творчых. П. можа быць рэжысёр, акцёр, сцэнарыст.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСФІ́ЛЬМ»,

адна з буйнейшых студый маст. фільмаў у Расіі. Створана ў 1924 у Маскве, выпускала фільмы маст., навукова-папулярныя, хранікальна-дакумент., анімацыйныя, з 1935 — толькі мастацкія. З 1991 кінаканцэрн «М.». Гл. таксама раздзел Кіно ў арт. Расія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІГА́Н ((Beligan) Раду) (н. 14.12.1918),

румынскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. Румыніі (1962). Скончыў Бухарэсцкую кансерваторыю. Стварыў Т-р камедыі ў Бухарэсце, кіраваў ім. З 1968 маст. кіраўнік Нац. т-ра імя І.​Л.​Караджале. Лірыка-камедыйны акцёр. У 1940—50-я г. ў камедыях Караджале выконваў ролі: Вентурыяна («Бурная ноч»), Данданаке («Згубленае пісьмо»; абедзве і ў кіно), Кандыдат («У дні карнавалу»); стварыў глыбока псіхал. вобразы Мірою («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Кавафу («Узвар’яванае ягня» А.​Барангі), Тузенбаха («Тры сястры» А.​Чэхава, Дзярж. прэмія Румыніі 1950), Хлестакова («Рэвізор» М.​Гогаля). Выступае і як тэатр. рэжысёр. Здымаўся таксама ў кінафільмах «Звініць даліна», «Афера Протар», «Узрыў», «Гняздо саламандраў», «Партрэт пакалення» і інш.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.​Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.​Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВЕНС ((Ivens) Іорыс) (н. 18.11.1898, г. Неймеген, Нідэрланды — 29.6.1989),

нідэрландскі кінарэжысёр, аператар. Адзін з заснавальнікаў дакумент. кіно. Першыя фільмы («Мост», 1928, «Дождж», 1929, «Зёйдэр-Зе», 1930) — пошукі кінематаграфічнай выразнасці, імпрэсіяністычная вобразнасць. На мастацтва І. паўплывала творчасць С.​Эйзенштэйна, У.​Пудоўкіна, Дз.​Вертава. З 1930-х г. звяртаецца да грам.-паліт. жыцця краін свету: «Песня пра герояў» (1932), «Іспанская зямля» (1937), «Гаворыць Інданезія» (1945), «Першыя гады» (1947), «Мір пераможа ва ўсім свеце» (1951), «Песня вялікіх рэк» (1954), «17-я паралель» (1968) і інш. Формы дакумент. паэтычнага кіно ў фільме «Сена сустракае Парыж» (1957). У канцы 1970 — пач. 80-х г. працаваў у Пекіне (фільм «Як Юкон перасоўваў геры», 1976). Прэмія Міру 1955.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЁЛАВА (Марына Мсціславаўна) (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.​Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.​Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.​Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)