афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ванар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),
група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧАвугалю,
падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-кугал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,
гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІО́ ((Viau) Тэафіль дэ) (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),
французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) спецыяльная навуч. ўстанова ў Віцебску ў 1910—18. Рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы. Прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання, якія скончылі настаўніцкую семінарыю і мелі 2-гадовы пед. стаж. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся агульнаадук. прадметы, педагогіка, псіхалогія, школазнаўства, методыка выкладання мовы, матэматыкі, прыродазнаўства. Меў б-ку (каля 3 тыс. тамоў). Пры ін-це былі вышэйшае пач. вучылішча, дзе студэнты праходзілі практыку, курсы ручной працы, фізвыхавання, чыстапісання, рус. мовы і інш.Ін-т зрабіў 5 выпускаў, падрыхтаваў каля 150 настаўнікаў. Пераўтвораны ў Віцебскі пед.ін-т (гл.Віцебскі універсітэт).
2) Навуч. ўстанова пры Віцебскім пед. ін-це для падрыхтоўкі настаўнікаў 7-гадовай школы. Існаваў у Віцебску ў 1935—55 (у перыяд Вял.Айч. вайны не працаваў). Тэрмін навучання 2 гады. Прымаліся асобы з сярэдняй агульнай або пед. адукацыяй. Напачатку дзейнічала толькі гіст. аддзяленне, якое ў 1937 пераўтворана ў гіст.-філал. і адкрыты фізіка-матэм. і прыродазнаўча-геагр. аддзяленні. Ін-т падрыхтаваў больш за 2 тыс. выкладчыкаў. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт у ЗША. Засн. ў 1636 як каледж у г. Кеймбрыдж (штат Масачусетс). З 1639 носіць імя англ. пурытанскага святара Дж.Гарварда (1607—38), які завяшчаў каледжу палавіну сваёй маёмасці і б-ку. Да канца 18 ст.гал. месца ў навуч. працэсе займалі Біблія і стараж. мовы, у канцы 18 ст. сталі выкладацца новыя мовы і матэматыка. У 1-й чвэрці 19 ст. да каледжа далучаны мед. і юрыд. ф-ты і ён пераўтвораны ва ун-т. З 2-й чвэрці 19 ст. Гарвардскі універсітэт стаў цэнтрам культуры ЗША. У складзе ун-та астр. абсерваторыя, выд-ва (з 1913), музеі (параўнальнай заалогіі, мастацкі, герм. культур, геалагічны і інш.), б-ка — адна з самых вял. у свеце (11 млн. тамоў; акрамя цэнтр. кніжнага збору мае асобныя б-кі — рэдкіх кніг і рукапісаў, мед., кіт.-яп. і інш.). Ф-ты: тэалагічны, гуманіт. і дакладных навук, энергетыкі і прыкладной фізікі, мастацкі, права, мед., аховы здароўя, дзярж. кіравання, практычнай адміністрацыі, педагогікі. У Фларэнцыі (Італія) створаны ін-т Гарвардскага ун-та па даследаванні эпохі Адраджэння.