БРЫГА́ДА [франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст. стала асн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял.Айч. вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл.Партызанская брыгада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́СІД ((Lusid) Шэнан) (н. 14.1.1943, г. Шанхай, Кітай),
касманаўт ЗША. Д-р біяхім. н. (1978). З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. У 1995 прайшла падрыхтоўку ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына. Здзейсніла 5 палётаў у складзе экіпажаў касм.караблёў (КК): 17—24.6.1985 — на КК «Дыскаверы», 18—23.10.1989 і 2—11.8.1991 — на КК «Атлантыс», 18.10—1.11.1993 — на КК «Калумбія», 22.3—29.9.1996 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правяла 223,17 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НА (італьян. marina ад лац. marinus марскі),
жывапісны або графічны твор з выявай марскіх відаў, караблёў; жанр пейзажа. У еўрап. мастацтве ў 17 ст. М. перажыла росквіт у творчасці галандскіх жывапісцаў Я.Порселіса, Х.Сегерса, сям’і ван дэ Велдэ і інш. Сярод буйнейшых мастакоў 18—19 ст., якія звярталіся да жанру М., — Ж.Вернэ ў Францыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі, Кацусіка Хакусай у Японіі, І.Айвазоўскі ў Расіі і інш. Мастакі, якія працуюць у жанры М., называюцца марыністамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАНО́СЕЦ,
клас баявых надводных караблёў, прызначаных для знішчэння суднаў мінна-тарпеднай зброяй. Меў для самаабароны дробнакаліберныя гарматы або мітральезы (карцечніцы). Папярэднікі М. — катэры з жэрдкавымі мінамі, якія выкарыстоўваліся ў грамадз. вайну 1861—65 у ЗША і рус.-тур. вайну 1877—78, і мінаноскі — невял. караблі для дзеянняў каля берагоў, узброеныя самарушнымі мінамі — тарпедамі. Удасканальванне М. прывяло да стварэння мінных крэйсераў (канец 19 ст.), эскадраных мінаносцаў (перад 1-й сусв. вайной).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭР (ням. Order ад лац. ordo рад, парадак, шэраг),
1) афіцыйны дакумент, які змяшчае загад, прадпісанне, распараджэнне (напр., на ўсяленне ў жылое памяшканне, на атрыманне тавару, грузу і да т.п.).
2) У бухгалтэрыі дакумент на ажыццяўленне аперацый з грашовымі або матэрыяльнымі сродкамі (наяўнымі — касавыя О., безнаяўнымі разлікамі — мемарыяльныя О.).
3) Рэгламентаванае камандуючым (камандзірам) узаемнае па напрамках і дыстанцыях размяшчэнне ваен.караблёў на пераходзе морам і ў час бою. Ствараецца з мэтай абароны ад магчымых атак праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),
касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм.караблёў«Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГ (англ. brig, скарачэнне італьян. brigantino брыганціна),
1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на абедзвюх мачтах і косым парусам на грот-мачце. Былі пашыраны ў 18—19 ст. 2) Клас баявых караблёў паруснага флоту 18—19 ст. водазмяшчэннем 200—400 т, з парусным аснашчэннем. Даўж. да 32 м, шыр. 8—9 м, асадка 3—4 м, ход да 12 вузлоў. Узброены былі 10—24 пушкамі, экіпаж да 120 чал. Выкарыстоўваліся для разведвальнай, дазорнай, пасыльнай службаў, канваіравання гандл. суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ФЛОТ (ваен.),
сукупная назва караблёў і суднаў рознага класа з ядзернымі энергет. ўстаноўкамі. Уключаюць атамныя падводныя лодкі і надводныя караблі. Развіваецца з 1950-х г. (першая атамная падводная лодка ў ЗША здадзена ў эксплуатацыю ў 1954). Атамныя падводныя лодкі ёсць у ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР. Надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры і інш.) уваходзяць у склад ВМС ЗША і ВМФ Расіі. Атамны флот валодае значна большым энергетычным і баявым патэнцыялам у параўнанні з караблямі такога класа са звычайнымі энергет. ўстаноўкамі.