БРЫГА́ДА
[франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст. стала асн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял. Айч. вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл. Партызанская брыгада).
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)