рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЫВА́ЦЫЯ (ад лац. derivatio адвядзенне, адхіленне),
1) у гідратэхніцы — сукупнасць абходных вадаводаў, па якіх вада з ракі, вадасховішча ці інш. вадаёма падводзіцца да станцыйнага вузла ГЭС, помпавай станцыі (пры ірыгацыі), інш. аб’ектаў, а таксама адводзіцца ад іх. Бывае безнапорная (каналы, безнапорныя тунэлі, латакі) і напорная (трубаправоды, напорныя тунэлі). Д. энергетычная будуецца з нахілам, значна меншым за нахіл ракі, — каб рознасць гідраўлічных нахілаў вадавода і ракі стварыла напор, неабходны для работы гідратурбін (гл.Гідраэлектрычная станцыя).
2) У балістыцы — сістэматычнае бакавое адхіленне снарадаў і куль ад плоскасці стральбы (праходзіць вертыкальна праз вось канала ствала) пад уплывам уласнага вярчэння, супраціўлення паветра і сілы цяжару. Большае з павелічэннем далёкасці стральбы, стромкасці траекторыі і скорасці вярчэння снарада (кулі). Улічваецца пры падрыхтоўцы да стральбы з дапамогай спец. табліц.
Дэрывацыя снарада: 1, 2, 1′, 2′ — траекторыя і яе праекцыі; 3, 4 — дэрывацыя на траекторыі і ў пункце падзення; O, C — пункты вылету і падзення снарада; δ — вугал атакі; ω — вуглавая скорасць вярчэння снарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,
1) прыстасаванне, якое пры дугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.
2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.
Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСПЛА́Ў,
сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.
Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс.м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГКО́К, Банкок, Крунгтэп,
горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн.т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.
У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.
Бангкок. Храм Пра Кео. 1785.Бангкок. Храмавы комплекс — Чэтупон (По). 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ТРА,
рака ў Літве і Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Нёман.
Даўж. 140 км. Пл. вадазбору 2060 км². Пачынаецца на тэр. Літвы (Варэнскі р-н), каля 20 км цячэ па мяжы Беларусі і Літвы. Асн. прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідзелька (злева), Пыранка (справа). Даліна да воз. Корава выразная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, да вусця р. Рыча нізкая, роўная, забалочаная, ніжэй — звілістая, сухая. Рэчышча моцназвілістае, ніжэй в. Агароднікі Шчучынскага р-на на працягу 3 км камяністы перакат. Шыр. рэчышча ў межань 10—20 м. Берагі да р. Скарбянка спадзістыя, слабазабалочаныя, ніжэй — стромкія, выш. 1—5 м, у ніжнім цячэнні да 15 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сак. — пач. красавіка. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 12,8 м³/с. На левабярэжжы — Катранская пушча. Зоны адпачынку Котра (уздоўж ракі) і Скідзель (на левабярэжжы). Ад вусця ўверх па цячэнні (35 км) рыбапрамысл. ўчастак. У пойме меліярац.каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).
Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.Да арт.Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.Нёйтра. 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’Я́,
рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, Туркменіі, Узбекістане. Па Амудар’і праходзіць частка граніцы Узбекістана з Афганістанам. Даўж. 1415 км, пл.бас. 309 тыс.км² (да г. Керкі). Вытокі на схілах Гіндукуша ў Афганістане, дзе Амудар’я называецца Вахандар’я, пасля зліцця з р. Памір — Пяндж, ніжэй упадзення р. Вахш — Амудар’я. Упадае ў Аральскае м. Большая ч. басейна Амудар’і размешчана ў горных сістэмах Паміра (на сярэдніх вышынях 5—5,5 тыс.м). Пасля выхаду на раўніну цячэ па Туранскай нізіне, па пустынях Кызылкум і Каракумы. Рэчышча няўстойлівае, рака блукае ў межах поймы, размывае берагі. У нізоўях утварае дэльту, у мора ўпадае некалькімі рукавамі. Асн. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу, Кафірніган, Сурхандар’я (справа), Кундуз (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Паводка вясной і летам. Ледастаў у нізоўях (у раёне Нукуса) да 4 мес. Сярэднегадавы расход вады паблізу г. Керкі каля 2000 м³/с. У малаводны перыяд Амудар’я не дасягае Аральскага м. Вада вельмі мутная (5—10 кг/м³ завіслых наносаў). У сярэднім цячэнні Кызылкумскі запаведнік. Выкарыстоўваецца для арашэння (каналы Каракумскі, Аму-Бухарскі і інш.). На Амудар’і Цюямуюнскі і Тахіяташскі гідравузлы. У нізоўях рыбалоўства. Суднаходная ад г. Чарджоў. На Амудар’і — г. Керкі і Чарджоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.