КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.​Мікулік.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (Міхаіл Ісакавіч) (22.9.1871, Вільня — 22.12.1938),

скрыпач-віртуоз. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). Канцэртаваў як саліст і ансамбліст. У 1906—14 жыў у Берліне, дзе разам з братам, віяланчэлістам Іосіфам і жонкай, піяністкай В.​Маурынай, стварыў рускае трыо з выкананнем твораў рус. кампазітараў. З 1915 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1918 жыў у Германіі і Швецыі, ЗША. Выступаў як дырыжор, выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс (Філадэльфія). Аўтар шматлікіх транскрыпцый для скрыпкі і фп.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ням. Wiener Klassik),

кірунак у еўрапейскай музычнай культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прадстаўнікі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, творчасць якіх звязана з Венай. Маст. прынцыпы Венскай класічнай школы ўласцівыя музыцы 1780—1810-х г. Дзейнасць кампазітараў школы падрыхтавана маст. вопытам іх папярэднікаў і сучаснікаў, уключаючы італьян. і франц. оперу і інстр. культуру, дасягненні ням. музыкі (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах і яго сыны, мангеймская школа). Для прадстаўнікоў школы характэрныя універсальнасць маст. мыслення, лагічнасць, дакладнасць маст. Формы. Дынамічнае разуменне імі жыццёвых працэсаў найб. поўна выявілася ў санатнай форме і абумовіла сімфанізм многіх іх твораў. З сімфанізмам у шырокім сэнсе слова звязаны росквіт вядучых інстр. жанраў эпохі — сімфоніі, санаты, канцэрта і камернага ансамбля, канчатковае фарміраванне 4-часткавага санатна-сімф. цыкла (гл. Цыклічныя формы). Дасягненні кампазітараў Венскай класічнай школы ў галіне аркестравай і камерна-інстр. музыкі, у жанрах оперы, месы, араторыі з’яўляюцца вяршынямі сусв. муз. мастацтва. Яны зрабілі велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. музыкі.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982;

Rosen Ch. The classical style: Haydn, Mozart, Beethoven, New York, [1972].

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.​Абеліёвіча, П.​Альхімовіча, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, С.​Картэса, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.​Франс, спявачка К.​Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.​Э.​Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.​Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.​Цырук, І.​Галаўчын, А.​Палянічка, В.​Собалеў, канцэртмайстар А.​Крамароў.

Літ.:

Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.

Г.​М.​Загародні.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,

тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.

Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц. муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел. нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.

Літ.:

Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;

Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТАШЫ́НСКІ (Барыс Мікалаевіч) (3.1.1895, г. Жытомір, Украіна — 15.4.1968),

украінскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Украіны (1968). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1919, клас Р.Гліэра). Выкладаў у Кіеўскай (з 1919, з 1935 праф.) і Маскоўскай (1935—44, з перапынкам) кансерваторыях. У 1939—41 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Найб. творчыя дасягненні — 3-я, 4-я, 5-я сімфоніі, адметныя філас. глыбінёй і сілай маст. абагульнення. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў. Рэдагаваў і аркестраваў творы інш. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Залаты абруч» паводле І.​Франко (паст. 1933), «Шчорс» (паст. 1938); 2 кантаты, у т. л. «Запавет» (1939); для аркестра — 5 сімфоній (1918—66), сімф. паэмы «Уз’яднанне» (1949), «Гражына» (1955), «На берагах Віслы» (1958); сюіты (1961, 1966), уверцюры (1926, 1961); «Славянскі канцэрт» для фп. з арк. (1953); камерна-інстр. ансамблі; інстр. творы; хары, у т. л. a cappella, на словы А.​Пушкіна і Т.​Шаўчэнкі; рамансы, апрацоўкі укр. нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў І.Бэлза. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Самохвалов В.Я. Черты симфонизма Б.​Лятошинского. 2 изд. Киев, 1977;

Б.​Лятошинский: Воспоминания. Письма. Материалы. Кн. 1—2. Киев, 1985—86.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВАРЫЯ́НІ (Аляксей Давідавіч) (н. 6.10.1913, г. Горы, Грузія),

грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Грузіі (1950). Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1936), з 1939 выкладае ў ёй (з 1963 праф.). У 1934—37 заг. муз. часткі Груз. т-ра муз. камедыі, у 1956—58 маст. кіраўнік Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. У 1962—68 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Грузіі, у 1962—73 сакратар Саюза кампазітараў СССР. Творчасць М. з яе яскравым нац. каларытам і рамант. прыўзнятасцю адыграла значную ролю ў развіцці груз. муз. мастацтва. Сярод твораў: оперы «Маці і сын» (паст. 1945), «Гамлет» паводле У.​Шэкспіра (1967); балеты «Атэла» паводле Шэкспіра (паст. 1957), «Віцязь у тыгравай шкуры» паводле Ш.​Руставелі (1973, паст. 1985); муз. камедыя «Клоп» паводле У.​Маякоўскага (паст. 1980), араторыя «Дзень маёй Радзімы» (1952); 5 сімфоній (1947—86); канцэрт для скрыпкі з арк. (1949) і інш.; 5 маналогаў для барытона і сімф. арк. на словы В.​Пшавелы (1968); камерна-інстр. ансамблі; санаты, «Грузінскія фрэскі», «Парыжскія замалёўкі» для фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.

Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у т. л. хары з оперы М.​Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВАКА́ЛЬНЫ КВАРТЭ́Т.

Існаваў у 1927—65 у Мінску. Напачатку працаваў пры БДТ-1, у 1930-я г. — пры Бел. радыёцэнтры. 1-ы склад квартэта: К.​Мацалевіч, М.​Швайко (тэнары), У.​Патапаў, М.​Нікалаевіч (басы), 2-і (з 1945) — В.​Някрасаў, К.Пуроўскі (тэнары), М.Пігулеўскі, Э.​Прабштэйн (басы). У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, ансамблі і пералажэнні харавых твораў Ф.​Шуберта, Л.​Бетховена, А.​Барадзіна і інш. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)