ЖУКО́ЎСКІ ((Żukowski) Антані Шыман [1766) (?) — 1834 (?)], бел. акцёр, антрэпрэнёр. У 1790—92 узначальваў польскія трупы ў Мінску і Вільні. У 1795 стварыў у Магілёве трупу, якая ставіла спектаклі на польск. і рус. мовах. У 1795 трупа вольных акцёраў пад кіраўніцтвам Ж. па запрашэнні графа С.Зорыча працавала ў яго Шклоўскім т-ры (выконвала польск. і рус. камедыі). Трупа Ж. выступала ў Гродне (1827, 1828, 1830),

Зэльве (1816). З 1811 узначальваў мінскую антрэпрызу, фактычна наладзіў рэгулярныя тэатр. паказы ў горадзе. З мінскай трупай гастраліраваў па Беларусі. У ёй выступалі вядомыя тагачасныя акцёры — К.Скібінскі, Ю.Жукоўская.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАКІ́НІ (Васіль Ігнатавіч) (1805, Масква — 30.1.1874),

расійскі акцёр. Сын італьянца і прыгоннай бел. балерыны П.Азарэвіч (гл. ў арт. Азарэвічы). Родапачынальнік сям’і рус. акцёраў Жывакіні. З 1825 у Малым т-ры (Масква). Вызначыўся як комік-буф у вадэвілях. Спалучаў прастату, натуральнасць выканання з яркай гратэскавасцю. буфанадай, імправізацыяй (часта сатырычнай). Лепшыя ролі: Жавіяль, Сінічкін («Страпчы пад сталом», «Леў Гурыч Сінічкін» Дз.Ленскага), Мардашоў («Аз і Ферт» П.Фёдарава). Выкарыстоўваў вадэвільныя прыёмы ў класічнай камедыі: Арган («Школа жонак» Мальера), Груміо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Падкалесін («Жаніцьба» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.К.Германовіч.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАН ((Zan) Тамаш) (21.12.1796, в. Мясата Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855),

польскі паэт-рамантык, удзельнік вызв. руху. Скончыў Віленскі ун-т (1820). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў віленскіх тайных т-ваў і студэнцкай моладзі — філаматаў, філарэтаў і прамяністых. У 1823 арыштаваны, у 1844 высланы ў Арэнбург, дзе вёў дзённік, даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей. З 1841 на Беларусі, вывучаў бел. фальклор. Аўтар паэм «Кошачка», «Табакерка», «Мёд», балад «Свіцязь-возера», «Твардоўскі», вершаў, элегій, трыялетаў, камедыі «Грэцкія піражкі» (1817; дзеянне адбываецца ў Мінску).

Тв.:

Triolety i wiersze milosne. Warszawa, 1922.

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЁ (Kaljo) Рыхард Янавіч <15.7.1914, С.-Пецярбург — 5.7.1978),

эстонскі графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1964). Вучыўся ў Вышэйшай маст. школе «Палас» у Тарту (1936—40). Выкладаў у Тартускім маст. ін-це (1944—48). Працаваў у тэхніках малюнка пяром, дрэварыту і лінагравюры. Творы вылучаюцца апавядальнасцю, яркасцю характарыстык, разнастайнасцю кампазіцыйных вырашэнняў («Вызваленне палітычных вязняў 22 чэрвеня 1940 года», 1940; «Бежанцы», 1942; «Збіранне бульбы», 1947; «Шахматысты», 1957; «Кавярня», 1961, і інш.). Аўтар ілюстрацый да твораў А.Дзюма і У.Шэкспіра, шматлікіх экслібрысаў.

Р.Кальё. Ілюстрацыя да камедыі У.Шэкспіра «Траіл і Крэсіда», 1962.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОРША́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з лют. 1915 па крас. 1918 у Оршы на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і міжнар. становішча краіны, падзеі на франтах 1-й сусв. вайны. Прыхільна сустрэла Лютаўскую рэв. 1917, агітавала за падтрымку Часовага ўрада, скліканне Устаноўчага сходу і вайну да пераможнага канца. Выступіла супраць Кастр. рэвалюцыі. Інфармавала пра бел. нац. рух, выступленне ў Оршы Першага т-ва бел. драмы і камедыі (паведамленні «Сярод беларусаў», «Беларускія спектаклі» і інш.). Друкавала лірычныя і прыродаапісальныя вершы, апавяданні і нарысы мясц. аўтараў. Выйшла 1040 нумароў.

У.М.Конан.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 28.1.1949, в. Селішча Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.2.1995),

бел. тэатральны мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1984 працаваў у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі (з 1986 гал. мастак), адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1988—89) і Ін-це культуры (1988—90). Работы вылучаюцца разнастайнасцю творчай манеры, ад тонкай стылізацыі да абагульненасці. Аформіў спектаклі: «Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка (1983), «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Блакітная ружа» Т.Уільямса і «Бездань» М.Матукоўскага (1991) і інш. ў Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Калі лялькі не спяць» Л.Мілевай (1983) у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача; «Кармэн» Ж.Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; «У наступным годзе ў гэты ж час» Б.Слэйда (1990) у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі; «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Сільва» І.Кальмана (1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі, а таксама ў муз. і драм. т-рах Краснаярска, Магадана (Расія), Чыятура (Грузія). З 1988 чл. праўлення Савета міжнар. асацыяцыі сцэнографаў і тэхнікаў т-ра.

Н.Я.Бунцэвіч.

У.Жданаў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Халопка» М.Стрэльнікава.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З.склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.А.Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.А.Бенда, К.Г.Нефе, І.Ф.Рэйхард. Тэксты для З.пісаў І.В.Гётэ. Станаўленне аўстр. З.звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.Дзітэрсдорфа, В.Мюлера і асабліва В.А.Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.Бетховен («Фідэліо»), Ф.Шуберт, К.М.Вебер, А.Лорцынг, О.Нікалаі, у венскай аперэце І.Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З.адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫГА́Л (франц. madrigal, італьян. madrigale ад позналац. matricale песня на матчынай мове),

1) у літаратуры — невялікі інтымна-жартоўны верш, што змяшчае ў сабе камплімент, найчасцей прысвечаны жанчыне. Вытокі бярэ з нар. паэзіі, з песень італьян. пастухоў, з 14 ст. вядомы ў прафес. паэзіі (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо). Да 16 ст. М. прызначаліся для муз. выканання, у канцы 16 — пач. 17 ст. зблізіліся з канцэртнымі і драм. жанрамі, часам складалі аснову камедыі. У 18 — пач. 19 ст. пашыраны як жанр салоннай і альбомнай лірыкі. У бел. паэзіі адзнакі М. прыкметныя ў вершах М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, М.Танка.

2) У музыцы — свецкі муз.-паэтычны жанр эпохі Адраджэння. Узнік у італьян нар. творчасці як 1-галосая лірычная песня на роднай мове (у адрозненне ад песнапенняў на лац. мове). У 14 ст. пашыраны ў форме 2—3-галосай куплетнай песні (часам у інстр. суправаджэнні) з вядучым верхнім голасам. У 16—17 ст. — 4—5-галосы вак. твор a cappella, заснаваны на нормах поліфаніі «строгага стылю» (А.Віларт, Ф.Вердэло, К.Феста, Ф.Б Картэча, Я.Аркадэльт, Дж.Палестрына, А.Ласа). Пашыраны таксама ў Англіі (Т.Морлі, Т.Уілкс, Дж.Уілбі), Германіі (Г.Л.Гаслер, Г.Шуц) і інш. еўрап. краінах. У канцы 16 — пач. 17 ст. наблізіўся да канцэртных і драм жанраў і стаў асновай мадрыгальнай камедыі.

А.А.Майсейчык (літаратура).

т. 9, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (сапр. Марманенка) Рыгор Васілевіч

(23.1.1903, Екацярынбург, Расія — 16.12.1983),

рускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1951). З 1921 акцёр Першага рабочага т-ра Пралеткульта ў Маскве. З 1924 працаваў у кіно як акцёр, асістэнт, сурэжысёр С.Эйзенштэйна (фільмы «Стачка», «Браняносец Пацёмкін»). З 1933 ставіў фільмы самастойна. Стварыў жанр муз.-эксцэнтрычнай камедыі: «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947). З інш. фільмаў: «Сустрэча на Эльбе» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рускі сувенір» (1960). Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)