БРАДЫКАРДЫ́Я (ад грэч. bradys павольны + kardia сэрца),
памяншэнне колькасці сардэчных скарачэнняў у мінуту: у дарослых менш за 60 удараў, у дзяцей першага года жыцця менш за 115, у дзяцей 3—5 гадоў менш за 100, пасля 7 гадоў менш за 80 удараў.
Найчасцей брадыкардыя ўзнікае пры запаволенай выпрацоўцы імпульсаў у сінусавым вузле — сінусавая брадыкардыя. Яна назіраецца ў трэніраваных спартсменаў, пажылых людзей як адзін з сімптомаў пры многіх захворваннях: інфекцыі (асабліва ў перыяд папраўкі), інфаркце міякарда і інш. Брадыкардыя адзначаецца пры павышаным унутрычарапным ціску (пры пухлінах мозга, менінгіце, кровазліцці ў галаўны мозг), можа быць сімптомам вегетатыўных дысфункцый пры павышаным тонусе блукаючага нерва. Запаволенне скарачэнняў сэрца (менш за 60 удараў у мін у дзяцей, да 40 — у дарослых) можа быць звязана з сінаурыкулярнай 2:1 або поўнай блакадай. Лячэнне брадыкардыі тэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К (Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),
Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучай амер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ГЛАС (Douglass) Фрэдэрык [сапр.Бейлі
(Bailey) Фрэдэрык Агастэс Вашынгтон; люты 1817, Такаха, каля г. Істан, штат Мэрыленд, ЗША — 20.2.1895], грамадскі дзеяч, публіцыст, адзін з лідэраў абаліцыянізму ў ЗША. Мулат, да ўцёкаў у паўн. штаты ЗША (1838) быў рабом. З 1847 выдаваў антырабаўладальніцкую газ. «The North Star» («Паўночная зорка»),
Пад уплывам Дж.Браўна выступіў заўзбр. барацьбу супраць негрыцянскага рабства. Адзін са стваральнікаў першых негрыцянскіх палкоў у грамадз. вайну ў ЗША 1861—65 і кіраўнікоў руху неграў за раўнапраўе ў час Рэканструкцыі Поўдня 1865—77. Выступаў за дэмакратызацыю грамадска-паліт. жыцця краіны, за правы жанчын. Аўтар антырабаўладальніцкага аўтабіягр. твора «Аповесць пра жыццё Фрэдэрыка Дугласа, амерыканскага раба» (1845, перапрацавана ў 1855 і 1881 пад інш. назвамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕІ́ДЫ,
адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.Скіяпарэлі, 1866).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ (Станіслаў Костка) (? — 1812?),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1761 падкаморы надворны, з 1765 прыдворны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з 1778 чашнік каронны. У 1784—86 чл.Пастаяннай рады, маршалак Гродзенскага сейма 1793. Выступаў за арыентацыю дзяржавы на Рас. імперыю. За садзейнічанне другому падзелу Рэчы Паспалітай прызначаны маршалкам надворным каронным і атрымаў тытул графа ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусіз уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА ПА ВЫ́РАБЕ ПІ́ВА І БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ «КРЫНІ́ЦА».
Засн. ў 1975 у Мінску як вытв. аб’яднанне «Мінскпіўпрам» (Мінскі піўзавод № 2). З 1989 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): піва, газіраваныя безалкагольныя напіткі, сухія напіткі і дэсерты. Вытв. магутнасць: піва — да 7 млн. дэкалітраў за год, сухія напіткі — больш за 1 тыс.т, безалкагольныя напіткі — больш за 1 млн. дэкалітраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы зкасм. апаратаў і інш.Гл. таксама Глабальны маніторынг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ ВО́СЛІК (Asellus aquaticus),
від ракападобных затр. раўнаногіх. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне прэсных стаячых і з павольным цячэннем вадаёмаў Еўропы, за выключэннем Пірэнейскага п-ва.
Даўж. да 20 мм. Корміцца жывымі і адмерлымі воднымі раслінамі, паядае лісце, якое падае ў вадаёмы (за жыццё з’ядае 168 мг). Ачышчае вадаёмы. Вадзянымі вослікамі кормяцца рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́РКА,
1) пасудзіна з клёпак або выдзеўбаная з дрэва, пашыраная на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Дыяметр у 1,5—2 разы большы за вышыню. Мела вушкі, за якія прывязвалі вяроўку або рамень і насілі цераз плячо. Бралі М. ў поле, на сенажаць, у лес.