ПІЛО́Н (грэч. pylōn літар. брама, уваход),

1) масіўны слуп (слупы), які служыць апорай арак, мастоў, перакрыццяў будынкаў ці падземных збудаванняў.

2) Невысокія слупы, пастаўленыя па баках уезда ці ўвахода на тэр. сядзіб, палацаў, паркаў і інш. (найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму).

3) Вежападобнае збудаванне ў форме ўсечанай піраміды (у плане выцягнуты прамавугольнік) з трапецападобным фасадам. П. ставілі абапал вузкага ўвахода ў стараж.-егіпецкія храмы (каля 2050—1700 да н.э.).

С.​А.​Сергачоў.

Пілоны старажытна-егіпецкага храма.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛТА́НАЎСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Салтанаўка Магілёўскага р-на. Пабудавана ў 1912 (арх. К.​Міхайлаў, скульпт. П.​Яцына) з нагоды 100-годдзя перамогі тут рас. войск у вайне 1812. Цаглянае квадратнае ў плане збудаванне мае цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, завершаную высокім шатром. Нізкі цокаль выступае за плоскасць сцен. Пластыку фасадаў узбагачаюць паўкалоны тасканскага ордэра, антаблементы з трохвугольнымі франтонамі. Вузкія крыжападобныя аконныя праёмы размешчаны ў паўцыркульных нішах. Іл. гл. да арт. Неакласіцызм.

А.​А.​Міцянін.

т. 14, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ КАПЛІ́ЦА ДАМІНІ́КА,

помнік архітэктуры ракако ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1745 з цэглы. Цэнтрычнае вежападобнае 3-яруснае збудаванне. 2 ніжнія ярусы маюць квадратнае сячэнне з увагнутымі гранямі і зрэзанымі вугламі, выразна падкрэслены чарапічнымі схіламі і прафіляванымі карнізамі. 1-ы ярус масіўны, маналітны, устаноўлены на нізкім цокалі; 2-і скразны, з 4 арачнымі прасветамі (прызначаліся для скульптуры св. Дамініка; не захавалася), 3-і — фігурная ўвагнута-пукатая вежачка з шатровым пакрыццём.

А.​М.​Кулагін.

Слонімская капліца Дамініка.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,

помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.

Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).

Амеядаў мячэць. Унутраны двор.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАСАСХО́ВІШЧА,

збудаванне ў выглядзе траншэі або вежы для прыгатавання і захоўвання сіласу. Ахоўваюць сіласную масу ад доступу паветра, пранікнення вады і прамярзання.

Будуюцца звычайна на тэр. жывёлагадоўчых або птушкагадоўчых ферм з найкарацейшымі адлегласцямі падачы сіласу для скормлівання. Траншэі бываюць наземныя, паўзаглыбленыя і заглыбленыя, сцены іх звычайна уцяпляюць грунтам, днішчы робяць з нахілам для сцёку вадкасці. Аб’ём 500—4000 м³. Гл. таксама Сянажнае сховішча.

Сіласасховішча: 1 — наземнае з жалезабетонных блокаў; 2 — з бутавага каменю; 3 — паўзаглыбленае з цэглы; 4 — з жалезабетонных пліт.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРЫ́ЦЦЕ,

фартыфікацыйнае збудаванне, якое выкарыстоўваецца для маскіроўкі і аховы асабовага складу, ваен. тэхнікі і маёмасці ад сродкаў паражэння праціўніка. Для У. асабовага складу абсталёўваюць шчыліны, бліндажы, сховішчы; для ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў — У. катлаваннага і насыпнога тыпаў, нішы і інш. Для найб. важнай тэхнікі (самалёты, ракетныя комплексы і інш.) будуюць У. закрытага тыпу, у т. л. падземныя. Пад У. выкарыстоўваюць таксама элементы рэльефу (яры, пячоры, лясныя масівы, лагчыны і інш.), мясц. аб’екты (будынкі, дамбы, шахты і інш.).

І.​А.​Шор.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМПЛІ́Н (франц. tremplin ад італьян. trampolino, ад trampolo хадулі),

спартыўны снарад (прылада) або збудаванне, якое забяспечвае павелічэнне адлегласці палёту спартсмена ў момант скачка. Адрозніваюць Т. для гімнастычных скачкоў, скачкоў на лыжах, водных лыжах, у ваду, фрыстайле і інш. Т. гімнастычны — спружыністая нахілена пастаўленая дошка, якая выкарыстоўваецца ў гімнастыцы, акрабатыцы для ўзмацнення адскоку ад апоры. Т. для скачкоў на лыжах — спарт. збудаванне, якое складаецца з гары разгону з верт. уступам і гары прызямлення, што пераходзіць у гарыз. пляцоўку. Абсталёўваецца пад’ёмнікам (ліфт, канатная дарога і інш.). У залежнасці ад прызначэння (для абучэння ці спарт. удасканаленасці) т.зв. магутнасць Т. (аптымальная даўж. скачка, на якую разлічаны Т.) бывае да 120 м і больш. Існуюць прыродныя (на схіле гары), штучныя (на эстакадах) і камбінаваныя. Т. для скачкоў у ваду — дошка даўж. 4,8—5 м, шыр. 0,5 м, якая прымацоўваецца да рамы скачковай вышкі на выш. 1 і 3 м ад паверхні вады. Адзін канец яе замацоўваецца шарнірна ці жорстка, у сярэдняй ч. абапіраецца на валік, што дае магчымасць мяняць жорсткасць і амплітуду ваганняў дошкі. Т. для скачкоў на водных лыжах — пакаты нахілены памост з гладкай паверхняй, даўж. да 6,7 м, шыр. каля 4 м, выш. над вадой да 1,8 м у мужчын і да 1,5 м у жанчын. Т. трохступеньчаты — снарад для наземнага навучання і трэніроўкі парашутыстаў. Дае магчымасць выпрацоўваць навыкі прызямлення.

т. 15, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),

стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЛЬТР (ад бія... + фільтр),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв. біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІНДА́Ж (франц. blindage),

фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараў ядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.

Канструкцыя бліндажа.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)