ПТА́ШНІКАЎ (Іван Мікалаевіч) (н. 7.10.1932, в. Задроздзе Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). Скончыў БДУ (1957). Працаваў у Дзярж. выд-ве БССР (1957—58), час. «Маладосць» (1958—62), «Полымя» (1962—95). Друкуецца з 1952. Першая кн.апавяд. і аповесцей «Зерне падае не на камень» (1959). Аповесць «Лонва» (1965), апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка», «Эфка» пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны і першых пасляваен. гадоў. Суровая праўда ў паказе трагічных падзей вайны, псіхал. дакладнасць і глыбіня ў выяўленні мужнасці і самаахвярнасці звычайнага чалавека ў аповесцях «Тартак» (1967, аднайм. фільм бел. тэлебачання паводле сцэнарыя аўтара 1974) і «Найдорф» (1975, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1978). У раманах «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1985, аднайм. тэлеспектакль 1989) адлюстравана жыццё бел. вёскі ў 1960—80-я г., раскрыты духоўны свет селяніна-працаўніка, яго сувязь з зямлёю і прыродай. У апавяданні «Львы» актуальная для Беларусі тэма Чарнобыля. Апавяданні «Францужанкі» і «Тры пуды жыта» пра драм. старонкі нар. жыцця. звязаныя з неабгрунтаванымі паліт. рэпрэсіямі. Апавяданне «Пагоня» трагедыйнага зместу; скіравана супраць самазнішчэння ў прыродзе і грамадстве.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1990—92;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Львы. Мн., 1991.
Літ.:
Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976. С. 66—108;
Яго ж. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 10—30;
Яго ж. Чалавек на зямлі. Мн., 1988. С. 10—30;
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974. С. 106—132;
Шамякіна Т. На лініі перасячэння. Мн., 1981. С. 33—91;
Яе ж. Некаторыя асаблівасці стылю І.Пташнікава // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1974. № 5;
Иващенко В. Круги надежды и добра. Мн., 1983. С. 4—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-рфілал.н. (1984). Ганаровы д-рБДУ (1993). Акад.Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел.нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр.арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл.Рэв.укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр.с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр.с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр.камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.
Тв.:
Рус.пер.: — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1911—17;
Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),
асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.
Літ.:
Мораль, сознание и поведение. М., 1986;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),
італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўнысан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян.літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.Баршчэўскі, Ю.Гаўрук, М.Дуброўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Санеты. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
Рус.пер. — Избранное. М., 1974;
Сонеты. Мн., 1982;
Эстетические фрагменты. М., 1982;
Лирика. М., 1989;
Африка: Поэма. М., 1992;
Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;
Сочинения философские и полемические. М., 1998.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫНЬ І КІРУ́НАКу літаратуры і мастацтве,
эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел.выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.
Літ.:
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,
адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.
Літ.:
obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;
Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід.духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з С.Гаўрусёвым), зб. вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Палёт. Мн., 1982;
Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;
Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;