Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ
(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),
французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл.Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.Расіна, італьян.нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл.драм.т-р.
Тв.:
Рус пер. — Комедии. М., 1961;
Жизнь Марианны. М., 1968;
Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЁТАЧКА»,
бел.нар.гульня. Гульцы (ад 6 і болей) выбіраюць «першага» і «расплятальніка». «Расплятальнік» адыходзіць убок і адварочваецца. Гульцы становяцца ў кола тварам да цэнтра, пачынаючы з «першага», па чарзе заплятаюцца (пераступаюць праз рукі, пераносяць іх над галавой і інш.), не расчапляючы рук, у адзін клубок, пасля завуць «расплятальніка», які павінен іх расплесці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ШАНЬКА»,
бел.нар.гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ВІЧ (Дзмітрый Анатолевіч) (н. 7.4.1965, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.АМ (1993). Праз адметную сістэму знакаў стварае вобразнае канструяванне карцін унутр. жыцця чалавека. Канкрэтную ідэю ўвасабляе ў старанна прадуманых, часам спрошчаных і выразных вобразах, якія пазбаўлены адназначнасці і дазваляюць асэнсаваць узнятыя праблемы ў розных планах. Сярод твораў: «Падарожжа», «Эскімо», «Калекцыя», «Раўнавага», «Кішэня», «Гульня», «Сустрэча», «Кампазіцыя» (усе 1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ [франц. parti ад лац. pars (partis) частка, група],
1) палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа, іншых сац. груп і слаёў, аб’ядноўвае найб. актыўных іх прадстаўнікоў і кіруе барацьбой для дасягнення пэўных мэт.
2) Група людзей, аб’яднаных для якой-н. мэты; атрад (напр., П. геолагаў).
3) Пэўная колькасць прадметаў, тавару.
4) Гульня (у шахматы, шашкі, карты і пад.) да пэўнага выніку.