СКАЛО́ТЫ,

адна з саманазваў усіх або адной груп прычарнаморскіх скіфаў, пра якую піша Герадот (5 ст. да н.э.) у 4-й кнізе сваёй гіст. працы; сцвярджае таксама, што назва «С.» паходзіць ад скіфскага «цар». Некат. вучоныя мяркуюць, што С. наз. скіфы-земляробы.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ТНЕС (англ. fitness прыдатнасць, слушнасць, добрае здароўе),

розныя формы фізічнай культуры аздараўленчага і спарт. кірунку. Выкарыстоўвае шырокі комплекс фіз. практыкаванняў: аэробікі, элементаў гімнастыкі, танц. рухаў, баявых мастацтваў, псіхатрэнінгу. Заняткі праводзяцца ў фітнес-клубах, залах, басейнах, на адкрытых пляцоўках для розных узроставых груп насельніцтва.

т. 16, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРТЫ́, алкаголі, алканолы,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну або некалькі гідраксільных (—OH) груп пры насычаных атамах вугляроду. Паводле колькасці OH-груп адрозніваюць С. аднаатамныя (напр., метылавы спірт, этылавы спірт), двухатамныя, ці гліколі, трохатамныя (напр., гліцэрына) і шмататамныя, ці паліолы [напр., C(CH2OH)4 пентаэрытрыт]. Аліфатычныя аднаатамныя С. паводле характару вуглевадароднага радыкала, злучанага з OH-групай, падзяляюць на першасныя RCH2OH, другасныя R2CHOH і трацічныя R3COH. Злучэнні з OH-групай пры падвойнай вуглярод-вугляроднай сувязі наз. еноламі (звычайна няўстойлівыя), пры атамах вугляроду араматычнага кальца — феноламі. У прыродзе С. ў выглядзе складаных эфіраў ёсць у ліпідах, восках, эфірных алеях, трапляюцца і ў свабодным стане (напр., у язмінным алеі ёсць бензілавы спірт, у ружавым — фенетылавы C6H5CH2CH2OH).

Бясколерныя вадкасці або цвёрдыя рэчывы, добра растваральныя ў большасці арган. растваральнікаў. Аднаатамныя аліфатычныя С. з 1—3 атамамі вугляроду ў малекуле змешваюцца з вадой у любых суадносінах, вышэйшыя (маюць больш за 6 атамаў вугляроду) практычна нерастваральныя. Пры павелічэнні колькасці OH-груп у малекуле растваральнасць С. узрастае; паліолы раствараюцца ў вадзе неабмежавана. С. праяўляюць слабыя кіслотныя ўласцівасці — з актыўнымі металамі ўтвараюць солі — алкагаляты. Для С. характэрныя рэакцыі акіслення, дэгідратацыі, утварэння простых і складаных эфіраў. Атрымліваюць С. гідратацыяй алкенаў, гідролізам галагеналканаў, аднаўленнем аксіду вугляроду, альдэгідаў, кетонаў і інш. спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў, лек. прэпаратаў, мыйных сродкаў і інш., як растваральнікі. Гл. таксама Амілавыя спірты, Бутылавыя спірты, Ізапрапілавы спірт, Цыклагексанол, Этыленгліколь.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНА-ПРАГРАМАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т у паліграфіі,

апарат для падрыхтоўкі праграм кіравання наборнымі аўтаматамі. Мае клавіятуры з асартыментам знакавых і камандных клавіш, якія дазваляюць набіраць (праграмаваць) тэксты розных груп складанасці, у т. л. формулы, табліцы і да т.п. Запіс робіцца на перфастужцы, магн. стужцы, інш. носьбітах інфармацыі.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),

складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫІ ТАНА́ЛЬНЫЯ ў музыцы,

роля акордаў (гукаў) у пэўнай танальнасці. Вызначаюцца суадносінамі ўстойлівых і няўстойлівых акордаў (гукаў) у танальнай гармоніі. З асн. Ф.т. устойлівасць уласціва тоніцы, няўстойлівасць — дамінанце, субдамінанце і адпаведна акордам дамінантавай і субдамінантавай груп. Гл. таксама Лад, Функцыі ладавыя, Гукарад.

Т.​А.​Дубкова.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,

хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.

Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. У якасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (у асн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.

Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.

С.​І.​Ярчакоўская.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.

Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял. Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.​А.​Несцерука (1-ы сакратар), Ф.​К.​Гурмана (2-і сакратар), П.​Л.​Мурашкі (3-і сакратар), А.​С.​Гурынчука, П.​Ф.​Жука, К.​А.​Замулкі, М.​Х.​Несцерука, В.​М.​Хоміча, А.​Я.​Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТРА́ГІН Леў Сямёнавіч (3.9.1908, Масква — 3.5.1988),

савецкі матэматык. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1939), Герой Сац. Працы (1969). У 14 гадоў аслеп. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). З 1930 у Маскоўскім ун-це (з 1935 праф.), адначасова з 1934 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова АН СССР (з 1939 заг. аддзела). Навук. працы па тапалогіі, тэорыі неперарыўных груп, дыферэнцыяльных ураўн., тэорыі кіравання. Адкрыў агульны закон дваістасці, пабудаваў тэорыю характараў неперарыўных камутатыўных груп. Стварыў тэорыю аптымальных працэсаў, у аснове якой ляжыць прынцып максімуму П. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1975. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР 1966.

Тв.:

Обыкновенные дифференциальные уравнения. 5 изд. М., 1982;

Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983 (у сааўт.);

Непрерывные группы. 4 изд. М., 1984;

Основы комбинаторной топологии. 3 изд. М., 1986.

Літ.:

Л.​С.​Понтрягин. М., 1983.

Л.С.Пантрагін.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,

першая рэв. паліт. арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.​В.​Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.

В.​В.​Шамко.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)