кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав.грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,
добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш.функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
асобы рэжым дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, які дазваляе ўстаноўленыя спец. законам абмежаванні правоў і свабод грамадзян, правоў юрыд. асоб, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў. Уводзіцца звычайна ў выпадках буйных грамадскіх беспарадкаў, унутр.узбр. канфліктаў, а таксама стыхійных бедстваў і тэхнал. катастроф. У Рэспубліцы Беларусь, паводле дзеючай Канстытуцыі, адрозніваюцца ўласна Н.с. і ваеннае становішча. Пры неабходнасці гэтыя рэжымы ўводзяцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з унясеннем прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл.Абсентэізм).
Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав.грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.
Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’Е́КТ ПРА́ВА,
пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВАЯ ГАСПАДА́РКА,
падгаліна жыллёва-камунальнай гаспадаркі; сукупнасць жыллёвага фонду, жыллёва-эксплуатацыйных і інш. арг-цый, якія забяспечваюць утрыманне, аднаўленне і павышэнне якасці жылых дамоў і памяшканняў, абслугоўванне грамадзян, якія ў іх пражываюць. У Рэспубліцы Беларусь сістэма жыллёва-эксплуатацыйных арг-цый уключае абласныя, раённыя і гарадскія вытв. ўпраўленні, якія аб’ядноўваюць жыллёва-эксплуатацыйныя службы (участкі, ЖЭС). У сістэму Ж.г. ўваходзяць таксама жыллёва-камунальныя канторы прадпрыемстваў, якія маюць на балансе жыллёвы фонд, недзяржаўныя кампаніі па кіраванні жылымі дамамі і інш. арг-цыі, якія аказваюць паслугі ў сферы ўтрымання жылля.