Народны антыфеад. рух на Беларусі супраць пануючага класа феадалаў у сярэдзіне 17 ст. пад уплывам паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага перарос у антыфеадальную вайну. У падтрымку гэтага руху Хмяльніцкі паслаў на Беларусь казацкія атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, І.Галотай, А.Нябабай і інш.Найб. актыўныя ваен. дзеянні адбыліся на Пд і ПдУ Беларусі. Летам і восенню 1648 казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Бабруйскам, Брагінам, Гомелем, Кобрынам, Мазыром, Пінскам і інш. Восенню 1648 сфарміраваны шляхецкія апалчэнні, якімі камандаваў польны гетманВКЛ Януш Радзівіл, павялічана колькасць наёмнікаў. Каб ізаляваць бел. землі ад пранікнення казакоў, Радзівіл, сабраўшы 12—14 тыс. войска, накіраваў яго часткамі на чале з Мірскім, Валовічам і Я.Пацам да Пінска, Чачэрска і інш. гарадоў, захопленых паўстанцамі. У баі за Пінск загінула больш за 3 тыс. жыхароў, горад быў спалены, больш за 1500 паўстанцаў загінула ў баі за Чэрыкаў. На пач. 1649 урадавыя войскі вызвалілі ад казакоў і паўстанцаў Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск і жорстка расправіліся з імі. У 1-й пал. 1649 войскі ВКЛ задушылі паўстанне. Летам 1649 на Беларусь зноў прыйшлі казацкія атрады Р.Гаркушы, С.Падабайлы, М.Крычэўскага і інш., да якіх далучаліся мясц. сяляне і гараджане. У баях загінулі казацкія атаманы Галота, М.Нябаба, Крычэўскі, Міхненка і інш. У ліп. адбылася Лоеўская бітва 1649. Ваен. дзеянні працягваліся да восені 1651. Пасля паражэння Б.Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага дагавора 1651 казацкія атрады выведзены з Беларусі і вайна скончылася.
Літ.:
Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;
Шуляковский Е.Г. Участие белорусского народа в освободительной войне 1648—1654 гг. // Вопр. истории. 1954. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,
польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).
Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:
Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.
Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.
Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.
Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург.Канд.гіст.н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦККПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1974), «Соль» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.Коласа (муз. Ю.Семянякі, паст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
П’есы. Мн., 1976;
Соль: П’есы. Мн., 1988;
Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;
Рус.пер. — Избранное. М., 1986.
Літ.:
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;
Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;
Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл.Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял.гетманВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач.Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.Тышкевічам і Р.Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.
Літ.:
Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЫ (у 15—16 ст.Пацавічы),
магнацкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Паходзіць ад Паца Даўкшавіча, ад імя якога ўтварылася родавае прозвішча. У 15 ст. валодалі маёнткамі ў Лідскім, з 16 ст. — у Берасцейскім і Гарадзенскім пав., мяст. Магільна і Астравец, у пач. 17 ст. набылі Чартарыйск, Відзы, Галоўчын, Княжыцы і інш.Найб. вядомыя:
Юрый Пацавіч (?—1505), маршалак гаспадарскі і намеснік ковенскі з 1480, ваявода кіеўскі (каля 1483—92), намеснік новагародскі з 1492, полацкі ў 1496—1501. Мікалай Юр’евіч (?—1545 або 1546), лоўчы ВКЛ у 1509—42, падкаморы ВКЛ у 1527—42, ваявода падляшскі з 1543. Дамінік (?—1579), кашталян смаленскі з 1571. Станіслаў (1525—88), падстолі ВКЛ з 1552, ваявода віцебскі з 1566. Павел (1530—95), кашталян віцебскі з 1566, ваявода мсціслаўскі з 1578, кашталян віленскі з 1593. Ян (1550—1610), чашнік ВКЛ з 1581, ваявода менскі з 1600. Стафан (1587—17.11.1640), пісар вялікі ВКЛ у 1615—30, рэферэндар свецкі ВКЛ у 1626—30, падскарбі надворны ў 1630, падскарбі вялікі з 1630, падканцлер з 1635, староста берасцейскі. Крыштоф Зыгмунт (1621—10.1. 1684), харунжы вялікі ВКЛ з 1646, падканцлер з 1656, канцлер з 1658, староста ковенскі, пінскі. Узначальваў антырадзівілаўскую групоўку П., якая да сярэдзіны 1680-х г. фактычна кіравала ВКЛ. Міхал Казімір (1624—4.4.1682), чашнік ВКЛ у 1659, абозны вялікі з 1659, генеральны рэгіментар (камандуючы) войскамі ВКЛ у 1659 і 1663, ваявода смаленскі і гетман вялікі з 1667, ваявода віленскі з 1669. Актыўны ўдзельнік вайны з Расіяй 1654—67, ваен. кампаній супраць Турцыі. Казімір Міхал (7—1719), пісар вялікі ВКЛ у 1683—1710, маршалак надворны ў 1708—09. Крыштоф Канстанцін (?—1725), пісар вялікі ВКЛ з 1710, кашталян полацкі з 1724, староста ковенскі, пінскі і дудскі. Міхал Ян (1730—кастр. 1787), ген.-лейт. (1766 або 1767), удзельнік Радамскай канфедэрацыі 1767, маршалак літоўскі Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1736—13.3.1797), ген.-м. (1757), удзельнік паўстання 1794, чл.Найвышэйшай літоўскай рады. Людвік Міхал (19.5.1780—31.8.1835), ген. брыгады ў польск. корпусе напалеонаўскай арміі (1812), ген. дывізіі (1814), граф французскай імперыі, сенатар-кашталян Каралеўства Польскага з 1825, у час паўстання 1830—31 камандаваў корпусам, часовы галоўнакамандуючы (1830), сенатар-ваявода (1831), чл.Адм. рады ў Варшаве. Памёр у эміграцыі. Апошні з роду П.
Літ.:
Wolff J. Pacowie: Materyjały historyczno-genealogiczne. Pb., 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГУ́ШКІ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паходзілі ад Фёдара Альгердавіча (? — каля 1431), які меў сына Сангушку (памяншальны варыянт імя Аляксандр, Васіль або Сямён), родапачынальніка С. Валодалі маёнткамі ў асн. на Валыні. Ад сыноў Сангушкі Аляксандра і Міхаіла пайшлі лініі Сангушкі-Кашырскія і Сангушкі-Ковельскія. У 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ і Польшчы. Напачатку вызнавалі праваслаўе, з 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З Беларуссю найб. звязаны:
Васіль (?—1557?), сын Міхаіла Сангушкавіча. У 1543 перадаў каралеве Боне Ковельскі маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны і Абольцы ў Віцебскім ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусі; трымаў Свіслацкую дзяржаву. Андрэй Міхайлавіч (?—4.10.1560), сын Міхаіла Аляксандравіча, маршалак гаспадарскі ў 1522—53, спраўца Кіеўскага ваяв. ў 1540—42, староста луцкі ў 1542—59. Аляксандр (каля 1508—1565), сын Андрэя Міхайлавіча, дзяржаўца гомельскі ў 1535—36, маршалак гаспадарскі з 1547. Раман (каля 1537—12.5.1571), сын Фёдара, староста жытомірскі з 1557, ваявода брацлаўскі з 1566, адначасова гетман дворны (польны) ВКЛ з 1569, староста рэчыцкі з 1568. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ? — ліст. 1638), сын Андрэя, маршалак аршанскі ў 1620, кашталян мсціслаўскі ў 1620—21 і віцебскі ў 1621—26, ваявода віцебскі з 1626. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл.Смалянскі замак). Казімір Антоній (1677—30.5.1706), сын Гераніма, маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 і маршалак вялікі ў 1703. Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Гераніма, стольнік ВКЛ у 1708—09, падскарбі дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 і маршалак вялікі з 1734. У 1733 прэтэндэнт на трон Рэчы Паспалітай. Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля, мечнік ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750-60. Юзаф Паўлін Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля, староста крамянецкі ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 і вялікі з 1768. Геранім Януш (4.3.1743—4.9.1812), сын Паўла Караля, ген.-паручнік войска ВКЛ (1775), мечнік ВКЛ у 1775, ваявода валынскі з 1775. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў чын ген.-паручніка рас. арміі (1793). Удзельнічаў у паўстанні 1794, у Гродне прыняў камандаванне над войскам ВКЛ і прывёў яго на абарону Варшавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Леў Іванавіч) (4.4.1557, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1633),
бел. дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З магнацкага роду Сапегаў. Пісар вялікі ВКЛ у 1581—85, падканцлер у 1585—89, канцлер у 1589—1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570—73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. У 1579—81 прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—83. Разам з канцлерам А.Б.Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У 1584 падпісаў у Маскве пагадненне аб перамір’і. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапанаваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. На царк. саборы ў Брэсце ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Паводле яго загаду ў 1594—1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600—01 узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай. У 1609, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. У 1617—18 садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 С. ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства. У 1625 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале дывізіі ў Інфлянтах. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і займаць ёй дзярж. пасады ў ВКЛ.
Літ.:
Саверчанка І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Ян Казімір) (? — 22.2.1730),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял.гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр.гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.