СЛО́НІМСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ У 2-й пал. 18 ст. ў г. Слонім вял. гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі (гл. ў арт. Агінскія) засн. мануфактуры, якія выраблялі шаўковыя тканіны. «персідскія дываны», кілімы і інш. тканыя рэчы. Росквіт вытв-сці дываноў прыпадаў на 1788—92. У 1820—1914 дзейнічалі 2 суконныя, саламяных каўпакоў (1895—1914) і гарбарная (1905) мануфактуры. Суконная мануфактура (засн. ў 1820) у 1828 мела 28 ткацкіх, 8 фарбавальных станкоў, 15 прадзільных, 9 часальных, 7 ворсавых, 20 стрыгальных машын, валюшню, прэс; працавалі 162 рабочыя, 12 майстроў. На 1-й Усерас. прамысл. выстаўцы (Пецярбург, 1829) мануфактура адзначана малым залатым медалём. У 1833 атрымала права мець на сваіх вырабах дзярж. герб. На 4-й Усерас. прамысл. выстаўцы (Масква, 1835) адзначана вял. залатым медалём. Другая суконная мануфактура ў 1823 мела 13 ткацкіх станкоў, працавала 111 вольнанаёмных рабочых На мануфактуры саламяных каўпакоў (для ўпакоўкі бутэлек) у 1900 працавала 65 чал. На гарбарнай мануфактуры працавала 90 чал.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭБРЫ́З, Таўрыз,

горад на ПнЗ Ірана, у даліне р. Аджычай, адм. ц. астана Усх. Азербайджан. Каля 1,5 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Важны гандл.-трансп. пункт на шляхах у Закаўказзе і Турцыю, эканам. і культ. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: трыкат., маш.-буд., металаапр., дыванаткацтва, гарбарная, дрэваапр., шкляная, запалкавая, хім., нафтаперапр., харчасмакавая. Старадаўні цэнтр дыванаткацтва і выяўл. мастацтва. Азерб. ун-т. Арх. помнікі: саборная мячэць Алішаха (14 ст., з пач. 19 ст. — цытадэль), руіны Блакітнай мячэці (15 ст.).

Засн. ў 3 або 4 ст. Сасанідамі. У канцы 13 — пач. 16 ст. неаднаразова быў сталіцай розных дзяржаў на тэр. сучаснага Ірана. Тут адбылося Тэбрызскае паўстанне 1571—73. У 18 — пач. 19 ст. Т. — сталіца Тэбрызскага ханства, у 19 — пач. 20 ст. — рэзідэнцыя нашчадкаў прастола шахаў з каджарскай дынастыі. Адзін з цэнтраў нац.-вызв. і дэмакр. руху 20 ст. (Тэбрызскае паўстанне 1908—09, рухі 1920 і 1945—46). Цэнтр маст. рамяства, у т. л. Тэбрызскай школы мініяцюры 13—16 ст.

т. 16, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bielskie),

на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс. км², нас. 906,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц. — г. Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб. выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л. аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет. прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕСО́ТА (Minnesota),

штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс. км². Нас. 4658 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.​Х.​Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал. прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулут.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́Н-БА́ТАР,

(Улаанбаатар), горад, сталіца Манголіі. Размешчаны ў даліне р. Тола (бас. р. Селенга), на выш. 1300—1350 м. Вылучаны ў самаст. адм. адзінку. 680 тыс. ж. (1997, з г. Налайха). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. (больш за % валавой прамысл. прадукцыі Манголіі) і культ. цэнтр краіны. Лёгкая прам-сць (гарбарная, шарсцяная, лямцавая, камвольная і інш.), паліграф. камбінат, вытв-сць буд. матэрыялаў; дрэва- і металаапр. прадпрыемствы, аўтарамонтны з-д, харч. прам-сць. 4 ЦЭЦ. АН Манголіі, ун-т. Музеі. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.

Засн. ў 1639 як качавая (з 1778 аселая) рэзідэнцыя кіраўніка ламаісцкай царквы ў Манголіі пад назвай Арго (Урга). З 1706 наз. Іх-Хурэ (Вял. манастыр), з 1911 — Нійслэл-Хурэ (Сталічны манастыр). З 2-й пал. 18 ст. Іх-Хурэ — рэзідэнцыя маньчжурскага амбаня (намесніка) і адм. цэнтр Манголіі Знешняй. У 1911—15 Нійслэл-Хурэ — сталіца манг. феадальна-тэакратычнай дзяржавы, з 1915 — гал. горад аўт. Знеш. Манголіі. У 1919 акупіраваны кіт. войскамі, у лют. 1921 — атрадамі рас. белагвардзейцаў. У ліп. 1921 вызвалены Манг. нар. арміяй пры падтрымцы Чырв. Арміі. У ліст. 1924 перайменаваны ва У.-Б. і стаў сталіцай Манголіі.

т. 16, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ УНУ́ТРАНАЯ, Аўтаномны раён Унутраная Манголія. На Пн Кітая, мяжуе з Мангольскай Рэспублікай. Пл. 1,2 млн. км² (паводле кіт. крыніц). Нас. 21,8 млн. чал. (1992). Адм. цэнтр — г. Хух-Хота. На ПнУ размешчаны хрыбты Вял. Хінгана (выш. да 2034 м), на З — пласкагор’і (выш. 500—1500 м). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -28 °C, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Гал. рака Хуанхэ — суднаходная. На З пераважаюць пустыні, у цэнтры паўпустыні і стэп, у гарах на Пн — тайга. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць засухаўстойлівыя гатункі збожжавых (яравая пшаніца, гаалян, проса, грэчка, авёс, кукуруза), тэхн. культуры (соя, сланечнік, каноплі, бавоўнік, цукр. буракі). Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, коней, вярблюдаў. Прам-сць: горназдабыўная (жал. руда, каменны вугаль), чорная металургія, машынабудаванне, электратэхніка, лёгкая (гарбарная, шарсцяная, тэкст.), харч. (мясная, цукр., мукамольная), буд. матэрыялаў. Гал. прамысл. цэнтры: Баатоў, Хух-Хота, Цзінін. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

Да сярэдзіны 17 ст. тэр. М.У. займалі паўд.-манг. княствы, у 1634 заваяваныя маньчжурамі, у 1636 перайменавана імі ў М.У. З канца 19 ст. пачалося масавае перасяленне ў М.У. кіт. каланістаў. У 1932—45 значная частка М.У. акупіравана яп. войскамі, якія намагаліся стварыць сабе апору з мясц. манг. князёў. З 1947 аўт. раён Кітая.

т. 10, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАЦЬЕ́ (Poitiers),

горад на З Францыі, на р. Клен (бас. Луары). Адм. ц. дэпартамента В’ена і гал. горад гіст. вобл. Пуату. Каля 120 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., хім., гарбарная, харчовая. Ун-т (1432). Музеі. Руіны рым. амфітэатра, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. раманскі сабор Сен-Жан са славутымі рэльефамі і саркафагамі Меравінгаў.

У старажытнасці гал. цэнтр плямён піктонаў і значны камунікацыйны вузел рым. Галіі. У 507 франкскі кароль Хлодвіг I паблізу П. разбіў вестготаў. З 6 ст. важны гасп., культ. і рэліг. цэнтр. У 732 франкскае войска на чале з Карлам Мартэлам разбіла каля П. арабаў, якія ўварваліся ў Францыю з Іспаніі, і спыніла прасоўванне іх у Еўропу. У 9—18 ст. П. — гал. горад графства і правінцыі Пуату. У 9 ст. яго шмат разоў руйнавалі нарманы. У выніку шлюбу (1152) паміж Элеанорай Аквітанскай і Генрыхам Плантагенетам П. адышоў да Англіі. У 12 ст. горад атрымаў самакіраванне. У 1204 вернуты Францыі. У 1356 каля П. ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войска прынца Эдуарда Уэльскага (Чорнага прынца) перамагло франц. рыцарскае апалчэнне караля Іаана II Добрага, што выклікала Парыжскае паўстанне 1357—58 і Жакерыю. Пасля падзелу правінцыі Пуату на дэпартаменты (1790) горад страціў б. значэнне.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЦЗЯ́Н-УЙГУ́РСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Сіньцзян,

аўтаномны раён на ПнЗ Кітая. На Пн і З мяжуе з Манголіяй, Расіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, Індыяй. Пл. 1600 тыс. км², нас. каля 18 млн. чал. (2001), у т. л. уйгуры (75%), сярод астатніх найб. кітайцаў. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Урумчы. Большая ч. паверхні — пустынная і паўпустынныя Джунгарская і Кашгарская раўніны, падзеленыя хрыбтамі Усх. Цянь-Шаня. На Пд горы Куньлунь і Каракарум (г. Чагары выш. 8611 м), на Пн Мангольскі Алтай. Клімат субтрапічны засушлівы, кантынентальны. Ападкаў на раўнінах 100—300 мм за год, у гарах да 800 мм. Расліннасць пераважна пустынная і паўпустынная. У гарах хваёвыя лясы. Найб. развіта сельская гаспадарка. Земляробства пераважна на арашальных землях. Гал. с.-г. культуры — пшаніца, кукуруза, рыс (займаюць больш за 50 % апрацаваных зямель), а таксама бавоўнік, рапс, каноплі. У аазісах вінаградарства і садоўніцтва (абрыкосы, яблыкі, грушы, грэцкі арэх), бахчаводства (дыні, кавуны). Шаўкаводства. У пустынях і паўпустынях (найб. на Пн) жывёлагадоўля (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, вярблюды, коні). Здабыча нафты, вугалю, рэдкіх і каштоўных металаў, графіту, нефрыту. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр., металургічная, маш.-буд. (аўтазборка і аўтарамонт, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім., буд. матэрыялаў, тэкст., гарбарная. Рамёствы (тканіны, дываны, кашма, скуры і скураныя вырабы, папера і інш.). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),

горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц. Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.

Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш. нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́РА ШТУ́ЧНАЯ,

матэрыял прамысл. вытв-сці, які выкарыстоўваюць як заменнік натуральнай скуры. Паводле характару вытв-сці, тыпу матэрыялаў і вырабаў адрозніваюць С.ш. мяккія, цвёрдыя (тыпу кардону) і сінт. падэшвенныя матэрыялы; класіфікуюць таксама паводле прызначэння (абутковыя, адзежныя, галантарэйныя, дэкаратыўна-гаспадарчыя, тэхн. і інш.).

Мяккія С.ш. — пераважна мнагаслойныя рулонныя матэрыялы, якія маюць валакністую аснову (тканіна, трыкатаж, нятканыя матэрыялы і інш.) з нанесеным на яе палімерным (каўчукавым, поліамідным, полівінілхларыдным, нітрацэлюлозным і інш.) ці сумешчаным (з сумесі асобных палімераў) пакрыццём У абутковай прам-сці для вырабу верху абутку шырока выкарыстоўваюць сінтэтычную скуру — С.ш. на нятканай аснове з порыстым вонкавым поліэфірурэтанавым пакрыццём, якая знешнім выглядам і ўласцівасцямі падобная на мяккую вырабленую скуру. Мяккія С.ш. выкарыстоўваюць таксама ў швейнай, скургалантарэйнай, паліграф. прам-сці. Цвёрдыя С.ш. — адна- ці мнагаслойныя ліставыя матэрыялы, якія вырабляюць праклейваннем суспензіі скураных і раслінных валокнаў (размолатыя адходы гарбарнай, абутковай, швейнай вытв-сці, утылю) пераважна латэксамі сінтэтычнымі з наступнай апрацоўкай паводле тэхналогіі, блізкай да тэхналогіі вытв-сці паперы і кардону. Моцныя, устойлівыя да сцірання, захоўваюць фіз.-мех. ўласцівасці ў намочаным стане. Выкарыстоўваюць для вырабу ўнутр. (вусцілкі, заднікі) дэталей абутку, дарожных сумак і чамаданаў. Сінтэтычныя падэшвенныя матэрыялы выкарыстоўваюць для вырабу падэшваў, падноскаў, абцасаў, набоек. Да іх адносяць падэшвенную гуму — фармаваныя і штампаваныя дэталі і пласціны порыстыя (гл. Сітаватая гума) і маналітныя, а таксама фармаваныя дэталі з пенаполіурэтанаў і падэшвы з тэрмапластаў і тэрмаэластапластаў. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.

т. 14, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)