ГО́РКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р. Волга, у Ніжагародскай, Іванаўскай, Кастрамской і Яраслаўскай абласцях Расіі. Утворана плацінай Горкаўскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 1590 км², аб’ём 8,71 км³, даўж. 427 км, найб. шыр. 14 км, глыб. да 22 м. Буйныя залівы па далінах рэк Кастрама, Унжа, Немда і інш. На берагах Горкаўскага вадасховішча гарады Кастрама, Плёс, Кінешма, Юр’евец.
т. 5, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЧНЫЯ АСТРАВЫ́ (Ionioi nēsoi),
у Іанічным м., каля зах. берагоў Балканскага п-ва. Тэр. Грэцыі. Пл. больш за 2,3 тыс. км². Вылучаюцца буйныя астравы: Кефалінія, Керкіра, Закінтас, Лефкас. Складзены пераважна з вапнякоў. Карст. Пагоркі і нізкагор’е, выш. да 1628 м (на в-ве Кефалінія). У далінах земляробства (вінаграднікі, плантацыі цытрусавых, аліўкавыя гаі). Прыморскія кліматычныя курорты. Асн. гарады: Керкіра, Аргастоліян.
т. 7, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,
гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СТРЫЯ (Istria),
паўвостраў паміж зал. Трыесцкім і Рыекскім Адрыятычнага м., у Харватыі, Славеніі і Італіі. Выступае ў мора амаль на 100 км. Пл. 3,7 тыс. км². Вапняковае пакатае плато ўздымаецца з ПдЗ на ПнУ. Выш. 100—600 м, найб. — 1396 м (г. Учка). Развіты карст. Клімат міжземнаморскі. Бедная міжземнаморская расліннасць (травы, шыбляк). Буйныя гарады: Трыест (Італія), Пула (Харватыя).
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТА (Meta),
рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАУ́ДЫ (лац. Bagaudae),
удзельнікі антырым. руху ў Галіі і паўн. Іспаніі ў 3—5 ст. Асн. масу багаудаў складалі збяднелыя сяляне, дробныя рамеснікі, калоны, збеглыя рабы. Выступленні багаудаў пачаліся ў 283—285 (або 269—270). Атрады багаудаў нападалі на вілы буйных землеўладальнікаў і слаба абароненыя гарады. Правадыры багаудаў Аманд і Эліян былі абвешчаны імператарамі. Рух багаудаў падаўляўся рым., потым вестгоцкімі палкаводцамі.
т. 2, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУ́Р (Adour),
рака на ПдЗ Францыі. Даўж. 335 км, пл. бас. 22 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. раёне Пірэнеяў, перасякае плато Арманьяк і Гаронскую ніз., упадае ў Біскайскі зал.
Разводдзе і паводкі вясной і восенню ад раставання снягоў і ліўняў у Пірэнеях. Сярэдні расход вады 360 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Адуры гарады Баёна, Тарб.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІГО́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ 1209—29,
крыжовыя паходы, арганізаваныя папствам на Пд Францыі (вобл. Лангедок) супраць альбігойцаў. Армія крыжаносцаў складалася з паўн.-франц., часткова ням. рыцарства, яе ўзначальваў граф Сімон дэ Манфор. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне альбігойцаў, многія іх гарады захоплены, а насельніцтва знішчана. У канцы Альбігойскіх войнаў да крыжаносцаў далучыўся са сваім войскам франц. кароль Людовік VIII, што давяршыла разгром альбігойцаў.
т. 1, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛГАГРА́ДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р. Волга, у Валгаградскай і Саратаўскай абласцях Расійскай Федэрацыі. Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1958—61. Пл. 3117 км², аб’ём 31,5 км³, даўж. 540 км, макс. шыр. 17 км, глыб. да 40 м. Буйны заліў па даліне р. Еруслан. Суднаходства. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння, у мэтах адпачынку. На берагах Валгаградскага вадасховішча гарады Волжскі, Камышын, Саратаў.
т. 3, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТА (Warta),
рака ў Польшчы, правы прыток р. Одра. Даўж. 808 км, пл. бас. 53,7 тыс. км². Пачынаецца з Малапольскага ўзвышша, перасякае Кракаўска-Чанстахоўскае ўзвышша, цячэ па Велікапольскай нізіне. Паводкі вясной і ўвосень. Сярэдні расход вады 215 м³/с. Суднаходная (ад Познані) з дапамогай шлюзаў. Злучана з Віслай прытокам Ноцец і Быдгашчцкім каналам. На Варце гарады Чанстахова, Познань, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)