помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,
парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.
Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,
гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.Уілсанам і В.Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́РНЯ,
вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 для энергет. мэт (працавала ГЭС Паперня). Пл. 1,8 км², даўж. 4,2 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 3,1 м, аб’ём вады 2 млн.м³, даўж. берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),
сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.
Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЕРС, Селарс (Sellars) Рой Вуд (9.7.1880, г. Эгмандвіл, Канада — 5.9.1973), амерыканскі філосаф, адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Праф. Мічыганскага ун-та (1905—50). Распрацаваў тэорыю ўзроўняў стварэння прыроды, паводле якой з’яўленне якасна новага звязана з пераходам з ніжэйшага на больш высокі ўзровень развіцця. У этыцы адстойваў канкрэтна-гіст. і сацыяльна абумоўлены характар маральных ацэнак і духоўных каштоўнасцей. Палемізаваў з ідэаліст.філас. кірункамі, крытыкаваў тэорыю псіхафізіял. дуалізму, тэалогію і рэліг. догматы. Гал. творы: «Крытычны рэалізм» (1916), «Эвалюцыйны натуралізм» (1922), «Прынцыпы і праблемы філасофіі» (1926), «Філасофія фізічнага рэалізму» (1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ,
захады банкаў і фірмаў, разлічаныя на атрыманне прыбытку ад змены курсу валют на валютных рынках. Ажыццяўляецца пэўнымі валютнымі аперацыямі ці наўмысным устрыманнем ад іх. Прасцейшая форма валютнай спекуляцыі — валютны арбітраж: валюта адной краіны па нізкім курсе купляецца за валюту другой краіны і рэалізуецца там, дзе курс гэтай валюты больш высокі; атрыманы барыш і ёсць спекуляцыйны даход. Валютная спекуляцыя можа прымаць і больш складаныя формы — маніпуляцыі па наўмысным зніжэнні курсу валют. Валютная спекуляцыя звязана з валютнай рызыкай, яе вынік залежыць ад правільнасці ацэнкі перспектыў вагання валютнага курсу. Мерапрыемствы па стрымліванні валютнай спекуляцыі звычайна ажыццяўляюць цэнтр. (нац.) банкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛД, Фелд,
назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНЕЎ (Мікола) (Мікалай Пятровіч; н. 25.10.1929, в. Старая Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. У 1957—89 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1954. Аўтар кніг прозы «За бацькоўскім парогам» (1960), «Цяжкае шчасце» (1963), «Заручыны» (1972), «Што скажуць людзі» (1975), «Крок да тайны» (1983). У нарысах, апавяданнях, аповесцях раскрывае жыццё людзей сучаснай вёскі, уздымае вострыя маральна-этычныя пытанні, паказвае пошук моладдзю свайго месца ў жыцці. Выдаў дакумент. аповесці «Высокі поўдзень» (1974), «Зоркаўкі» (1975), зб. гумарыстычных апавяданняў «Клін клінам» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.