ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.​А.​Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.​Д.​Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.​П.​Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.​Н.​Багатыроў, С.​П.​Панасюк, Г.​І.​Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.​Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР III Фёдаравіч

(сапр. Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),

расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.​І.​Глебаў, М.​І.​Варанцоў, Дз.​В.​Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаў расколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.

Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.​Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.​Пуркіне, ням. ўрач В.​Гіс, англ. вучоныя А.​Кіс і М.​Флэк; у Расіі — І.​М.​Сечанаў, І.​Ф.​Цыён, А.​Б.​Фохт, І.​П.​Паўлаў, В.​Я.​Данілеўскі, Л.​А.​Арбелі, К.​М.​Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.

На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.​І.​Сідарэнка, У.​В.​Гарбачоў, М.​Ф.​Волкаў, Я.​Б.​Бардзін, А.​Г.​Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ, Акадэмія мастацтваў у Пецярбургу,

вышэйшая ўстанова ў галіне пластычных мастацтваў і архітэктуры ў 1757—1918. Засн. паводле праекта І.​І.​Шувалава (першы гал. дырэктар да 1763) як «Акадэмія трох найзнатнейшых мастацтваў» (жывапіс, дойлідства і скульптура). З 1764 Імператарская АМ. Была цэнтрам прафес. маст. адукацыі, навукова-творчым цэнтрам Расіі, рэгламентавала маст. жыццё. У сярэдзіне 19 ст. стала апорай кансерватызму, што абумовіла выхад з акадэміі шэрагу прагрэс. мастакоў (т. зв. бунт чатырнаццаці, гл. Пецярбургская арцель мастакоў, Перасоўнікі). У 1893 у П.А.м. праведзена рэформа, у склад яе прафесараў увайшлі буйнейшыя мастакі-рэалісты А.​Куінджы, У.​Макоўскі, І.​Рэпін, І.​Шышкін і інш. Прэзідэнты акадэміі: І.​І.​Бецкі (1764—94), А.​І.​Мусін-Пушкін (1795—97), Г.​А.​Шуазёль-Гуф’е (1797—1800), А.​С.​Строганаў (1800—11), А.​Аленін (1817—43), М.​Лейхтэнбергскі (1843—52), вял. кн. Марыя Мікалаеўна (1852—76), вял. кн. Уладзімір Аляксандравіч (1876—1909), вял. кн. Марыя Паўлаўна (1909—17). Пасля скасавання заменена інш. навуч. ўстановамі.

У розны час у акадэміі вучыліся бел. мастакі Л.​Альпяровіч, І.​Аскназій, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, В.​Волкаў, А. і І. Гараўскія, Т.​Гарэцкі, Ф.​Дмахоўскі, С.​Заранка, А.​Каменскі, К.​Карсалін, Я.​Кругер, К.​Кукевіч, Я.​Манюшка, Э.​Паўловіч, Л.​Пігулеўскі, Ю.​Пэн, Б.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, К.​Стаброўскі, браты І., Я. і А. Хруцкія і інш. Членам Імператарскай АМ быў І.​Аляшкевіч.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.​Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.​Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.​Давідовіча, А.​Кроля, Х.​Ліўшыца, Я.​Ціхановіча, графіка Э.​Агуновіча, М.​Басалыгі, А.​Кашкурэвіча, Г.​Паплаўскага, Л.​Рана, В.​Шаранговіча, скульптура У.​Летуна, С.​Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.​Броўка, К.​Камейша, Г.​Каржанеўская, Г.​Пашкоў, Я.​Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.​Масэнка, мастакі А.​Волкаў, А.​Кашкурэвіч, Ю.​Пучынскі, Я.​Ціхановіч, А.​Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.

Літ.:

Ляўкі: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік. Мн., 1981.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі». Дача Я.​Купалы.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі».

т. 9, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ.

Існаваў у 1965—70 у Бабруйску. Створаны на базе Бабруйскага муз.-драм. тэатра. Меў муз. і драм. трупу, аркестр. У аснове рэпертуару аперэты класічныя і сав. кампазітараў, муз. камедыі, драм. спектаклі. Пасля расфарміравання тэатра большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. З тэатрам звязана дзейнасць засл. артыстаў Беларусі А.​Аркадзьева, Дз.​Івановай, Н.​Калаптур, Г.​Лаўрова, К.​Лосева, П.​Масцерава, В.​Фаменкі, Л.​Федчанка, В.​Шаўкалюка, засл. артысткі Расіі Н.​Равінскай, а таксама Р.​Курлыковай, А.​Прыходзькі і інш. Рэжысёры: нар. артыст Тадж. ССР Л.​Іцкоў, засл. артыст Каз. ССР У.​Ажарэльеў, У.​Амельчанка, Б.​Заўгародні; дырыжоры: В.​Віткоўскі, М.​Лапцеў, В.​Ражкоўскі, У.​Шастапалаў; мастак І.​Чумакоў; балетмайстары: Я.​Шваро, Ю.​Волкаў; хормайстар Г.​Палянкова.

Сярод муз. пастановак: «Каламбіна» А.​Рабава, «Рамэо — мой сусед» Р.​Гаджыева (1965), «Лятучая мыш» І.​Штрауса, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава (1966), «На світанні» А.​Сандлера, «Нядзеля ў Рыме» Г.​Крамера, «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.​Мурадэлі (1967), «Чорны дракон» Д.​Мадуньё, «Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара (1968), «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі, «Баядэра» Кальмана, «Халопка» М.​Стрэльнікава (1969); з драм. спектакляў «Позняе каханне» А.​Астроўскага (1965), «Так і будзе» К.​Сіманава (1966), «Прызнаю сябе вінаватым» А.​Мітрафанава (1968).

Л.​В.​Доўнар-Запольская.

Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Сцэна са спектакля «На світанні».

т. 9, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ТЭА́ТР,

старэйшы рускі драм. т-р у Маскве. Трупа фарміравалася з 1750-х г. пры Маскоўскім ун-це; з яе ў 1776 утвораны т-р, з 1780 наз. Пятроўскім, з 1824 — М.т., з 1919 акадэмічны. У М.т. складалася школа рэаліст. акцёрскага мастацтва, звязаная з пастаноўкай п’ес А.​Грыбаедава, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, твораў зах.-еўрап. класікі (У.​Шэкспір, Ф.​Шылер, Лопэ дэ Вэга). Заснавальнікі гэтай школы зацвердзілі жыццёвы рэалізм (В., П. і М.​Садоўскія, М.​Шчэпкін) і рамантызм (П.​Мачалаў, М.​Ярмолава). Сярод буйнейшых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. С.​Васільеў, А.​Ленскі, Г.​Фядотава, А.​Южын. У 1920-я г. т-р ставіў п’есы М.​Горкага, Л.​Лявонава, Б.​Рамашова, К.​Транёва, пры захаванні традыцый і прыярытэту акцёра; пазней у рэпертуар шырока ўключаліся творы М.​Лермантава, А.​Сухаво-Кабыліна, Л.​Талстога, В.​Гюго і інш., а таксама С.​Алёшына, А.​Карнейчука, В.​Розава, А.​Сафронава, К.​Сіманава і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі: рэжысёры П.​Васільеў, Л.​Волкаў, А.​Дзікі, К.​Зубаў, І.​Судакоў, Б.​Равенскіх, К.​Хахлоў, Л.​Хейфіц; акцёры М.​Аненкаў, А.​Астужаў, Б.​Бабачкін, М.​Блюменталь-Тамарына, Э.​Быстрыцкая, А.​Гогалева, М.​Жараў, Дз.​Зяркалава, І.​Ільінскі, П.​Канстанцінаў, М.​Клімаў, В.​Коршунаў, С.​Кузняцоў, В.​Масаліцінава, Р.​Ніфантава, В.​Пашэнная, М.​Рыжоў, В.​Рыжова, П.​Садоўскі, Я.​Самойлаў, Е.​Турчанінава, С.​Фадзеева, М.​Цароў, А.​Шатрова, А.​Яблачкіна і інш. З 1988 маст. кіраўнік Ю.​Саломін. З 1918 пры М.т. працуе тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна.

Літ.:

Зограф Н.Г. Малый театр в конце XIX — начале XX в. М., 1966.

Будынак Малога тэатра ў Маскве.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМ (ад франц. grimer падмалёўваць твар),

мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад маст. асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.

Гісторыя грыму ў т-ры ўзыходзіць да стараж. нар. абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Нар. акцёры сярэдневякоўя (скамарохі, жанглёры і інш.) размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У 15—16 ст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Т-р класіцызму (17—18 ст.) стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рус. т-ры 19 ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыма-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.

У бел. т-ры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні грыму (Г.​Глебаў, Б.​Платонаў, С.​Бірыла, У.​Крыловіч, П.​Малчанаў, А.​Кістаў, А.​Ільінскі). Значны ўклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі бел. мастакі-грымёры С.​Школьнікаў, Р.​Волкаў, А.​Буднік, В.​Навіцкая, С.​Пінхасік, В.​Міронава, Л.​Звездачотава і інш. У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе карпатлівай работы грымёра-мастака. У бел. кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р.​Храпуцкі, У.​Дзяменцьеў, У.​Белавусаў, А.​Чартовіч і інш. У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.

Літ.:

Школьников С.П. Искусство грима. Мн., 1963.

Да арт. Грым. Б.​В.​Платонаў (злева). Ён жа ў ролі Эзопа ў спектаклі «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду. 1957. Грым Платонава пры ўдзеле А.​Тонкага.
Да арт. Грым. Г.​П.​Глебаў (злева). Ён жа ў ролі Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. 1939. Грым Глебава пры ўдзеле Р.​Волкава.
Да арт. Грым. У.​М.​Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б.​Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)